Як атрымалася так, што жыхары Гомельшчыны вымушаныя купляць не свае, а расейскія буракі, яшчэ і непрыдатныя для ежы

by ZB

Гомельшчына – адзін з самых урадлівых рэгіёнаў Беларусі. Ды і краіна ў нас, як распавядаюць літаральна з кожнага праса, да болю сельскагаспадарчая і ў гэтым плане паспяховая.

Ілюстрацыйнае фота, pukhovichi.gov.by

Вось толькі, на жаль, элементарным навыкам і тэхналогіях захоўвання сваёй жа гародніны і садавіны, у нас чамусьці авалодаць ніяк не могуць. Прытым праблеме ўжо не адзін, і нават не пяць гадоў. Успомніце ўсё тыя ж яблыкі, якіх у нас шмат, а мы ўзімку ўсё роўна вымушаныя купляць польскія і галандскія, таму што свае захоўваць не ўмеем.

А запасы капусты, якія на той жа Гомельшчыне сёлета элементарна згнаілі, бо хтосьці проста не пракантраляваў і не забяспечыў тэмпературны рэжым у сховішчах? Працягваць сапраўды можна доўга. Але наша мэта – апошнія навіны. І яны пра…буракі.

Беларускія крамы ўсё часцей прадаюць няякасныя расейскія і іншыя замежныя прадукты

9 жніўня Абласны гомельскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя паведаміў пра тое, што ў ліпені гэтага года Дзяржсаннагляд “выявіў рэалізацыю асобных партый недабраякаснай прадукцыі”.

Гаворка ідзе пра тавары, якія па законе не могуць прадаваць беларускім спажыўцам, бо іх спажыванне небяспечна для здароўя, бо не адпавядае нашым стандартам якасці. Што зусім нядзіўна, большая частка гэтых тавараў – з Расеі.

Да прыкладу, у гэты спіс трапілі:

  • “Ролтан” пюрэ бульбяное фасаванае (сухое) з курыным густам” расейскай вытворчасці (не адпавядае патрабаванням па мікрабіялагічным паказчыку БГКП (каліформы)
  • “Фольга алюмініевая бытавога прызначэння ў рулонах Master FRESH” і “фольга алюмініевая ТМ Big City Life» расейскай вытворчасці (абедзве не адпавядаюць патрабаванням па санітарна-хімічным паказчыку – міграцыя “алюмінія” ў 0,3% раствор малочнай кіслаты).
  • “Дыня свежая, ураджай 2023 года” з Казахстана (не адпавядае патрабаванням па фізіка-хімічным паказчыку “нітраты”);

Але больш за ўсё нас здзівіла тое, што ў спіс забракаваных Дзряржсаннаглядам Гомельскай вобласці тавараў трапілі буракі!

Гаворка ідзе пра расейскія буракі, які, як аказалася, прадавалі ў крамах Гомельшчыны, і якія з-за “неадпаведнасці патрабаванням па фізіка-хімічным паказчыку «нітраты»” у выніку канфіскавалі з рэалізацыі.

Праблеме ўжо не першы год, але яна не вырашаецца

Узнікае пытанне: чаму ў беларускіх крамах мы не можам разлічваць на беларускія якасныя буракі, з вырошчваннем якіх, мяркуючы па справаздачах беларускіх чыноўнікаў, у нашай краіне няма ніякіх праблем, а вымушаныя купляць нітратныя буракі з Расеі і аддаваць свае грошы ў расейскую эканоміку?

“Штодзень” паспрабаваў зразумець сутнасць праблемы. Перш за ўсё мы натыкнуліся на выказванні Лукашэнкі, які літаральна кожны год патрабуе “забяспечыць беларусаў айчыннай гароднінай не толькі ў цёплы перыяд, але і ў міжсезонне”.

“Вельмі дрэнна, што мы не можам вясной накарміць наш народ агурком і памідорамі. Вельмі дрэнна. Агідна. На працягу гэтага – будучага года гэтую праблему трэба вырашыць. Што такое сёння пабудаваць гэтыя цяпліцы? Мы ж гэта ўсё ўмеем рабіць самі”, – узрушаўся Лукашэнка падчас свайго апошняга візіту ў Ветку.

Пасля гэтага, зразумела, у дзяржсмі пасыпаліся апраўдальныя каментары ад чыноўнікаў.

Да прыкладу, у МАРГу заявілі, што гэтую праблему вырашаць на працягу года-двух (чуем гэта кожны год – рэд.), але…

Знайшлі і апраўданні з Мінсельгасхарча. Там паведамілі, што “праблема з мясцовай гароднінай узнікае толькі ў перыяд міжсезоння”. Таму, нібыта, тыя ж шматпакутныя буракі да нас вязуць з Расеі ці Узбекістана, агуркі з Расеі, Турцыі, Азербайджана і Туркменістана, а бульбу, якой у нас увогуле навалам, з Азербайджана, Расеі і нават Егіпта.

А вось апошняя беларуская навіна, звязаная са бураком.

“Падчас праверкі адной з аптовых кампаній рэгіёну спецыялісты выявілі цэлы шэраг парушэнняў, у ліку якіх сістэматычнае завышэнне максімальных аптовых надбавак пры рэалізацыі закупленай у айчынных вытворцаў плодаагародніннай прадукцыі. Так, памер аптовых надбавак на буракі дасягаў 840%”, – паведаміла 9 жніўня гэтага года БелТА.

“Яблыкі, цыбулю, буракі і капусту, выгадаваныя нашымі сельгаспрадпрыемствамі, бюджэтнікі закуплялі ў пасярэдніка з нацэнкай пад 300%!”- заяўляў і патрабаваў разабрацца ўсё той жа Лукашэнка яшчэ ўвосень мінулага года”.

І ўсе гэта яшчэ раз гаворыць пра тое, што праблема больш сур’ёзная, і ёй не адзін год.

“Увесь гэты дэфіцыт насамрэч рукатворны і звязаны з памылковымі рашэннняі ўладаў”

Мы вырашылі вывучыць пытанне яшчэ больш падрабязна, і аказалася, што праблема з тымі ж буракамі насамрэч узнікае не толькі ў міжсезонне, ды і далёка не толькі з-за прабелам з іх захоўваннем… Насамрэч увесь гэты агароднінны дэфіцыт не вымушаны, а рукатворны, і прывялі да яго непісьменныя рашэнні афіцыйных беларускіх уладаў.

Усё пачалося з таго, што толькі за мінулы 2022 год буракі ў Беларусі падаражэлі ў 1,8 раз. У гэтай сітуацыі Савет міністраў не прыдумаў нічога лепшага, як абмежаваць рост коштаў і ўсталяваць коштавы столь для айчыннай гародніны. Да прыкладу, кошты ну тыя ж беларускія буракі з 26 студзеня мінулага года не маглі перавышаць 1 рубля 41 капейкі за кілаграм. Усё гэта адбывалася на фоне санкцый. Пры гэтым яшчэ ў снежні 2021 года ў адказ на ўвядзенне Менскам контрсанкцый незалежныя эканамісты прадказвалі, што ў выніку Беларусь можа мець праблемы з садавіной і гароднінай. Так, па сутнасці, і адбылося. Ручное рэгуляванне коштаў і штучнае абмежаванне імпарту прывялі толькі да таго, што беларускія садавіна і гародніна пачалі знікаць з продажу. А ўсе таму, што прадаваць іх па тых коштах, якія выставілі чыноўнікі, захацелі не ўсе.

“У нас прывыклі, што калгасы зробяць усё, што ім загадаюць зверху, выгадна ім гэта ці не. Але ўлады, здаецца, яшчэ не ўразумелі, што ўжо сёння большасць гародніны ў Беларусі пастаўляюць не калгасы, а прыватныя фермеры. А калі прыватніку кажуць, што ён павінен прадаваць сваю прадукцыю не даражэй, чым па вызначаных дзяржавай коштах, то ён наогул можа вырашыць яе не прадаваць. А, да прыкладу, можа пачакаць, пакуль улады не адумаюцца і не адменяць усталяваны цэннік. Па-другое, каб прывезці прадукцыю, прадпрымальніку трэба панесці дадатковыя выдаткі на транспарт, паліва і інш. Навошта яму гэта рабіць, калі выхлап у выніку будзе амаль нулявы? Таму яны альбо прывозяць тыя ж буракі па ўстаноўленым кошце, але дрэннай якасці, альбо вязуць у Расею і прадаюць там даражэй, альбо партызанскімі сцежкамі пастаўляюць у іншыя бліжэйшыя краіны, – тлумачыць нам эксперт-эканаміст, які знаходзіцца ў Беларусі, таму не называе свайго імя. – У самым горшым выпадку прадпрымальнікі аддаюць садавіну і гародніну на прамысловую перапрацоўку. Вось гэтага і не разумее кіраўніцтва нашай сельскай гаспадаркі. Ну не будзе фермер працаваць сабе ў страту! Адсюль маем тое, што маем, і нашыя ж спажыўцы вымушаны купляць нітратныя расейскія буракі”.

Штодзень 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png