Стандартнае пытанне ў касе чыгункі ў Гомелі, калі вы просіце прадаць квіток “Гомель-Гомель”: “Вы катацца?” Жыхары абласнога цэнтра ў захапленні ад магчымасці такіх паездак. А вось улады турыстычнага патэнцыялу гэтага маршрута пакуль не ўбачылі. На сайце гарвыканкама ў раздзеле “Турыстычныя маршруты” прадстаўленыя тры тэмы: “Гістарычны цэнтр Гомеля”, “Гістарычны цэнтр Гомеля з заездам у адзін з мікрараёнаў горада”, “Гомель: гісторыя і сучаснасць”. Разам з тым гомельцы адкрываюць для сябе незвычайны гарадскі маршрут – дызель “Гомель – Гомель”. У сацыяльных сетках ён выклікае ўсё большую цікавасць. Некаторыя нават называюць гэты маршрут гомельскім метро.

Фантазійная візуалізацыя праекта “Гомельскага метро”. Калаж аўтарства Сяргея Балахонава.
Маршрут “Гомель-Гомель” – гэта амаль гатовы турыстычны атракцыён
Машрут пакуль існуе сам па сабе, без адмысловай увагі з боку гарадскіх уладаў. У Еўропе для турыстаў спецыяльна запускаюць аўтобусныя маршруты, каб можна было некалькі разоў на дзень, у тым ліку ў выходныя, праехацца па наваколлях горада, паглядзець на мясцовыя краявіды і цікавыя мясціны. Напрыклад, у суседняй Польшчы падчас летніх вакацый курсаваў аўтобус “Турыстычная васьмёрка” („Turystyczna Ósemka”). На аўтобусах, якія ездзілі па трох маршрутах (вакол Беластока, паўночны кірунак і паўднёвы), можна было праехацца з чацвярга па нядзелю. Для гэтага турыстычнага транспарта дзейнічаў неабмежаваны аднадзённы квіток. На кожным маршруце было па некалькі рэйсаў за дзень. А выходзіць можна было на любым прыпынку і працягнуць падарожжа наступным аўтобусам.

“Дзякуем за сумеснае катанне васьмёрка. Вакацыі 2026 года скончыліся, а з імі курсаванне вакацыйнай аўтобуснай лініі падляскага ваяводства – “Турыстычнай васьмёркі”. Дзякуй, што былі з намі!”. Фота: https://turystyczna8.podlaskie.travel/
У Гомелі ж нічога спецыяльна ствараць не трэба. Усё ўжо створана даўно.
Даведка.
Маршрут Гомель-Гомель склаўся гістарычна. Спачатку, у 1874 годзе быў здадзены ў эксплуатацыю ўчастак Гомель-Церахоўка як частка Лібава-Роменскай чыгункі. У 1883 годзе загаварылі пра неабходнасць будаўніцтва стратэгічнай чыгункі праз Палессе. Так з’явіўся ўчастак Гомель-Пінск. У 1930 годзе адкрылася прамое спалучэнне па лініі “Навабеліца-Чарнігаў”. 24 лютага 1949 года выйшла пастанова Саўміна СССР “Аб калектыўным і індывідуальным агародніцтве і садаводстве працоўных і служачых”, пасля чаго гараджане ад прадпрыемстваў маглі атрымаць невялікія надзелы зямлі. І Гомель не стаў выключэннем. Вакол горада фармуюцца цэлыя дачныя таварыствы. Менавіта для таго, каб развозіць дачнікаў, на аснове наяўных станцый і з’явіўся кругавы маршрут Гомель-Гомель. Акурат у 1973 годзе парк лакаматыўнага дэпо Гомель папаўняецца першымі дызель-цягнікамі.

Дызель Гомель-Клёнкі-Гомель
12 прыпынкаў
Маршрут “Гомель – Гомель” – гэта своеасаблівы кругавы тур па горадзе і яго наваколлях. Дызель праходзіць дванаццаць прыпынкаў: Гомель-Гомель Няцотны-Светач-Сож-Валатава-Плёсы-Клёнкі-Будацень-Раманавічы-Іпуць-Бярозкі-Навабеліцкая-Гомель Пасажырскі (прыбыццё). Уся паездка займае прыкладна адну гадзіну і дваццаць хвілін. Квіток каштуе трошкі болей за 2 рублі – фактычна амаль бясплатная экскурсія. Па маршруце ездзіць звычайны дызель. Але круглы год. Праўда, узімку з панядзелка па чацвер дасяжны толькі адзін рэйс: цягнік адпраўляецца рана, у 05:59, у пятніцу і выходныя ходзіць два рэйсы: у 08:36 і 17:40.

Гомельцы ў сацсетках дзеляцца эмоцыямі ад маршруту
— Раней было тры рэйсы. Можна было зладзіць міні-прыгоду з вылазкай на прыроду. Магчыма, улетку вернуць іх.
— Звычайны дызель для шчаслівых уладальнікаў прыгарадных дач! Але гэта цікавей, чым паравозік у парку. Маршрут займае каля 50 хвілін. Праязджаеш тры масты, міма акуратных, дагледжаных дачных домікаў, лясоў і палёў. З аднаго боку адкрываюцца такія краявіды, з другога часткова відаць горад. Можна нават адгадваць, дзе менавіта цяпер едзеш. Сыну вельмі спадабалася.
— Зімой каталіся. Шкада, што вокны былі брудныя. Паўшляху прамзона, а ў сярэдзіне нават вельмі цікава.
— Самы любімы цягнік дзяцей.
— Гэта праўда? А я думаў сцёб з двух аднолькавых таблічак.
— Раней ён называўся ў народзе “Гомель-Гомель”, у савецкія часы, у дзяцінстве любілі з Валатавы на Сож, на пляж, катацца ў Клёнкі, зайцам. Яшчэ ззаду цягніка на лакаматыў чапляліся звонку, небяспечна, але прыкольна было.
Такім чынам, гатовы незвычайны маршрут ёсць, чыгунка пракладзеная, дызель ходзіць, квіток каштуе каля двух рублёў, гомельцы паступова адкрываюць яго для сябе праз сацыяльныя сеткі. Але ці заўважылі гэты патэнцыял тыя, хто адказвае за турызм у горадзе, — пакуль пытанне.


