Ілля Міронаў: Мяне затрымалі за тое, што я пішу скаргі

by homieldays

Валанцёр Ілля Міронаў выйшаў на волю і распавёў “Штодню” пра дэталі свайго арышту. Яго пакаралі 13 суткамі за нібыта падпіскі на экстрэмісцкія рэсурсы. Паводле назіранняў Іллі, колькасць затрыманых паводле палітычных матываў не змяншаецца.

 

Штодзень: Як лічыш, за што цябе насамрэч затрымалі?

Ілля Міронаў: За тое, што я актыўна пішу скаргі. Я скардзіўся ў Міністэрства інфармацыі на праўладны тг-канал “Жоўтыя слівы” (Ілля Міронаў звярнуўся ў Мінінфармацыі па прычыне таго, што ў канцы лістапада 2022 года прапагандысты апублікавалі матэрыял паклёпніцкага характару. – Заўв. рэд.). Я падаваў заяву ў Следчы камітэт з просьбай адкрыць крымінальную справу ў дачыненні да адыёзнага прапагандыста Рыгора Азаронка. Таксама звяртаўся да раённага міліцэйскага начальства з пытаннем, чаму супрацоўнікі міліцыі перасталі выдаваць копіі пратаколаў адміністрацыйных справаў. Мяркую, мне вырашылі даць 13 сутак у сувязі з маёй актыўнай грамадскай дзейнасцю.

Штодзень: Як адбылося тваё затрыманне?

Ілля Міронаў: 2 сакавіка да мяне ў кватэру прыйшлі два сілавікі. Маці адкрыла дзверы. Яны сказалі, што хацелі б адвезці мяне ў Савецкае РАУС. Я і маці паехалі з імі. У Савецкім РАУСе мяне пачалі распытваць, чаму я пішу ў інтэрнэце, што не атрымаў копію пратакола, калі я атрымаў і распісаўся нават за гэта. Я адказаў, што копію насамрэч не атрымаў, хоць і распісаўся за гэта. Пасля мне паказалі нейкі дакумент ад ГУБОП ад 22 лютага, дзе было напісана, што ў ходзе праверкі маёй старонкі выяўлены матэрыял з лагатыпам “Зеркала” і многа бел-чырвона-белай сімволікі.

І там было прыпісана яшчэ, што сімволіка бчб, паводле меркавання ГУБОП, прыраўноўваецца да артыкула 24,23 КаАП РБ (“Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства”).

Таксама мяне абвінавачвалі, што я ставіў лайкі пад матэрыяламі Белсата і “Радыё Свабода”. На што я ім сказаў, што гэта лухта, бо артыкулаў “Зеркала” я не размяшчаў і лайкі не ставіў. Віну я сваю не прызнаў. Па выніку я да самага вечара сядзеў у гэтым каменным мяшку. Увечары таксама прывялі хлопцаў, якіх затрымалі за нібыта датычнасць да ЧВК “Р’ёдан”.

Штодзень: Распавядзі падрабязней пра затрыманых па справе ЧВК “Р’ёдан”.

Ілля Міронаў: Прывялі 29 чалавек. Але яны казалі, што не маюць ніякага дачынення да гэтага руху: хтосьці з іх проста ў бары побач сядзеў, хтосьці кеды прыйшоў набываць, хтосьці проста ішоў побач. Усіх малалетніх адпусцілі, а ўсіх, хто старэйшы за 17, затрымалі.

Штодзень: Як прайшлі суткі ў ІЧУ гэтым разам?

Ілля Міронаў: Так, як і раней. Першыя суткі змясцілі разам з алкаголікамі. Нас у двухмеснай камеры было чацвёра. Перадачы мне маці не змагла перадаць. Ёй нават сказалі, што можна скардзіцца на самы вышэйшы ўзровень, аднак перадаваць нічога не будуць. Камеры былі поўныя. Як звычайна, у камерах быў скразняк.

А ежа была яшчэ горш, чым летась. Узялі і кашу вельмі моцна разбавілі вадой, прычым, як мы зразумелі, вада нават не кіпячоная была.

Кожны дзень нам змянялі камеру. І ўсе, хто быў у гэтыя дні ў ІЧУ па палітыцы, сядзелі паводле артыкула 19,11 ч. 2 (“Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”). А менавіта за падпіскі на розныя рэсурсы за 2020-2021 гады.

Штодзень: То бок палітычных у ІЧУ вельмі шмат?

Ілля Міронаў: Не ведаю, на ўзроўні чутак гэта ці не, але калі я быў у Савецкім РАУСе, то краем вуха пачуў, што за студзень-люты 72 справы. То бок палітычных вельмі шмат. Іх было шмат і напрыканцы 2022 года, і цяпер.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png