Жыхары Гомеля паведамляюць пра каламутную і рудую ваду з рэзкім пахам хлоркі. Скаргі паступаюць з Цэнтральнага, Чыгуначнага і Савецкага раёнаў. У сацсетках згадваюць вуліцы Галавацкага, Мазурава, 18-ы мікрараён і мясцовасць каля новага ўнівермага.
“Пах хлоркі як у басейне! Ад гарачай вады аж вочы шчыпле”, — напісала ў Threads жыхарка 18-га мікрараёна. Паводле яе, пах адчуваецца нават пасля фільтра з адваротным осмасам.
Іншая гамяльчанка паведаміла пра такую ж праблему на Мазурава: “Жудасны млосны пах хлоркі, як з басейна. Хвілін 15 злівала — не дапамагло”.
“Гомельводаканал” звязвае часовае пагаршэнне якасці вады з завяршэннем рамонту і ўключэннем вадавода на вуліцы Старавалатаўскай. Работы пачаліся 5 кастрычніка. Паводле прадпрыемства, запуск вадавода прывёў да пераразмеркавання патокаў вады, а рэшткавы пах хлору ў сетцы — “у межах дапушчальных значэнняў”.
14 кастрычніка спецыялісты прамываюць унутрыквартальныя сеткі, найперш у мікрараёнах, адкуль паступае найбольш скаргаў. Дакладнага часу, калі вада паўсюль стане празрыстай і знікне пах, у паведамленні не названа.
Нагадаем, раней жыхары Старой Валатавы абурыліся планавым адключэннем вады з 5 да 16 кастрычніка. Тады “Гомельводаканал” папярэджваў пра магчымыя адхіленні ў яе якасці падчас рамонту і пасля завяршэння работ.


