На Гомельшчыне 5 верасня правядуць чарговы абласны суботнік. Заробленыя жыхарамі рэгіёна грошы накіруюць на завяршэнне рамонту Мазырскага радзільнага дома. Гэта ўжо не першы суботнік, сродкі ад якога ўлады вырашаюць выкарыстаць на гэты аб’ект.

Радзільня ў Мазыры. Фота: mozyr-roddom.by
Пра новы збор грошай на радзільню паведаміў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко падчас апаратнай нарады. Паводле дзяржСМІ, суботнік прызначаны на 5 верасня, а атрыманыя сродкі павінны стаць “важкім укладам” у завяршэнне работ.
Грошы на рамонт радзільні праз суботнік збіралі ўжо ў канцы сакавіка 2026 года. Тады ўлады прызнавалі, што прадугледжаных у бюджэце сродкаў недастаткова, таму частку заробленага падчас абласнога суботніка вырашылі накіраваць на рамонт і закупку медыцынскага абсталявання.
Цяпер, за два месяцы да запланаванага завяршэння рэканструкцыі, жыхароў вобласці зноў клічуць на суботнік. Рамонт абяцаюць скончыць у лістападзе 2026 года — такія ж тэрміны пазначаліся і ў закупках па аб’екце.
Радзільня даўно чакала рамонту
Пра стан будынка раней скардзіліся і самі пацыенткі. У водгуку за 2025 год адна з жанчын станоўча ацаніла харчаванне і працу часткі персаналу, але апісала зусім іншае становішча з бытавымі ўмовамі:
“Хаця б знайшлі сродкі, каб у кожную палату павесіць шторы, жалюзі. Пра два туалеты на паверсе з унітазам, які хістаецца, нават можна не расказваць. І душ, у якім змясціцца — той яшчэ квэст”.
“Увогуле рамонту патрабуе радзільня, раз ужо яна адна засталася на такую колькасць населеных пунктаў”, — падсумавала жанчына.
Пры гэтым у водгуках нямала падзяк медыкам радзільні. Пацыенткі называюць асобных лекараў, акушэрак і медсясцёр “сапраўднымі прафесіяналамі” і дзякуюць ім за ўважлівасць і падтрымку.
Значэнне мазырскай радзільні ўзрасло пасля аптымізацыі акушэрскай дапамогі ў рэгіёне. Напрыклад, у суседніх Калінкавічах нарадзіць дзіця ў раённай бальніцы ўжо нельга — жанчын накіроўваюць у тым ліку ў Мазыр.
Такім чынам, рамонт установы, якая абслугоўвае не толькі Мазыр, улады плануюць завяршыць да лістапада. Аднак частку неабходных для гэтага грошай даводзіцца збіраць ужо праз чарговы абласны суботнік.
Штодзень
Можна пачытаць па тэме:
Чаму ў Беларусі ўпала нараджальнасць: што кажуць беларусы
Свята на родах: беларуска параўнала радзільні ў Польшчы і Беларусі