Бацькі Гомельшчыны б’юць трывогу, што падлеткі наглядзеліся серыял “Слова пацана” і пачынаюць кідацца выразамі са стужкі. А яшчэ нядаўна (у лютым – сакавіку) у Беларусі выбухнуў рух моладзевай субкультуры ЧВК “Р’ёдан”, якая рабіла стаўку на гвалт. Мода на “Р’ёдан” праіснавала некалькі тыдняў і знікла. Цяпер у моладзі ўзнікла новае захапленне — серыял “Слова пацана”, дзе таксама стаўка робіцца на гвалт. У абодвух выпадках сутыкаемся з прадуктам, які прыйшоў з Расеі. “Як ні банальна гэта гучыць, але мы прыйдзем да пытання мовы. Руская мова ў Беларусі — гэта асноўная мова (а не проста мова камунікацыі з замежнікамі, якія таксама валодаюць рускай мовай), яна ўплывае на свядомасць. І праз гэты рускамоўны кантэнт людзі спажываюць пэўную ідэалогію, бо вядома ж, большасць не чытае вершаў Дзмітрыя Строцава, напрыклад, ці Ірыны Еўсы, а спажывае маскульт, крыніца якога ў нас адна – Расія”. — Заўважае паэтка Наста Кудасава.
“Хачу звярнуць увагу бацькоў. Таксама ўвагу РАУС! Стала заўважаць, што ў Доўску на вакзале збіраюцца кампаніі (10-15 падлеткаў), узрост дзяцей ад 13 да 17 год. Наглядзеліся серыяла “Слова пацана”. І ўжо кідаюцца выразамі з гэтага серыяла. Трэба штосьці рабіць. Можа, тлумачальная праца? Бацькам тлумачыць, што цяпер не 90-ыя”. — пакінула паведамленне ў адным з раённых чатаў карыстальніца Наталля.
Пра небяспеку ад фільма “Слова пацана” пішуць нават дзяржаўныя СМІ. Праўда, спачатку ў дзяржвыданнях не сарыентаваліся і нават пахвальвалі стужку ў падборцы фільмаў пра “моцных і рашучых мужчын”. “Сяброўства, вулічныя правілы і пошукі праўды”, — так апісвала адно гомельскае дзяржаўнае выданне фільм “Слова пацана”. Аднак ужо праз месяц тая ж газета напісала, што фільм — гэта “эвалюцыя злачыннасці“ і заклікала бацькоў кантраляваць тое, што дзеці глядзяць у інтэрнэце.
У лютым-сакавіку 2023 года ў Беларусі была папулярнай расейская субкультура ЧВК “Р’ёдан”. Штодзень пісаў, як раптоўна 26 і 27 лютага ў ЦікТоку і тэлеграме з’явіліся паблікі “Р’ёдан Гомель”. І так жа аднамомантна папулярнасць Р’ёдана сышла. Колькасць падпісчыкаў з 500+ знізілася да пару дзясяткаў чалавек.
Цяжка прагназаваць, колькі працягнецца папулярнасць серыяла. Аднак гэтую стужку абмяркоўваюць і на гомельскім дзяржаўным тэлебачанні. “Гэты серыял з’яўляецца папулярным, пра яго гавораць. Не выключэнне і нашая група. Але мы абмяркоўваем гульню актораў, падачу рэжысёра”, — гаворыць студэнт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта ў адной з праграм гомельскага ТВ.
Даведка. “Слова пацана” — фільм, зняты пры фінансавай падтрымцы расейскага Інстытута развіцця інтэрнэту. Як адзначала расейскае выданне meduza.io, “Інстытут развіцця інтэрнэту раздае мільярды рублёў на стварэнне любога “патрыятычнага” інтэрнэт-кантэнта: ад ролікаў прарасейскіх “ваенкараў” да фільмаў пра расейскую навуку”. Сярод тых, хто ўваходзіць у назіральны савет арганізацыі, — галоўны рэдактар прапагандысцкага канала Russia Today Маргарыта Сіманьян. Самае цікавае, але фільм стаў папулярным нават ва Украіне. Некаторыя публічныя дзеячы Украіны заклікаюць звярнуць увагу СБУ на небяспечную папулярнасць фільма, створанага краінай-агрэсаркай. “Хачу звярнуцца да СБУ і да ўсіх грамадзян Украіны з такой праблемай: нашыя падлеткі сімпатызуюць расейскаму серыялу краіны, якая забівае нашых падлеткаў і нас усіх”, — размясціла відэазварот у Фэйсбуку ўкраінская актрыса Ірма Вітоўская.
“Аднак беларускія бацькі не скардзяцца з той нагоды, што гэта расейскі фільм.” — Звяртае ўвагу паэтка Наста Кудасава. “Фактычна нашая краіна застаецца ў інфармацыйным полі Расеі. Хоць мы і здабылі незалежнасць у 1991 годзе, але далей гэтага не пайшлі. Памятаю, як я жыла ў Беларусі, то адчувала сябе чалавекам з іншай планеты, таму што паглядзіш на многіх людзей, яны слухаюць расейскую музыку”.
Паэтка Наста Кудасава з жалем адзначае, што беларусаў атачае расейскамоўны і расейскі кантэкст:
— Яго трэба чымсьці замяніць. Але трэба зрабіць высілкі, трэба мець сілу волі, каб адарвацца ад таго кантэксту, які цябе атачае натуральна. А менавіта расейскамоўны і расейскі па духу кантэкст натуральна атачае людзей у Беларусі. Бо ўключы тэлебачанне ў Беларусі, а там менавіта расейскія канцэрты, серыялы. Для мяне гэта нейкая дзіч незразумелая. Але калі людзі гадамі і дзесяцігоддзямі ў гэтым знаходзяцца, то яны гэта прымаюць за сваё. І каб выйсці з гэтага, то трэба зрабіць высілкі. Але чалавек створаны так, што яму прасцей быць у агульнай плыні. Таму і дзеці так растуць, як дарослыя: яны проста спажываюць тое што ім даюць.
“Штодзень”: То бок па сутнасці няма розніцы паміж “Словам пацана” і канцэртам Газманава?
Наста Кудасава: “Для мяне так. Бо гэта не нашае, чужынскае, але яно ўваходзіць у жыццё беларусаў, як сваё. Я лавіла такое часам на школьных лінейках у Беларусі, хоць і была вельмі цярплівая. Але часам стаіш на школьнай лінейцы і думаеш, а што я тут раблю, а што яны цяпер спяваюць, што за вершы распавядаюць. Чаму ўвесь кантэнт узяты з не беларускага поля. Гэта страшна, што людзі перасталі адрозніваць і разумець, што сваё, а што чужое”.
Стваральніца беларускай школы ў Батумі і беларускай прасторы “АКсяродак” Аксана Акуневіч заўважае, што ў яе школе падлеткі серыял “Слова пацана” не абмяркоўваюць:
— У нашай школе не абмяркоўваюць гэты фільм. І я вельмі здзівілася, калі пачула ад тбіліскіх беларусаў, што там дзеці абмяркоўваюць і глядзяць серыял. Тбілісі значна бліжэй да Расеі, там шмат рускага сектару ў школах. Батумі адрозніваецца, бо тут большы ўплыў мае Турцыя.
Украінская аглядальніца Лена Чычэніна разважае з нагоды папулярнасці серыяла “Слова пацана” на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:
— Колькі нашых блогераў рабілі кантэнт расейскаю, абы павялічыць аўдыторыю. І вось цяпер усе захваляваліся з нагоды гэтага “Слова пацана”. На падлеткаў выліваецца куча прэтэнзій. А “Сваты 7” хто глядзеў за некалькі месяцаў да ўварвання?
Паэтка Наста Кудасава гаворыць, што трэба ствараць цікавы кантэкт, каб адрываць паступова людзей ад расейскага кантэнту:
— Я для сябе вырашыла, што мушу пісаць вершы на беларускай мове, выдаваць кнігі. І кожны з нас можа паспрабаваць ствараць новую інфармацыйную прастору, каб змянялася свядомасць, каб гэты расейскі кантэнт стаў папросту нецікавым.