Сёлета прайшлі першыя ваенна-палявыя зборы для дзесяцікласнікаў. Без іх няшчасных школьнікаў абяцалі не атэстоўваць, у наступны клас не пераводзіць. Загнаць іх павінныя былі ў намётавыя гарадкі і муштраваць, муштраваць, муштраваць.

Штодзень паглядзеў, што атрымалася. Спойлер: мы так і не зразумелі, навошта, акрамя паказушнасці і доступу да розумаў хлопцаў, на дзесяць дзён гэта ўсё арганізоўвалі.
Некаторых мазырскіх дзесяцікласнікаў пасялілі ў намётах: частку ў стацыянарных з драўлянай падлогай, пакрытых камуфляжнымі сеткамі, частку – у звычайных турыстычных на тэрыторыі дома адпачынку. Там у сталоўцы іх і кармілі. Карэспандэнт мясцовага тэлеканала з гонарам распавядаў, што “адпачынак толькі ў намётах, размешчаныя ложкі і ёсць печ для ацяплення”.
Бачна, што не хапала не толькі намётаў, але і формы, палова з дзесяці чалавек былі ў савецкай з нашытымі чырвонымі сцяжкамі, некаторыя падлеткі ўвогуле не пераапраналіся. Найхутчэй, вінтоўка і аўтамат (з яго ніхто не страляў, а насілі з сабой) былі ў адным асобніку.
“Больш за ўсё мне з палявых збораў спадабалася тактычная падрыхтоўка, мятанне гранатаў, даведаўся пра некалькіх відах перапаўзання па полю. Спадабалася медыцына”, – кажа дзяржаўнаму рэгіянальнаму тэлеканалу хлопец у савецкай форме з чырвоным сцяжком.
Як аказалася, месца ў намётах усім не хапіла. “Падчас мерапрыемстваў каля 160 хлопцаў знаходзіліся на кругласутачным знаходжанні, а 140 – паказвалі свае ўменні і навыкі ў цэнтры”, – растлумачыў раёнцы загадчык цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі юнакоў і медыцынскай падрыхтоўкі дзяўчат палкоўнік у запасе Алег Глухаў. Цэнтр на практыцы – гэта ложкі ўпрытык у спартовай залі, дзе нават арганізавалі “ціхую гадзіну”.
На закрыцці збораў у Рэчыцы было бачна, што кампанія сабралася розная: у белых кашулях і школьных штанах, у белых майках, у чорных, з малюнкамі, некаторым нечакана дасталіся камуфляжныя камізэлькі і ваенныя бацінкі. Міліцыя, людзі ў камуфляжы, дарослыя мужчыны і жанчына ў псеўда-савецкай форме, мужчына ў камуфляжы, броніку і з чабурашкай – ды каго толькі не было на тым закрыцці. Маршыравалі, падаецца ў разнабой, але што здзіўляцца, беларускія вайскоўцы гэтаму вучацца цэлае жыццё.
Гэтыя школьнікі жылі ў міжшкольным цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі. Ложкі ссунутыя ў прытык, шафы. Камусьці дасталася пасцельная бялізна і покрыўкі, нехта спаў у сваіх спальніках. Кажуць, што яны на сустрэчы з рэчыцкай чыноўніцай выказалі пажаданні па паляпшэнню збораў, але іх не агучылі. Падаецца, там было мала прыемнага для ўладаў.
У Нароўлі зборы завершылі традыцыйнай для вайскоўцаў гульнёй “Зарніца” (толькі назвалі яе “Ураган”). Стралялі і насілі “параненых” таварышаў на школьным двары і падаецца патапталі клумбы ці нават градкі. Трава часткова вытаптаная там даўно.

Дзесяцікласнікаў у Петрыкаве, падаецца, прымусілі жыць у школе. Прынамсі, на сустрэчы з мясцовай чыноўніцы, яны знаходзілі сабе занятак унутры школы, гралі на гітары ў спартовай залі, пастраенне было на стадыёне, там жа стаялі некалькі турыстычных намётаў.
Важна, што чыноўніца пакарміла падлеткаў (на фота акуратна сфоткалі два пакета соку). І калі ў Мазыры не хапала формы, то тут ніяк не змаглі б правесці спаборніцтвы па стральбе, бо аўтаматы былі драўляныя.

У Брагіне школьнікаў пасялілі на ўскрайку лесу ці парка. Крэслы, што праўда прывезлі яўна са школы. Тут чыноўнікі вырашылі не толькі прыехаць праведаць падлеткаў, але і як мага мацней запужаць іх, распавёўшы ім пра злачынствы і адказнасць.

У Рагачове школьнікаў засялілі ў школу-інтэрнат. Тут з пераапрананнем у форму не замарочваліся, ваенную падрыхтоўку, падаецца забяспечвала міліцыя.


Заняткі з ельскімі школьнікамі праводзілі вайскоўцы ў балаклавах са спецпадраздзялення “Граніт”. Ім паказалі нейкі навігацыйны прыбор (можа, і компас), дрон і, канечне, як правільна цягнуць нагу пры маршыраванні. Апранулі дзесяцікласнікаў у асноўным у розны камуфляж, хоць яго хапіла не ўсім.
У іншыя дні хлопцы сустракаліся з медыкамі, гулялі ў футбол, слухалі лекцыі пра экстрэмізм, з’ездзілі на памежную заставу, прайшлі паласу перашкодаў, МНС паказала як тушыць агонь.
У намётах школьнікі не жылі, іх хутчэй ставілі для некаторых фота. Ложкі хлопцам паставілі ў спартовай залі – цяжка ўявіць, якія гэта непрыемныя ўмовы – да таго ж, падаецца, пасцельную бялізну кожны прыносіў сваю.
У Калінкавічах школьнікаў таксама пасялілі ў спартовай залі школы з рознай пасцельная – а значыць, прынесенай з дома – бялізнай. Тэлефоны забіралі і выдавалі толькі на гадзіну. Для хлопцаў знайшлі два аўтаматы, якія яны збіралі перад чыноўнікамі. Завяршэнне збораў мясцовая раёнка назвала дэмбелем.
У Светлагорску дзесяцікласнікі жылі ў школе, хадзілі ў цір, ваенную частку і капалі акопы. Да іх прыходзілі вайскоўцы, мнснікі і чыноўнікі.
У Гомелі школьнікаў адсялілі ў дзіцячы аздараўлянчы лагер “Луч”. Прынамсі, частка з іх жылі сапраўды ў намётах. Частцы школьнікаў знайшлі аднолькавыя чорныя майкі і кніжку “Дапрызыўная падрыхтоўка”, прайшла дыялогавая пляцоўка пра патрыятызм і вайсковую службу.
А што ж у дзяўчынак? У некаторых выпадках падрыхтоўка працягвалася ўсяго толькі два дні, і нікому не прыйшло ў галаву іх перасяліць у школу ці намёты. Таму пра гэтую частку збораў пісалі значна радзей.
Што ж у сухім астатку. Прапаганда нясмела выказвае надзеі, што пасля гэтых збораў шмат хто захоча быць ваенным (што стала з прыстыжам прафесіі, калі даводзіцца такім чынам падвышаць набор) і напэўна медыкамі. Маўчаць яны пра тое, што гэтыя зборы – працяг падрыхтоўкі да вайны і мілітарызацыі дзяцінства.
Але наколькі гэта будзе эфектыўным? Калі прыгадаць гісторыю адукацыі Беларусі, то вайсковую падрыхтоўку ўжо адмянялі, пасля вярталі, праводзілі заняткі ў школах, пасля ганялі ў спецыяльныя цэнтры. І вось цяпер адсяленне ў намётавыя мястэчкі і школы на дзесяць дзён. Мяняецца толькі месца, а праграма ўся тая ж: муштра, кінуць гранату, сабраць аўтамат, апрануць процівагаз – усё гэта не мае ніякіх адносінаў да сучаснай вайны. Ідэалогіі толькі стала болей. Але і гэта няважна – ужо заўтра будзе лета, а паслязаўтра 10 дзён застануцца за спінай як страшны сон.


















