694
Каля мільёна вучняў пачынаюць сёння заняткі, а першы званок звініць для 110 тысяч першакласнікаў. Такія лічбы падае Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Колькасць дзетак ва ўстановах дашкольнай адукацыі складае 360 тысяч.
У 2023/2024 навучальным годзе ў краіне будуць працаваць 3628 устаноў дашкольнай адукацыі і 2865 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
А ШТО З БЕЛАРУСКАМОЎНЫМ НАВУЧАННЕМ?
Дазнацца адпаведную статыстыку не проста. У 2020 годзе ў Беларусі больш за 45% школ былі беларускамоўнымі? Прынамсі, пра гэта паведамляла Міністэрства адукацыі. Можна меркаваць, што большасць школ, пра якія ішла гаворка, — гэта ўстановы, што месцяцца ў сельскіх мясцовасцях. Ёсць афіцыйная статыстыка на пачатак навучальнага года 2020-2021. Паводле яе, у дзённых установах агульнай сярэдняй адукацыі па-беларуску навучаліся 10,2% вучняў. Гэта 107,6 тысяч школьнікаў.
Адносна навучальнага года 2023-2024 такой афіцыйнай інфармацыі пакуль няма, таму вызначыць агульную колькасць вучняў, якія будуць вучыцца на беларускай мове, складана. Але можна глянуць на агульную тэндэнцыю (падаецца паводле penbelarus.org).
За 2005–2020 гады доля дзяцей, якія навучаюцца і выхоўваюцца ва ўстановах дашкольнай адукацыі па-беларуску, зменшылася з 12,7% да 9%.
Доля вучняў, якія вучацца па-беларуску ў дзённых установах агульнай сярэдняй адукацыі, зменшылася за гэтыя 15 гадоў з 23% да 10,7%.
Доля навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія атрымліваюць адукацыю па-беларуску, зменшылася з 0,9% да 0,09%.
Колькасць настаўнікаў беларускай мовы ў дзённых установах агульнай сярэдняй адукацыі зменшылася за 2005–2020 гады з 11 535 да 6732 чалавек.
ШТО ЯШЧЭ НОВАГА?
З 1 верасня ўведзены другі абавязковы элемент для школьнай формы. Гэта можа быць пінжак, сарафан, кашуля белага колеру і так далей. Выбіраць абавязковыя элементы школьнай формы ўстановы адукацыі, бацькі і школьнікі павінны былі самі. У Мінску ў некаторых школах адзіны дзелавы стыль адзення ўвялі таксама для настаўнікаў.
Будуць змяняцца падыходы да вывучэння замежных моў. Цяпер на замежных мовах трэба найперш вывучаць культуру і гісторыю Беларусі, а не замежных дзяржаў. Акрамя таго, у кабінетах брытанскі сцяг больш не павінен дамінаваць над афіцыйным беларускім.
Міліцыянеры сёння дзяжураць ва ўсіх школах. У сувязі з правядзеннем 1 верасня ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі ўрачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных пачатку навучальнага года, органамі ўнутраных спраў арганізаваны комплекс аператыўна-прафілактычных мерапрыемстваў, паведамляе МУС .