Пасля скаргаў на холад і сырасць у кватэрах, патрабаванняў уключыць ацяпленне і заклікаў падтрымаць петыцыю ўлады Гомеля абвясцілі пачатак падачы цяпла ў жылыя дамы. Падключэнне пачнецца 17 кастрычніка, але ахопіць горад паэтапна.

“У Гомелі заўтра пачне паступаць цяпло ў жылы фонд”, — паведаміў 16 кастрычніка тэлеграм-канал “Гомель афіцыйна”.
Першымі цяпло пачнуць атрымліваць спажыўцы Сельмашаўскага, Паўночнага і Паўднёвага раёнаў цеплавых сетак. Гэта мікрараён Гомсельмаш, частка Цэнтральнага і Чыгуначнага раёнаў, а таксама Навабеліцкі раён.
Наступнымі падключаць астатніх спажыўцоў Цэнтральнага, Чыгуначнага і Заходняга раёнаў цеплавых сетак — іншую частку Цэнтральнага і Чыгуначнага раёнаў горада і Савецкі раён. Дакладнай даты другога этапу ў паведамленні няма.
Рашэнне абвясцілі на фоне нарастаючага абурэння гамяльчан. Як пісаў “Штодзень”, жыхары паведамлялі пра мокрыя вокны, халодныя ночы і бялізну, якая не сохне.
“Спаць даводзіцца ў касцюме, шкарпэтках і пад ватнай коўдрай, але прачынаешся — усё роўна нос і рукі халодныя. І гэта новабудоўля”, — скардзілася адна з удзельніц абмеркавання ў сацсетках.
Іншыя перайшлі ад апісання ўмоў да патрабаванняў. У Threads з’явіўся допіс з пазнакай “Петыцыя”, які сабраў больш за 19 тысяч праглядаў:
“Просім (патрабуем): уключыце ацяпленне!!! Мы стаміліся мерзнуць!!! SOS”.
Яшчэ напярэдадні гарадскі афіцыйны канал абмяжоўваўся тлумачэннем пра сярэднясутачную тэмпературу +8 °C і ніжэй на працягу трох дзён запар. На скаргі жыхароў адказвалі: “Пры наяўнасці падстаў ацяпленне ў абласным цэнтры будзе ўключана”. Даты тады не называлі.
Цяпер замест нявызначанага чакання з’явіўся канкрэтны дзень пачатку падключэння. Афіцыйна ўлады не паведамілі, ці паўплывалі на рашэнне публічныя патрабаванні жыхароў, але яго абвясцілі менавіта пасля хвалі скаргаў.
Пры гэтым цёплымі ўсе батарэі адразу не стануць. Канал папярэдзіў:
“Выхад на гідраўлічны рэжым і адпуск цеплавой энергіі ў адпаведнасці з тэмпературным графікам для жылога фонду займае да 10 каляндарных дзён з моманту ўключэння ацяплення”.
Штодзень
Фота: тг-канал “Гомель афіцыйна”