Жыхары праспекта Кастрычніка ў Гомелі скардзяцца на адсутнасць асвятлення ў дварах. Паводле гамяльчанкі, якая распавяла пра праблему ў Threads, некалькі двароў каля дома №11 застаюцца ў цемры не першы год. Асабліва небяспечна раніцай і ўвечары, калі па разбітых дарожках ідуць дзеці і пажылыя людзі.
Пра праблему напісала карыстальніца Threads.
“Круглы год раніцай і ўвечары — апраметная цемра. Ідзеш у прамым сэнсе навобмацак”, — апісвае яна сітуацыю каля дома №11 на праспекце Кастрычніка.
Паводле гамяльчанкі, практычна на ўсю тэрыторыю застаецца толькі адзін ліхтар каля шостага пад’езда.
“Толькі што ішла з крамы, і ішла бабуля, ішла і бедавала, што немагчыма ісці, таму што нічога не відаць. Ніводнага ліхтара! Увогуле!”
Асобная праблема — стан дарогі. Жанчына сцвярджае, што яна ўся ў выбоінах, якія ў цемры проста немагчыма заўважыць.
“Дзеці раніцай ідуць у школу. Увечары ўсе вяртаюцца па такой жа цемры. Дарога цалкам складаецца з ямак. Там спатыкнуцца і нешта сабе зламаць — секундная справа!” — піша гамяльчанка і пытаецца, куды трэба звяртацца, каб праблему нарэшце вырашылі.
“Тры гады тут жыву”
З наступнага каментара аўтаркі вынікае, што гаворка не пра часовую няспраўнасць асвятлення.
“Тры гады тут жыву. І ўвесь гэты час такая гісторыя. Думала, што ну вось-вось зробяць. Не можа ж быць такога, каб некалькі двароў былі без ліхтароў. Аказваецца — можа”, — напісала яна.
Скарга выклікала рэакцыю іншых гамяльчан. Адзін з карыстальнікаў параіў звярнуцца па нумары 115, праз які ў Беларусі прымаюць заяўкі па праблемах жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Іншыя звярнулі ўвагу на кантраст паміж такімі базавымі праблемамі і гарадскімі праектамі добраўпарадкавання.
“Вось з чым трэба гораду разбірацца, а не адзіны стыль ляпіць”, — напісала адна з карыстальніц.
Яшчэ адзін каментатар адрэагаваў значна больш змрочна:
“Калі зарэжуць каго-небудзь, то адразу паставяць, як было на Сельмашы”.
Пакуль невядома, ці звярталіся жыхары дома з афіцыйнымі заяўкамі ў камунальныя службы і ці плануюць улады аднаўляць дваровае асвятленне.