Піша адна з ўдзельніц акцый пратэсту ў Гомелі, якая вымушаная была эміграваць:
“9 жніўня 2020. Для большасці беларусаў гэтая дата падзяліла час на да і пасля. Тры гады. Гэта так шмат для болю і гэта нішто ў гістарычным часе. На мяне часта навальваецца туга і стан безвыходнасці, асабліва, калі я пачынаю параўноўваць наш час з мінулым. І ў гэтыя моманты маяком для мяне ёсць адзін успамін. Дзіўная гісторыя пра тое, як зусім не знаёмы чалавек захрас у мяне ў галаве і з’яўляецца для мяне свайго роду тэрапіяй, не дазваляе патануць у песімізме.
Гэта быў апошні жаночы марш у Гомелі. Мы збіраліся прайсці ад касцёла да цырка. Калі я прыехала да месца збору, там ужо была міліцыя і некалькі смелых жанчын у белым. Ну, вось мы пайшлі, міліцыя троху суправадзіла нашую групу з 10 жанчын, а потым усё, як у кіно. На падыходзе да галоўнага корпуса ўніверсітэта з’явіліся два аўтобусы і адтуль — група захопу, чэрці з надпісам АМАП. Прыблізна іх было столькі, колькі і нас. Асабліва небяспечных жанчын прыехалі захопліваць два аўтобусы падрыхтаваных байцоў па барацьбе з тэрарызмам. Карацей, каля ўніверсітэта маёй Alma-mater яны перакрылі нам дарогу да цэнтра. Нейкія жанчыны з імі спрабавалі гаварыць. Прасілі прапусціць, бо ў нас не было ні сцягоў, ні лозунгаў з плакатамі. Толькі мы… у белай вопратцы. Пасля слоў маладога бугая-амапаўца, што жанчыны павінны па гандлёвым цэнтры толькі гуляць, я адышла і стаяла ў прастрацыі. Усё выглядала нейкім сюррэалізмам. І тут з боку АМАПа ідуць мінакі. Сустракаюся поглядам з жанчынай, яна далікатная, сярэдняга ўзросту, але погляд малады і гарэзлівы, яна глядзіць і ўсміхаецца мне, як сяброўцы. Я падумала, што, можа, гэта хтосьці з маіх выкладчыкаў з універсітэта, але не. Яна падыходзіць, я паварочваю галаву і на ейным заплечніку вісіць бела-чырвоная стужка. Болей я яе ніколі не сустракала. Але часта згадваю і спадзяваюся, што ў яе ўсё добра. Яе гарэзлівы позірк — мае лекі і мой улюбёны ўспамін 2020 года.
Насуперак усім нягодам: Жыве Беларусь! Жыве ў кожным з нас!”
Уладзіслаў Наважылаў (Lesley Knife) размясціў у сябе на старонцы верш, прысвечаны пратэстам 2020-га года:
Дзявятае жніўня — не простая дата
Калі рэчаіснасць у нос дала
Нам свяціў, як нас кідалі за краты
Апошні ўсмех Тарайкоўскага
Менск узняўся, Пінск проста біў морды ім
Зноў Гародня на міг стала вольнаю
Рэчы адвечныя зрабіліся моднымі
Свабода — што ў час Нерона ікона
Адышлі. Не скарыўшыся ні дубцу ані стрэльбе
Ды нідзе не чуючы сябе як удома
Але так ці інакш у планах сустрэча на Эльбе
На дзявятага жніўня — на дзень Пералому.