Ідэалагічны цырк-шапіто з дрэсіраванымі жывёламі

by ZB

У Беларусі з’явілася шапіто “Савецкі цырк”, на выступах якога артысты размахваюць лукашэнкаўскім чырвона-зялёным сцягам. А ў праграме анансуюцца выступы з дрэсіраванымі экзатычнымі жывёламі і птушкамі.

Афішы шапіто “Савецкі цырк” могуць выклікаць прыступы панікі ў непадрыхтаваных людзей

Тым часам, у 45 краінах цыркі з удзелам жывёл часткова ці цалкам забароненыя. Бо цырк (асабліва перасоўны) лічыцца самай жорсткай формай эксплуатацыі жывёл. Тут кепска ўсё: ад умоў утрымання да самой дрэсіроўкі.

Беларускі перасоўны цырк называецца “Савецкім”, у прадстаўленнях там пад песню “Мама Беларусь” артыст махае лукашэнкаўскім чырвона-зялёным сцягам.

Дырэктар цырка — Аляксандр Булавінцаў, да гэтага працаваў у маскоўскім цырку. Ягоная жонка, Яўгенія Булавінцава, якая таксама да гэтага працавала ў маскоўскім, паходзіць з Данбасу. Сярод жывёл, якія анансуюцца для выступаў — пелікан, іглак, крумкач, а таксама хатнія каты і сабакі. “Савецкі цырк” раз’язджае па раённых цэнтрах. У тым ліку шапіто было на Гомельшчыне.

Аляксандр і Яўгенія Булавінцавы з няшчаснымі іглакамі ў руках

Разам з тым, 45 краін свету забаранілі выкарыстоўваць жывёл у індустрыі забаў. Першай краінай, якая гэта зрабіла, стала Аўстрыя (у 2002 годзе). На дадзены момант агульнанацыянальная забарона на выкарыстанне дзікіх жывёл у цырках дзейнічае таксама ў Венгрыі, Вялікабрытаніі, Грэцыі, Даніі, Нідэрландах, Румыніі, Чэхіі і іншых. У некаторых краінах забароны ўвялі на ўзроўні гарадоў. Дзесьці забарона распаўсюджваецца не толькі на дзікіх, але і на ўсіх жывёл. Напрыклад, у Грэцыі забарона датычыць усіх відаў жывёл.

Чаму зоаабаронцы змагаюцца за забарону выкарыстання жывёл у індустрыі забаў? Гэтаму некалькі прычын. Асноўныя — гэта кепскія ўмовы пражывання. Асабліва ў перасоўных цырках, калі жывёл перавозяць у душным і цесным транспарце без вентыляцыі, часта не даюць есці, каб жывёлы не выпаражняліся. У шапіто адсутнічае ветэрынарны кантроль за жывёламі. Падчас дрэсіроўкі могуць выкарыстоўваюцца бізуны і электрашокеры. Жыццёвы рытм жывёл парушаны праз стрэс, шум, рэпетыцыі і пастаянныя пераезды.

У 2019 годзе 10 тысяч беларусаў падпісалі петыцыю супраць выкарыстання жывёлаў у цырках. Мінпрыроды ў 2020 годзе ў сваім адказе адзначала, што падтрымлівае прапанову аб забароне выкарыстання жывёлаў у цырках. Аднак гэтае пытанне мусіць вырашацца на заканадаўчым узроўні шляхам распрацоўкі закона “Аб абыходжанні з жывёламі”. Аднак дагэтуль закон “Аб адказным абыходжанні з жывёламі” ў Беларусі так і не прыняты.

Штодзень

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png