HomelDays_Logo_Main-mobil

Ад згушчонкі да касметыкі: як каноплі маглі б стаць новым брэндам Гомельшчыны

“Не ведаю, ці будуць у нас калі-небудзь пасяўныя каноплі” – сказаў Назар Мельнікаў, які называе сябе фермерам-інфлюэнсерам, у адным з ток-шоу АНТ. Пры тым, што як высветлілася пазней, удзельнік тэлепраграмы няшмат мае агульнага с сельскай гаспадаркай, ён закрануў цікавую тэму.

Ці ўсе каноплі небяспечныя? Ці магла б гэтая расліна выратаваць стратныя беларускія сельскія гаспадаркі і павысіць турыстычны імідж Беларусі? Спрабуем разабрацца.

Падпольная лабараторыя па вырошчванню і перапрацоўцы канапель. Гомель, 2025. Фота: belta.by

 

Сучасныя беларусы калі і згадваюць каноплі, то толькі ў кантэксце супрацьдзеяння гандлю наркотыкамі. Штогод і на Гомельшчыне, і па ўсёй краіне, ліквідуюцца нелегальныя фермы канапель. Між тым, гэтая традыцыйная для нашых зямель расліна выкарыстоўваецца не толькі для вырабу марыхуаны. Да таго ж існуюць гатункі з мінімальным утрыманнем псіхаактыўных рэчываў – гэта і ёсць пасяўныя каноплі.

На Беларусі яны вырошчваліся здаўна (гэта знайшло адлюстраванне нават ва фразеалагізме «Як Піліп з канапель»). У пачатку ХІХ каноплі былі адной з галоўных экспартных культур. У 1956 годзе СССР быў лідарам па прадукцыі гэтай сыравіны. Але з 1961 года, пасля ратыфікацыі СССР канвенцыі ААН «Аб наркатычных сродках», пасяўных плошчаў пад папулярную колісь культуру сталі адводзіць усё менш. Зараз у Беларусі забаронена вырошчваць любыя гатункі канапель.

Тэарэтычна імпартаваць сыравіну можна. У суседняй Расіі, на прыклад, дазволены 31 гатунак і на 2024 год мелася 16,5 га гэтай сельскагаспадарчай культуры. Спіс тавараў, якія можна зрабіць з канапель, даволі вялікі. Частка з іх магла б быць запатрабаваная прыхільнікамі экалагічнага і здаровага ладу жыцця, якіх становіцца ўсё болей. Стэрэатыпнае суаднясенне канапель з марыхуанай дапамагае ў будаванні маркетынгавай стратэгіі (выкарыстоўванне гумару павялічвае эфектыўнасць рэкламы). І пакуль мясцовыя беларускія вытворцы не спяшаюцца скарыстацца гэтай магчымасцю, беларускія спажыўцы закупаюцца расійскімі таварамі (харчовымі, касметычнымі і г.д.), якіх хапае на папулярных маркет-плэйсах.

Ёсць і беларускія тавары з канапель, напрыклад, серыя касметыкі Беліта, але шырока рэкламаваць вырабы вытворцы не наважваюцца.

Крыніца: belita-shop.by

 

Калі б пасяўныя каноплі ў Беларусі былі дазволены, можна было б аднавіць вытворчасць як традыцыйных (алей і тканіна), так і новых вырабаў. Склалі прыкладны спіс таго, што магло б стаць трэндавым.

  1. Крыніца раслінных бялкоў – парашок з сушаных канапель. У Польшчы такі харчовы дадатак можна купіць у звычайных крамах. Попытам маглі б карыстацца таксама мука і клятчатка з канапель.

Фота: zdrowapaczucha.pl

  1. У розных гарадах Еўропы сустракаюцца сувенірныя крамы, дзе можна набыць печыва ці шакалад з распазнавальным зялёным лісцем на абгортцы. Такія тавары насамрэч не ўтрымліваюць псіхаактыўных рэчываў, але турысты ахвотна іх набываюць. Чаму б Гомельшчыне не брэндзіраваць канапляную рагачоўскую згушчонку?

Фота: Ілюстрацыя створана штучным інтэлектам

  1. На экалагічных торбах з канаплянага палатна можна было б размесціць галоўны сімвал Гомеля. Не, не рысь, а драўляны дэкор ва ўсім яго багацці.

  2. Гомельскі тлушчавы камбінат прапануе мыла з экзатычнымі манга ці грэйпфрутам. Выкарыстанне традыцыйных канапель дазволіла б пашырыць асартымент.

Фота: Ілюстрацыя створана штучным інтэлектам.

Вяртанне канапель на беларускія палі спрыяла б не толькі развіццю сельскай гаспадаркі і павелічэнню продажам прамысловых вырабаў. Турыстычная галіна магла б здзівіць нечаканай прапановай: фотасесіяй на канаплянай плантацыі. Застаецца толькі чакаць, калі стэрэатыпы саступяць месца эканамічнай карысці і традыцыйная культура адваюе страчаныя пазіцыі.

Штодзень

 

Слайдар пастоў