HomelDays_Logo_Main-mobil

У Гомелі будуюць крэматорый

З’яўленне гэтых могілак – самых буйных у Беларусі – сапраўды, у нейкай ступені дасягненне для Гомеля. Абмеркаванне пра неабходнасць крэматорыя ў найбуйнейшым абласным цэнтры Беларусі ідзе ўжо мінімум чатырнаццаць год.

14 год планаў

 

У 2012 годзе нават быў вызначаны год увода ў эксплуатацыю аб’екта: цяпер смешна чытаць, але 2014 год. Быў абраны інвестар СТАА «Белэкапрам». Як паведамляў тады начальнік аддзела эканомікі Гомельскага райвыканкама Аляксей Мохараў, была падпісаная інвестыцыйная дамова на звыш чым мільён долараў. Комплекс тады планавалі размясціць пад Гомелем у напрамку Рэчыцы.

Пасля нешта пайшло не так. Праект ціха сышоў у нябыт. У 2021 годзе галоўная прапагандысцкая газета рэгіёну зноў задавалася пытаннем, ці трэба Гомелю крэматорый. Няўдачы спісвала на праблемы з інвестарамі: «Пабудаваць такі аб’ект у Гомелі спрабавалі пяць інвестараў, але кожны падлічваў выдаткі, разважаў і ад ідэі адмаўляўся. Потым за разлікі ўзяліся студэнты Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі. У 2015 годзе яны распрацавалі план будаўніцтва крэматорыя (паводле задумы, яго размясцілі ў Асаўцах), падлічылі кошт праекта і час, праз які ён акупіцца, — прыблізна 2,5 года. Студэнцкая праца тады заняла першае месца на рэгіянальнай міжвузоўскай алімпіядзе».

З той жа публікацыі стала вядома, што ў Гомелі працуе крэматорый для жывёлаў, у якім за тры гады на той момант развіталіся з 400 коткамі, сабакамі, шыншыламі, хамячкамі і папугайчыкамі. Прадпрыемства працягвае работу і сёння.

Публічнае вяртанне тэмы зафіксаванае больш чым праз 10 год. На адсутнасць крэматорыя ў 2023 годзе паскардзіўся жыхар Гомеля Анатоль Дзем’яновіч, і нечакана стала вядома, што ідзе размова пра выдзяленне ўчастка пад могілкі і крэматорый. Тады ж кіраўнік Гомеля Уладзімір Прывалаў распавёў, што пад іх выдзяляецца ўчастак: «Толькі гэта павінна быць не прыватнік, павінна быць дзяржаўнае. Павінны быць такі аб’ект у горадзе. І мы яго абавязкова зробім».

Як цяпер

Перад пачаткам будовы новых могілак правялі грамадскія слуханні. Самай прынцыповай аказалася Валерыя Яфрэмава, якая прадставіла 14 заўвагаў на дакументацыю, якія прывялі да прыпынення саміх слуханняў і перапрацоўцы дакументацыі.

Але ўсё роўна каб пабудаваць новыя могілкі, высеклі лес на даволі вялікай прасторы. Толькі першая чарга могілак – гэта 43 га, усе тры чаргі – 127 га, на крэматорый і калумбарый – яшчэ 23. Агулам маем – 150 га лесу. Пасля завяршэння ўсіх работ і пашырэння Стукачоўскія могілкі стануць самымі вялікімі ў Беларусі.

Усе ранейшыя праекты могілак (а іх было не адзін) яўна былі адкінутыя, актуальны падрыхтаваў «Гіпражыўмаш». Выконвае работы Гомельскі гарадскі дарожны будаўніча-рэмонтны трэст. Крэмацыйную печ плануюць закупіць расійскую. Плануецца, што прадпрыемства будзе працаваць без выходных круглы год, па восем гадзінаў.

Радавацца тым, хто планаваў тэрмінова правесці крэмацыю, рана. Завяршэнне ўсіх работ запланаванае на 2028 год. Сёння ж крэматорый у Беларусі адзін – у Мінску.

У 2028 годзе павінна завершыцца больш чым 15-гадовая гісторыя са з’яўленнем крэматорыя ў Гомелі. Пытанне толькі ў тым, як мы прыйшлі да сітуацыі, калі падобная будоўля, а не з’яўленне школаў і дзіцячых садкоў, становіцца будоўляй стагоддзя для мясцовых уладаў.

Штодзень
Фота: Гомельская праўда

Слайдар пастоў