Ужо зусім хутка пад Стукачоўкай пад Гомелем могілкі разрастуцца настолькі, што стануць самымі буйнымі ў Беларусі. Там жа будзе і крэматорый.

«Штодзень» вывучыў справаздачу ўплыву на навакольнае асяроддзе і паспрабаваў разабрацца, у чым рызыкі.

Стукачоўскія могілкі каля Гомеля
Выкіды ў паветра
У справаздачы паведамляецца, што па адным з варыянтаў развіцця падзеяў у паветра могуць выкідвацца 22 інгрыдыенты, па другім – 13. Але па абодвух сцэнарах першага класа небяспекі (самага небяспечнага) з іх – пяць.
Сярод іх:
- Кадмій і ягоныя злучэнні. Негатыўна ўплывае на ныркі, печань, цэнтральную нервовую сістэму, парушае фосфарна-кальцавы абмен, злучэнні кадмія з’яўляюцца моцнымі канцэрагенамі.
- Ртуць і яе злучэнні. Пры ўдыханні пароў канцэнтруецца ў мозгу, у выніку чаго ўзнікаюць нервова-псіхічныя парушэнні.
- Свінец і ягоныя неарганічныя злучэнні. Уплываюць на нервовую сістэму чалавека, што прыводзіць за зніжэння інтэлекту і г.д., прыводзіць да захворванняў сэрца і анеміі.
- Бензапірэн. Можа прыводзіць да анкалагічных захворванняў.
- Дыяксіны. Можа прыводзіць да пашкоджанняў імуннай сістэмы, печані, стрававальнай сістэмы.
Для таго каб гэтыя рэчавы пачалі усур’ёз шкодзіць, трэба каб яны дасягнулі вызначанай канцэнтрацыі. У дакуменце чыноўнікі сцвярджаюць, што гэтага не будзе, калі праводзіць сваечасовае абслугоўванне прыбораў.
«З улікам характарыстыкі аб’екта ўстаноўлена, што на прадпрыемстве адсутнічаюць вытворчасці, для якіх тэхналагічным рэгламентам маглі б прадугледжвацца залпавыя выкіды ў атмасферу. Таксама на прадпрыемстве адсутнічаюць аварыйныя крыніцы выкідаў забруджвальных рэчываў. Правільная эксплуатацыя крэматорыя з выкананнем патрабаванняў тэхнікі бяспекі, своечасовае і рэгулярнае абслугоўванне газаачышчальнага абсталявання, а таксама строгае выкананне тэхналагічнага рэгламенту забяспечаць выключэнне магчымасці ўзнікнення аварыйных выкідаў у атмасферу», – адзначаюць аўтары дакументу.
Паводле іх, забруджвальныя рэчавы ў нармальнай сітуацыі не выходзяць за нарматывы і не робяць уплыву на паветра. Уплыў на навакольнае асяродзе ў цэлым нізкі.

Вада
Пры рабоце могілак і крэматорыя будзе забірацца вада з падземных крыніцаў. Будуць і вытворча-бытавыя стокі, у тым ліку пасля дэзінфекцыі.
Што важна, аўтары праекта абяцаюць, што скідваць адыходы ў раку не будуць. Хаця бывалі ў гісторыі Беларусі розныя выпадкі. Базава плануецца арганізацыя збору ў выграб, а пасля вываз іх (кудысьці з гэтай тэрыторыі, куды не ўдакладняецца).
Глеба
Сярод магчымых шкодных эфектаў для глебы магчымы зліў забруджанай вады, а таксама пралівы гаруча-змазачных матэрыялаў. Але трэба мець на ўвазе, што на тэрыторыі будучых могілак ужо высякаюць дрэвы, здымаюць глебу, на месца насыпаюць пясок («гэта парушае экалагічную раўнавагу глебавай сістэмы»). Пры гэтым будаўніком забаронена псаваць усе элементы расліннага супольнасцяў за межамі пляцоўкі.
«Для мінімізацыі рызыкі неспрыяльнага ўздзеяння адходаў на кампаненты навакольнага асяроддзя, у тым ліку на забруджванне глебы, асаблівую ўвагу трэба надаць правільнай арганізацыі месцаў часовага захоўвання адходаў», – прызнаюць аўтары дакумента.
У цэлым дакумент указвае на шэраг патэнцыйна праблемных пунктаў. Ці змогуць чыноўнікі і кіраўніцтва могілак / крэматорыя не дапусціць парушэнняў, якія б выклікалі значныя праблемы ў навакольным асяроддзі, пакажа час.
Штодзень
Фота: Гомельская праўда