HomelDays_Logo_Main-mobil

Гомельскія чыноўнікі як рухавік беларуска-расейскай інтэграцыі: цана актыўнасці і паглыбленне залежнасці рэгіёну

Гомельскі аблвыканкам выявіўся найбольш актыўнай беларускай рэгіянальнай адміністрацыяй у кантактах з расейскімі губернатарамі. За перыяд ад 2018 года да ліпеня 2026-га даследчыкі BIPART зафіксавалі 41 двухбаковую сустрэчу кіраўніцтва вобласці з кіраўнікамі расейскіх рэгіёнаў. Гэта найвышэйшы паказчык сярод усіх беларускіх абласцей.

У выбарку траплялі толькі сустрэчы, пра якія публічна паведамлялася і дзе бакі абмяркоўвалі супрацоўніцтва. Аўтары даследавання асобна папярэджваюць: гэта не поўны рэестр, а “пацверджаны мінімум” адкрыта зафіксаваных кантактаў.

На першы погляд, Гомельшчына не выглядае лідарам па колькасці падпісаных дамоўленасцяў. На яе прыпадае 23 пагадненні з суб’ектамі Расеі — столькі ж, колькі ў Магілёўскай і Мінскай абласцей. Але асабістыя кантакты тут значна больш інтэнсіўныя. Прычым яны сканцэнтраваныя вакол двух партнёраў: з кіраўнікамі Бранскай вобласці адбыліся 20 сустрэч, з Кіраўскай — шэсць.

З Браншчынай сувязь тлумачыцца не асабістымі адносінамі чыноўнікаў, а мяжой і даўняй эканамічнай кааперацыяй. Даследаванне называе яе “адной з найбольш інстытуцыяналізаваных міжрэгіянальных звязкаў ва ўсёй сістэме беларуска-расейскіх адносінаў”. Сярод яе прыкладаў — супольнае прадпрыемства “Брансксельмаш”, звязанае з “Гомсельмашам”, аграрная кааперацыя і ўдзел беларускіх кампаній у будаўніцтве на Браншчыне.

Кіраўскі кірунак паказвае іншы механізм. Гомельская вобласць шмат гадоў мае статус рэгіёна-куратара адносінаў з Кіраўскай вобласцю, а старшыня аблвыканкама ўваходзіць у супольную рабочую групу. Як адзначаюць аўтары, рэгулярныя кантакты працягваюцца “незалежна ад таго, хто ў дадзены момант узначальвае Гомельскую або Кіраўскую вобласць”.

Пры гэтым 22 з 41 сустрэчы кіраўніцтва Гомельшчыны з расейскімі губернатарамі былі самастойнымі рабочымі візітамі, а не перамовамі “на палях” вялікіх мерапрыемстваў. Толькі 14 сустрэч суправаджаліся падпісаннем дакументаў; у 25 выпадках чыноўнікі абмяркоўвалі бягучыя і будучыя праекты. Гэта сведчыць пра стала працуючы механізм, якому не трэба кожны раз ствараць новае пагадненне для фармальнай справаздачы.

Пасля 2022 года эканамічную павестку ўсё часцей дапаўняе ідэалогія. У 10 з 41 гомельскай сустрэчы даследчыкі зафіксавалі рыторыку пра “агульную Перамогу”, гістарычную памяць, “барацьбу з фашызмам” і патрыятычнае выхаванне. Гэта найбольшая доля сярод беларускіх рэгіянальных адміністрацый. Аднак галоўным зместам перамоваў па-ранейшаму застаюцца тэхніка, пастаўкі, вытворчая кааперацыя і рынкі збыту.

Такім чынам, Гомельскі аблвыканкам —  ключавы мясцовы аператар інтэграцыі з Расеяй. Адкрытым застаецца галоўнае пытанне: якую рэальную цану гэтай актыўнасці плацяць Гомельшчына і яе жыхары — і наколькі глыбокай становіцца залежнасць рэгіёну.

Штодзень – Homeldays

Крыніца: даследаванне BIPART «За пределами Москвы и Минска: как устроено межрегиональное взаимодействие Беларуси и России».

 

Слайдар пастоў