Лагапед Іна Кулей: “Зваротаў ад беларускамоўных сем’яў стала болей”

by homieldays

Іна Кулей — лагапед, якая працуе з беларускамоўнымі дзецьмі. Нядаўна яна адкрыла свой лагапедычны кабінет у Варшаве. Ейны прафесійны стаж як лагапеда — больш за 30 год. “Штодзень” паразмаўляў з Інай Кулей пра тое, на якой мове мусіць размаўляць лагапед з беларускамоўнымі дзецьмі. Ці сустракалася яна з выпадкамі, калі беларускамоўным дзецям лагапеды ставілі дыягназ “затрымка псіхічнага развіцця”. І ці пабольшала беларускамоўных дзяцей?

Фота: старонка Іны Кулей у Фэйсбуку

 

Ці ёсць для лагапеда розніца, на якой мове размаўляе дзіця: па-руску ці па-беларуску? Памятаю, калі я з сынам прыйшла да лагапеда на планавую праверку перад школай і я сказала, што ў нас беларускамоўная сям’я, то лагапед з паліклінікі на гэта спытала: “Ну, па-руску ён, спадзяюся, разумее”. І прапанавала дзіцяці паўтараць за ёй рускія словы.

Іна Кулей: Канешне, лагапеду важна, размаўляе дзіця па-руску ці па-беларуску, таму што лагапедычная праца — гэта не толькі праца пастаноўкі гуку, як гэта прынята лічыць большасцю людзей. Па-першае, гукі адрознівацца па вымаўленні ў беларускай і рускай мовах. А па-другое, лагапед працуе над усімі момантамі мовы: не толькі трэба правільна вымаўляць гукі, але важна, каб сказы былі паўнавартасныя, каб можна было пераказваць тэксты, якія прапануюць, каб быў вялікі і багаты слоўнікавы запас. І гэта такія рэчы, на якія звяртаецца ўвага. Таму, канешне, залежыць, на якой мове гаворыць дзіця. І  лагапед мусіць ведаць гэтую мову. І дзіцёнак, калі гаворыць на адной з гэтых моў, мусіць адпавядаць прыблізна таму ўзросту маўлення, які ёсць.

То бок калі прыходзіць беларускамоўнае дзіця да лагапеда (напрыклад, пры планавай праверцы перад школай) і бацькі папярэджваюць, што сям’я беларускамоўная, то лагапед мусіць правяраць па-беларуску. А не  прапаноўваць дзіцяці словы па-руску казаць?

Іна Кулей: Безумоўна. Абсалютна, таму што, яшчэ раз паўтараюся, гэта не толькі вымаўленне гукаў, якое таксама ў некаторых момантах адрозніваецца. Напрыклад, гук [ч], які ў беларускай мове заўжды цвёрды. Альбо гук [р], які ў беларускай мове заўсёды толькі цвёрды. А ў рускім варыянце ёсць і [ч’] і [р’] мяккія. А па-другое, гэта абсалютна іншыя назвы прадметаў, назвы выяў, якія дзіцёнак проста можа не ведаць. Дзіця можа і не разумець, што яму гавораць і з чым звяртаюцца.

Практыкаванні гімнастыкі ў блогу Іны Кулей “lagaped_pa_belarusku” ў Фэйсбуку

 

У адным з артыкулаў сустрэлася меркаванне, што ў Беларусі многія лагапеды і  дэфектолагі адмаўляюць існаванне беларускамоўных дзяцей. Наколькі Вы згодныя з такім выказваннем?

Іна Кулей: Я б так не ставіла пытанне, што адмаўляюць наяўнасць такіх дзяцей. Таму што ёсць школы, дзе лагапеды спрабуюць гаварыць па-беларуску.  Напрыклад, такая Жухавіцкая школа, таксама некаторыя школы ў Гарадзенскай вобласці, дзе лагапеды размаўляюць па-беларуску і, напэўна, беларускамоўныя дзеці вучацца ў гэтай школе, калі спецыяліст гаварыць па-беларуску. Але большасць лагапедаў на самой справе рускамоўныя. У Беларусі практычна няма падручнікаў, метадычных дапаможнікаў, розных спецыялізаваных выданняў на беларускай мове. Нейкі час, пасля 1990-х гадоў, выпускаліся такія падручнікі, але гэта вельмі хутка знікла, як і зніклі самі беларускамоўныя класы. Таму маецца велізарная праблема з наяўнасцю спецыялістаў, якія гавораць на беларускай мове. Іх існуе вельмі мала.

Ці насамрэч усе праграмы навучання, зацверджаныя Міністэрствам адукацыі, існуюць толькі на рускай мове, таму і лагапеды  працуюць з дзеткамі на рускай мове? Ці праблема палягае ў тым, што няма попыту на беларускай мове. Ці праблема, што ў асноўным школы як і садкі рускамоўныя.

Я б сказала што, напэўна, рыба гніе з галавы. Калі б у дзяржаве на належным узроўні была павага і такое стаўленне да беларускай мовы, што яна ёсць асноўная, што яна ёсць важная, то і школы, і садкі, і самі спецыялісты шукалі, як размаўляць па-беларуску, выпускаліся б падручнікі, метадычкі. Усё гэта б працавала.

У час, калі я вучылася, гэта было абсалютна рускамоўнае асяроддзе. Усе матэрыялы, якія мы вывучалі, былі рускамоўныя. Усе нашыя выкладчыкі былі маскоўскія альбо навучаліся ў Маскве.

На сённяшні момант я праходзіла не адну спецыялізаваную стажыроўку, пачынаючы з 2018-2019 гг., для таго, каб узнавіць свае веды і падтрымаць узровень ведаў. І зноў-такі сутыкнулася з тым, што беларускага няма. Таму ў большасці выпадкаў лагапедыя ў Беларусі рускамоўная.

Наколькі цяжка было падрыхтаваць заняткі для беларускамоўных дзяцей, якія маюць лагапедычныя праблемы?

Не толькі падрыхтаваць, але я рыхтую штодзённа практычна, бо лічу, што дзецям мусіць быць цікава. І таксама дарослым, якія размаўляюць на беларускай мове. Таму матэрыялы нараджаюцца альбо такім крэатыўным шляхам, альбо штосьці перарабляецца ці пераасэнсоўваецца, не толькі з рускай мовы, але і з ангельскай і з іншых моў, з  украінскай, таму што там таксама добрыя матэрыялы. Гэта штодзённая праца, якую трэба рабіць.

Маю задуму, каб гэта вырасла ў спецыялізаваны метадычны дапаможнік, метадычную працу і, магчыма, нават такі курс, які могуць прайсці тыя лагапеды, хто жадаў бы мець матэрыялы, размаўляць і вучыць на беларускай мове. Гэта не проста, але цікава.

У ліквідаваным Таварыстве беларускай школе ў свой час фіксавалі выпадкі, калі лагапеды ставілі беларускамоўным дзецям дыягназ “затрымка псіхічнага развіцця”. Ці сустракаліся Вы з такой з’явай? Ці ўсё ж такі цяпер лагапеды ўжо з большым разуменнем ставяцца да беларускамоўных дзяцей.

Я сутыкалася з такімі момантамі, калі сама была ў такой камісіі ў дзіцячы садок. Калі ў медычным цэнтры працавала, то таксама сутыкалася з такімі выпадкамі. Але я мела магчымасць запытацца ў дзяцей на беларускай мове, унесці карэктывы ў магчымую пастаноўку дыягназу.

Сутыкалася з тым, што людзі прыходзілі і гаварылі, што вельмі цяжка дзіцяці, што ён не можа адказаць на пытанне камісіі, таму што не разумее гэтыя пытанні. Ведаю, што такія моманты былі не толькі ў маленькіх беларусаў, але і ў тых старэйшых, якія паступалі ва ўніверсітэты альбо ў тэхнікумы і не разумелі, як можна растлумачыць фізіку на рускай мове. Яны проста не разумелі гэтых паняццяў, таму што яны вучыліся на беларускай мове дзесьці ў раёне. Гэтая праблема падаўлення беларускай мовы існавала і існуе, на жаль, і сёння.

Хто да вас часцей звяртаюцца: беларускамоўныя ці рускамоўныя сем’і?  Ці беларускамоўных дзяцей пабольшала?

На гэтае пытанне можна адказаць з аптымізмам. Мой адказ усцешыць беларусаў. На самой справе зваротаў ад беларускамоўных сем’яў стала больш, значна больш. Сутыкаюся з выпадкамі, калі мама і тата не размаўляюць па-беларуску, але хочуць, каб дзіця гаварыла па-беларуску і настойваюць на гэтым. Гэта важна, што мама і тата вучацца потым у свайго дзіцяці гаварыць.

Блог Іны Кулей у Фэйсбуку

 

Колькі звяртаецца? Магчыма 60 на 40. 60% — беларускамоўныя, 40% — рускамоўныя. Я думаю можа нават пабольшыць гэтая колькасць беларускамоўных, бо я амаль што эксклюзіўны беларускамоўны лагапед і размова пра мяне ідзе наперадзе мяне. Адныя перадаюць іншым, тым, у каго дзеці размаўляюць па-беларуску, таму што гэтыя сем’і часта кантактуюць адна з адной. А рускамоўных лагапедаў даволі шмат, можна звярнуцца да любога.

У змяшаных сем’ях (дзе тата і мама размаўляюць на розных мовах), гукі якой мовы мусяць быць пастаўленыя ў дзіцяці ў першую чаргу?

 Важна, на якой мове размаўляе дзіця дома. Вось гэтая мова, якая прыярытэтная, на якой мове размаўляе мама (бо яна больш часу праводзіць са сваім дзіцём), гэтыя гукі трэба ставіць першаснымі. А калі будзе сфармаваная маўленне, альбо сфармаваная і развітая сама мова цалкам, тады можна і звяртацца да іншых варыянтаў: варыянтаў асяроддзя, варыянтаў сяброў і г.д.

Але баяцца білінгвізму не варта, бо мая практыка паказвае, што гэтыя дзеці дынамічна развіваюцца, актыўныя. Яны трошкі павольней засвойваюць маўленне, пачынаюць гаварыць пазней. Але да 4 год у іх раскладаецца па палічках кожная з моў, і яны вельмі хутка рэагуюць на выклікі, яны могуць хутка даць адказ.

Гэта вельмі добра, калі шматмоўе ў сям’і. Ведаеце, ёсць такі выраз “Ты столькі разоў чалавек, колькі моў ведаеш.” Ведаць некалькі моў — вельмі добра. З аднаго боку, шкада, што з’язджаем з краіны. А з іншага боку, трэба карыстацца момантам, каб вучыць мовы і намагацца быць не толькі беларусам у сям’і, але і размаўляць з атачэннем.

 

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png