HomelDays_Logo_Main-mobil

У Гомелі ад сёння забаранілі пракатныя самакаты ноччу, падтрымалі не ўсе

Рашэнне было прынятае сілавікамі і чыноўнікамі даволі хутка, пра што кажа тое, што пра яго стала вядома літаральна ўчора. Забарону звязалі з ДТЗ у цэнтры Гомеля, у якім пацярпелі падлеткі на самакатах.

Фота: Eleven

Якім чынам дапаможа забарона перасоўвацца на самакатах і менавіта на арэндаваных самакатах бяспецы пакуль незразумела, але факт такі ад сёння з 00 да 5 гадзінаў імі карыстацца будзе нельга. Рэалізуюць бан вельмі проста – праз прыкладанне, з якога кіруюцца самакаты.

Якія яшчэ змены ўвялі

– забарону для падлеткаў да 14 год без прысутнасці дарослых. Як гэта кантраляваць пакуль не ведаюць нават у прапагандзе, якая паведаміла пра гэты факт.

– перад пешаходным пераходам трэба скінуць хуткасць самаката да 7 км/г.

– нельга ездзіць амаль па ўсім гістарычным цэнтры Гомеля (палац Паскевічаў і вуліцах вакол), а таксама ў шэрагу парках, вакол рынкаў і гандлёвых цэнтрах.

– у цэнтры прыбяруць некаторыя паркоўкі, забароняць пакідаць самакаты каля будынкаў адміністрацый і выканкамаў, а таксама на вузкіх тратуарах, бліжэй чым за метр ад дарогаў, на мастах і роварных дарожках.

Ускладніцца жыццё і аператараў пракату, якія павінныя будуць гэта ўсё адсочваць.

Чытаючы спіс забаронаў, складаней зразумець, што цяпер можна рабіць самакатчыкам. І ў рэшце рэшт, прычым тут ДТЗ, прыкрываючыяся якім, улады забаранілі ўсё, што можна. Прасцей напісаць, дзе цяпер можна ездзіць на самакатах. І, зразумела што, мы так і не даведаемся, калі будзе патрэбная інфраструктура ў горадзе.

Што тычыцца гамельчан, то нават ва ўрэзаным выглядзе (абмяркоўвалі забарону карыстацца самакатам ноччу) ініцыятыва знайшла падтрымку не ва ўсіх. Галоўны аргумент у тым, што менавіта ноччу зручна карыстацца самакатамі: няма людзей, мала машынаў, ды і грамадскага транспарту няма, які часткова і замяняліс самакаты. Прыгадалі ўладам і адсутнасць адпаведнай інфраструктуры і ўцямных правілаў карыстання самакатамі.

“Як дзіўна. Калі няма пешаходаў, грамадскага транспарту, ды і машын амаль няма, тратуары і пераходы вольныя нельга на самакаце. Таксі падаражэла. Хутка і веласіпеды напэўна забароняць. На сваіх дваіх таксама небяспечна, ды і доўга… Гэтае салодкае слова свабода”, – піша М.К. з чырвона-зялёным сцяжком у ніке.

Штодзень

Слайдар пастоў