Пра несправядлівы вырак Tor Band напісалі ў The Washington Post

by ZB

Суддзя Салоўскі і яго несправядлівы прысуд у дачыненні да музыкаў Tor Band узгадваецца ў рэдакцыйнай калонцы ўплывовага выдання The Washington Post. У артыкуле “Іх пасадзілі за краты ў Беларусі толькі за тое, што яны спявалі песні” распавядаецца пра папулярнасць групы на фоне рэкордных пратэстаў у 2020 годзе. І асобна ўзгадваецца роля ў пераследзе музыкаў суддзі Сяргея Салоўскага.

У 2020 годзе, калі большасць прагаласавала за Святлану Ціханоўскую і яе абяцанне дэмакратыі, вуліцы былі напоўнены музыкай Tor Band, тэксты якой перадавалі дух дня, пішуць амерыканскія калегі. Калі пераможца выбараў Ціханоўская была вымушана з’ехаць у выгнанне, а выбары скраў дыктатар Аляксандр Лукашэнка, сотні тысяч пратэставалі на вуліцах — зноў жа пад гукі Tor Band. Многіх затрымлівалі, збівалі і кідалі ў турму. У тыя тыдні пратэсту гурт Tor Band спяваў гімн супраціву «Мы не быдла».

Рэжым Лукашэнкі затрымаў удзельнікаў гурта і іх жонак 28 кастрычніка 2022 года. Затым у студзені групу абвінавацілі ў экстрэмізме і забаранілі. У верасні іх пачалі судзіць.

Скрыншот з кліпа Tor Band

31 кастрычніка суддзя Гомельскага абласнога суда Сяргей Салоўскі асудзіў усіх трох удзельнікаў гурта на тэрмін да дзевяці гадоў пазбаўлення волі паводле чатырох артыкулаў: распальванне варожасці, стварэнне экстрэмісцкай групоўкі, дыскрэдытацыя Беларусі і абраза прэзідэнта. Абвінавачванні, якія ўрад спадара Лукашэнкі выставіў супраць тысяч людзей, якія пратэставалі супраць яго нахабнага крадзяжу выбараў 2020 года. Лідар гурта Дзмітрый Галавач асуджаны на 9 гадоў пазбаўлення волі, Яўген Бурло — на 8 гадоў, Андрэй Ярэмчык — на 7,5 гадоў. Падчас вынясення прысуду ў адкрытым судовым пасяджэнні спадар Бурло, у якога кепскі стан здароўя і патрэбная аперацыя на сцягне, быў на мыліцах і не мог нават устаць. Сваякі плакалі, адзін страціў прытомнасць.

Група не здзейсніла ніякага сапраўднага злачынства — яны проста адлюстравалі хвалю папулярных настрояў непрыняцця аўтарытарнага кіравання спадара Лукашэнкі. Ён здушыў апазіцыю, арыштоўваючы журналістаў, праваабаронцаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, блогераў і дзеячаў культуры. Паводле ацэнак праваабаронцаў, за кратамі за пратэсты знаходзяцца 150 дзеячаў культуры…

Старшыня швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыі Libereco Ларс Бюнгер нядаўна паведаміў, што 20 праваабарончых арганізацый з 10 краін падпісалі ліст з «папярэджаннем». Гэты зварот быў накіраваны 413 беларускім суддзям. У размове з Еўрарадыё ён дадаў: «Я лічу, што ўсе суддзі, усе пракуроры, усе супрацоўнікі турмы, міліцыя і КДБ павінны ведаць: мы ведаем пра іх злачынствы. Яны павінны разумець: многія праваабарончыя арганізацыі зараз збіраюць доказы іх злачынстваў. І прыйдзе дзень, калі дыктатура падзе і Беларусь стане дэмакратычнай краінай. І тады ўсе вінаватыя ў арыштах і катаваннях невінаватых людзей будуць прыцягнуты да адказнасці».

Штодзень

 

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png