“У гомельскім парку атракцыёнаў некалькі чалавек ходзяць і прапануюць сфатаграфавацца з савой-сіпухай і дзіцянятамі янота і лемура. На спякоце +25, пад яркім сонцам, у натоўпе дзяцей і пад гучную музыку — для начных жывёл гэта гарантаваная смерць”, – напісалі ў сацсетках.
Відавочцы былі ў кавярні “Добры тата” на выходных і абодва дні бачылі гэтых жывёлак.
У каментарах нагадалі, што сава-сіпуха з “Чырвонай кнігі”. Таксама нагадалі пра тое, што фота з жывёламі ў такой сітуацыі рабіць кепска (хоць адказнасць, падаецца, павінная быць і на тых, хто прапануе паслугу і тых, хто дае на яе дазвол).
“Калі ў парку прапануюць сфатаграфаваць дзіця з жывёламі, я заўсёды адказваю, што мы супраць эксплуатацыі жывёл. І дзіцяці я таксама заўсёды гэта тлумачу”, – кажа А.Р.
“Божа, як можна цягаць лемурчыка і перадаваць яго з рук у рукі? Лемуры ката вельмі прывязваюцца да АДНАГО чалавека, і для іх гэта вялікі стрэс, калі іх перадаюць з рук у рукі. Гэтаксама, як і гучная музыка”, – апісала А.Б.
“Гэта вы яшчэ ў сквер «Грамыкі» не заходзілі. Там водзяць поні. Ужо гадоў 15 дакладна. У любое надвор’е. Ёй днём не даюць вады (нават у спёку +30), каб яна не гадзіла. І хто б ні скардзіўся, поні ўсё роўна кожны сезон у скверы. Мясцовыя ведаюць пра яе ўсё, але ніхто нічога не можа зрабіць. Прывозяць яе туды пастаянна падлеткі, нанятыя на гэтую працу. Жывёла ў жахлівым стане”, – распавяла І.М.
Былі тыя, хто абараняў людзей, якія выходзяць на працу з жывёламі. “У чым праблема, калі ў людзей ёсць патрэбныя дакументы?”, “Кожнае лета мужчына гуляе з гэтымі жывёламі, гэта ягоныя жывёлы”. Каментатарка таксама спрабавала давесці, што янот і лемур не начныя жывёлы і сумнявалася наконт савы-сіпухі.
Аўтарка допісу ў выніку патэлефанавала са скаргай у Дзяржінспекцыю па ахове жыльнага і расліннага свету. Там абяцалі даслаць праверку. Сярод іншых прапановаў: сайт для электронных зваротаў і выклік міліцыі на месцы.




