Пакуль сапраўдныя журналісты ў выгнанні і па турмах, дзяржава віншуе прапагандыстаў з прафесійным святам. За кратамі Дзень друку адзначаюць 33 беларускія журналісты, сярод іх гомельцы Яўген Меркіс і Ларыса Шчыракова.
У праўладных СМІ сёння цытуюць віншаванні Лукашэнкі з Днём друку:
“Прыгажосцю мовы і сілай таленту ў сучасным патоку падзей і фактаў вы дапамагаеце вылучыць галоўнае, зноў і зноў адкрываючы людзям свет інфармацыі, аналітыкі, даведачнай і мастацкай літаратуры, у якім пераплецены веды і мудрасць пакаленняў. Кожная ваша публікацыя або выдавецкі праект уносяць свой уклад у развіццё грамадства, умацаванне дзяржаўнасці і маральных арыенціраў”.
Для ўсіх прафесійных журналістаў – гэта чарговы плявок і здзек. Незалежныя медыі актыўна і выдасканалена знішчаюцца ў краіне дагэтуль.
У Індэксе свабоды прэсы Беларусь знаходзіцца на 157 месцы са 180. Паводле яго апошняга апісання, “Беларусь — самая небяспечная краіна Еўропы для журналістаў”.
Нагадаем, 11 траўня суд пройдзе над Гомельскім журналістам Яўгенам Меркісам.