Навіны горада

Дыскрымінацыя беларускай мовы: вынікі даследавання ў чатырох моўных версіях

Аўтарка кнігі “Мова 404” Аліна Нагорная прадставіла вынікі даследавання “Даступнасць і дыскрымінацыя беларускай мовы ў Беларусі” на рускай і англійскай мовах. Раней гэтыя вынікі былі апублікаваныя па беларуску, ёсць таксама версія на нямецкай мове

Мова Гомель прапануе прыглядзецца да некаторых лічбаў і фактаў.

Аліна Нагорная, фота з яе фэйсбука

Падчас даследавання былі апытаныя 482 чалавека ва ўзросце ад 15 да 72 год, якія карыстаюцца беларускай мовай у Беларусі. У фокусе апытання была даступнасць адукацыі, інфармацыі і абслугоўвання на беларускай мове. Даследаванне ўключае не толькі статыстыку, але кароткія расповеды людзей з іх асабістага досведу.

Напэўна, кожны з нас ведае, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь вызначае дзяржаўнымі мовамі дзве мовы: беларускую і рускую. Праўда, быў кароткі перыяд з 1990 па 1995 гады, калі беларуская мова была адзінай дзяржаўнай. І калі з аднаго боку заканадаўства надае роўны статус беларускай і рускай мовам, на практыцы мы маем збольшага рускамоўнае асяроддзе ва ўсіх сферах, у тым ліку ў адукацыі, у крамах, у дзяржаўных установах і так далей.

Па-беларуску немагчыма атрымаць адукацыю, аформіць картку ў банку, запісацца да лекара, скласці дамову, набыць прадукты, прачытаць важную тэхнічную інфармацыю. Калі ў звычайнай побытавай сітуацыі чалавек звяртаецца на беларускай мове да прадаўца ў краме, менеджара ў банку, служачага ў дзяржаўнай арганізацыі ці проста да мінака, у большасці выпадкаў суразмоўца перадусім адрэагуе не на змест сказанага, а на факт ужывання беларускай мовы. Рэакцыя можа быць як пазітыўная, так і негатыўная, – піша Аліна Нагорная ва ўступным слове.

 Сярод анкетаваных 77,8% адказалі, што сутыкаюцца з перашкодамі пры выкарыстанні беларускай мовы!


АДУКАЦЫЯ І БЕЛАРУСКАЯ МОВА

Дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў. Аднак мову вызначае заснавальнік установы з улікам меркавання бацькоў, што і так не дае гарантыі таго, што, да прыкладу, у школе будзе беларускамоўны клас, бо ўсё ў канчатковым выніку залежыць ад рашэння мясцовых уладаў. Удзельнікі даследавання ў пераважнай большасці (95%) хацелі б, каб іх дзеці атрымлівалі адукацыю на беларускай мове.

 

Вельмі красамоўнай выглядае статыстыка па розных установах адукацыі. Так, калі казаць пра дашкольныя дзіцячыя ўстановы, то калі ў 1987-1988 навучальным годзе па-беларуску ў садках выхоўваліся 19,3% дзетак, то па дадзеных на 2020-2021 ужо толькі 9%.

Калі глянуць на школьнае навучанне, то ў сярэднім кожны год колькасць вучняў, якія навучаюцца па-беларуску, скарачаецца на 1%. Пры гэтым пікавым быў 1998-1999 навучальны год, калі па-беларуску ў школах навучаліся 30,5 працэнтаў дзяцей. Па стане на 2020-2021 год ужо толькі 10,2 працэнта.

У вышэйшай адукацыі зусім усё кепска:

2005-2006 – 1,9% студэнтаў навучаліся па-беларуску;

2020-2021 – 0,08%.

 

ІНФАРМАЦЫЯ І БЕЛАРУСКАЯ МОВА

У гэтым раздзеле даследавання гаворыцца аб прысутнасці беларускай мовы ў сродках масавай інфармацыі, інтэрнэце, на ўказальніках і шыльдах, у крамах на этыкетках тавараў, транспарце і так далей, а нават у меню.

Расповед адной з удзельніц даследавання Таццяны:

– Мы шпацыравалі ўздоўж вадасховішча Дразды і зайшлі выпіць кавы. Я папрасіла кавы і мне прынеслі “Каву” – іспанскае ігрыстае віно.

Гэты прыклад, што праўда, выклікае сумную ўсмешку, аднак сведчыць пра тое, што ў крамах, кавярнях, аптэках і так далей беларускую мову не заўсёды разумеюць, хоць, можа часта і робяць выгляд, што не разумеюць, маўляў “разговаривайте на нормальном языке”. Пра магчымасць атрымаць інфармацыю пра тавар у крамах і аптэках на беларускай мове адказалі станоўча толькі 4,4% апытаных.

Аліна Нагорная прыводзіць яшчэ такі прыклад: у 2011 годзе ўсяго на каналах нацыянальнага тэлебачання перадачы вяліся па-беларуску 626 гадзін (4% эфіру), па-руску – 14 882 гадзін (96% эфіру). На дадзены момант у Беларусі не існуе ніводнага цалкам беларускамоўнага тэлеканала!

Удзельнік даследавання Сяргей:

Аднойчы, ідучы на чыгунку, вырашыў, што буду гаварыць па-беларуску пры замове квіткоў. Было гэта ў маім родным Мазыры, на чыгуначнай станцыі “Козенкі”. Прыйшоў ды й кажу, што хачу купіць квіткі. Спачатку жанчына спрабавала нават адказваць мне на беларускай, але потым чамусьці вырашыла, што я паляк і пачала адказваць на англійскай. Было вельмі смешна, але разам з тым і крыўдна.

Застаецца дадаць, што паводле афіцыйнай статыстыкі, літаратура на беларускай мове займае 11,4% у агульнай колькасці адзінак выдавецкай прадукцыі і 17,1% у яе сукупным накладзе.

 

АБСЛУГОЎВАННЕ ВА ЎСТАНОВАХ І БЕЛАРУСКАЯ МОВА

Лякарні, кавярні, банкі, цырульні, крамы, дзяржаўныя ўстановы… Беларускай мовы ў абслугоўванні катастрафічна не хапае.

Распавядае ўдзельнік даследавання Андрэй:

Калі я атрымліваў пашпарт, захацеў, каб уся інфармацыя і пазнакі ў ім былі па-беларуску. Але мне не хацелі запісваць па-беларуску прапіску. Хвілін, напэўна, дзесяць мы там змагаліся. Яны казалі, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы і я не магу выбіраць, на якой мове мне пазнакі рабіць, бо “мы ўсім пішам па-руску”. Там быў дзіўны аргумент: “Мы не можам запісаць па-беларуску, бо рускія нашы браты”. Гэтую спрэчку скончылі таксама даволі парадаксальна, я сказаў: “У маёй жонкі брат жыве ў Германіі, давайце пісаць па-нямецку”. У выніку яны напісалі па-беларуску.

Дарэчы, заканадаўства ўстанаўлівае, што дзяржаўныя служачыя павінны валодаць беларускай і рускай мовамі ў памеры, неабходным для выканання іх працоўных абавязкаў. “Разам з тым, сыходзячы з сённяшняй практыкі ў Беларусі, работнікі органаў дзяржаўнага кіравання і дзяржаўных арганізацый лічаць, што кожны, хто да іх звяртаецца, абавязаны ведаць абедзве дзяржаўныя мовы”, – піша Аліна Нагорная.

Пазнаёміцца поўнасцю з даследаваннем “Даступнасць і дыскрымінацыя беларускай мовы ў Беларусі” можна тут.

Раней Аліна Нагорная напісала кнігу “Мова 404”, у якую ўвайшлі каля сотні гісторый пра моўную дыскрымінацыю. Гэтая кніга была агучаная беларусамі і беларускамі, таму яе можна паслухаць.

Таксама Аліна Нагорная з’яўляецца аўтаркай дапаможніка “Абаронім мову”, які яна выпусціла разам з юрыстам, моўным актывістам Ігарам Случакам.

P.S.: Беларуская мова ўключана ЮНЕСКА ў спіс моў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення (статус: vulnerable, “уразлівы”).

Штодзень

Фота: скрыншоты з даследавання Аліны Нагорнай.