Былы жыхар Гомеля Зміцер Жалезнічэнка, які некалькі год ужо жыве ў Нідэрландах, падзяліўся сваім досведам дэкрэтнага адпачынку. Як сцвярджае сам Зміцер, яму пашанцавала і ён змог пайсці ў дэкрэт на 4,5 месяцы.
Даведка. Зміцер Жалезнічэнка – праграміст з Гомеля, які дапамагае ўкраінскім медыкам. Ён супрацоўнічаў з дабрачынным фондам Stichting Zeilen van Vrijheid з Нідэрландаў, які адпраўляе карэты хуткай дапамогі ва Украіну. Зміцер лічыцца першым “палітычным прызыўніком”. У Гомелі ён навучаўся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце, аднак за грамадскую актыўнасць яго выключылі з ВНУ, хоць ён быў выдатнікам. Пасля шэрагу судоў яго прымусова накіравалі ў войска, дзе ён адмовіўся прымаць прысягу.
Штодзень: Як атрымалася, што ты пайшоў у адпачынак па доглядзе за дзіцём?
Зміцер Жалезнічэнка: – У Нідэрландах такія працоўныя законы, што няма вялікага дэкрэта. І нават для маці пасля нараджэння дзіцяці адпачынак па доглядзе за дзіцяці — гэта ўсяго тры месяцы. Пасля гэтага перыяду вялікая колькасць людзей аддае дзіця ў сад. То бок з трох месяцаў жыцця дзеці знаходзяцца не з бацькамі, а ў нейкім садзе.
Але ў нас было не так. Мая жонка сядзіць з дзіцём значна болей. У нас нарадзілася дачка ў канцы 2020 года, калі была пандэмія. І жонка тады не працавала. І я першыя часы ёй таксама дапамагаў. Але не таму, што ў нас такое працоўнае заканадаўства, а таму што ў нас такія ўмовы ў кампаніі, дзе я працую. Паводле нашых унутраных правіл, усе супрацоўнікі ва ўсім свеце маюць права на 18 тыдняў адпачынку па доглядзе за дзіцём падчас першага года нараджэння. Адпаведна ўсе, у каго нараджаюцца дзеці, ідуць у гэты дэкрэт на амаль 4,5 месяцы. Я таксама браў гэты адпачынак. Пры гэтым захоўваецца заробак, усе бонусы, якія ёсць на працы. Ты бярэш гэты адпачынак альбо цалкам, альбо разбіваеш на два перыяды. І пасля гэтых 4,5 месяцаў вяртаешся і працягваеш працаваць.
У Нідэрландах ёсць інстытут патранатных сясцёр. Гэта калі жанчына з адпаведным досведам, навучаная, прыходзіць некалькі разоў падчас першых тыдняў і паказвае, што рабіць, як змяняць памперсы, як карміць, як купаць
І гэта права маеш незалежна ад таго, працуе жонка паралельна ці знаходзіцца ў дэкрэце?
– Я як супрацоўнік кампаніі маю такое права. Але трэба сказаць, што гэта даволі рэдка так бывае. Мне ў гэтым плане значна пашанцавала, што ў нас ёсць такі бонус. У Нідэрландах нядаўна партнёрам давалі ўсяго некалькі дзён адпачынку, цяпер трошкі болей. Не памятаю дакладна, колькі. Але ў маім выпадку пашанцавала, што можна было пайсці ў такі доўгі адпачынак з захаваннем заробку. Не клапаціцца пра працу, пра грошы, а быць з сям’ёй, з дзіцём падчас першых месяцаў пасля нараджэння.
Што рабіў падчас дэкрэту?
– Працы шмат было, канешне. У Нідэрландах ёсць інстытут патранатных сясцёр. Гэта калі жанчына з адпаведным досведам, навучаная, прыходзіць некалькі разоў падчас першых тыдняў і паказвае, што рабіць, як змяняць памперсы, як карміць, як купаць. Мы з жонкай натуральна ад яе вучыліся гэтаму ўсяму, бо гэта нашае першае дзіця. У нас не было такога досведу. А потым мы самі ўжо давалі рады. Мы жывем у эміграцыі, у нас няма магчымасці, каб часта прыязджалі бабулі з дзядулямі, таму мусім разлічваць пераважна толькі на сябе. А з дзіцём заўжды ёсць, чым сябе заняць: пакарміць, вывесці на вуліцу — такія ўсе прыемныя бацькоўскія забавы.
Падчас прапагандысцкага шоу на дзяржаўным тэлеканале СТВ «Да!Но..» член Моладзевага парламента Павал Латковіч заявіў, што калі мужчына ідзе ў адпачынак па доглядзе за дзіцём, то ён можа “абабіцца” і праз 20-30 гадоў надзець спадніцу. Што думаеш наконт гэтага?
– Думаю, што цяпер такі час, што змяняюцца гендарныя ролі, у тым ліку. І няма нічога кепскага, калі жанчына хоча будаваць кар’еру і займацца болей сваёй працай, а мужчына будзе сядзець з дзіцём. Калі абодва бацькі на гэта згодныя. Усе людзі розныя і няправільна лічыць што ў свеце ўсе жывуць па тых архаічных правілах, якім калісьці навучыліся.
Для цябе асабіста дэкрэт быў чым? Можа пераасэнсаваў нешта?
– Натуральна, калі болей часу праводзіць з дзіцём, то ў вас фармуюцца, думаю, найлепшыя, больш глыбокія стасункі, якія застануцца на ўсё жыццё. Таму што ў Нідэрландах такая даволі жорсткая сістэма, калі даводзіцца дзіцяці вельмі рана аддаваць у сад, бачыш яго зусім мала часу зранку і ўвечары. Потым пасля сада дзіця кладзецца спаць. Па выніку дзіця жыве само па сабе, а бацькі самі па сабе. Мне падаецца, што шмат для якіх дзяцей гэта не вельмі добра.
Цяпер такі час, што змяняюцца гендарныя ролі
На шчасце, у нас ёсць магчымасць, каб жонка болей праводзіла часу з дзіцем, каб яна яе развівала, каб яны проста разам бавілі час. Цяпер я працую, але для мяне заўсёды гэта радасць, каб прыйсці і пэўны час правесці з дачкой, увечары ці на выходных. Але ўсё гэта, у тым ліку, закладалася ў першыя месяцы жыцця дзіцяці.