
Гістарычны здымак царквы. Фота: https://t.me/spadczyna
Усё таму, што нейкая “раённая грамадская назіральная камісія па ахове гісторыка-культурнай спадчыны” прызнала, што ўсё добра.
Гаворка ідзе пра Свята-Троіцкую царкву ў Старым Крупцы Добрушскага раёна, будынак з’яўляецца помнікам архітэктуры. Яго гісторыю распавёў тэлеграм-канал “Спадчына”.
Каля 25 год таму на даху ўсталявалі непрапарцыйныя купалы-цыбуліны. Праз 20 год яны пачалі развальвацца, і замест распрацоўкі праекта навуковай рэстаўрацыі, прыход самавольна памяняў іх на новыя. Паменей, пакрытыя нітрыдам тытану і таксама далёкія ад арыгіналу.
У сувязі з гэтым быў зварот у Добрушскі райвыканкам. У адказе ўлады прызналі памылкі мінулага са знятымі ўжо “цыбулінамі”, свавольства ў іх замене.
Але невядомая “раённая грамадская назіральная камісія па ахове гісторыка-культурнай спадчыны” (знайсці сляды не атрымалася, хто туды ўваходзіць таксама незразумела, чаму яна можа рабіць нейкія заключэнні) нечакана ўстанавіла, што новыя купалы, аказваецца, “адпавядаюць першапачатковаму гістарычнаму абліччу царквы, а таксама царкоўным канонам”.
За памылку нікога караць не будуць: чыноўнікі звольніліся, тэрмін даўніны па адміністрацыйным правапарушэнні скончыўся. А прыход увогуле, як аказваецца, усё зрабіў правільна.

Актуальны выгляд царквы. Фота: t.me/spadczyna
Ад нармальнай рэстаўрацыі рэгіянальныя чыноўнікі не адмаўляюцца. Толькі вось грошаў на яе няма, і невядома, ці будзе нешта рабіць у гэтым кірунку рабіць прыход. Камісія ж адказных таварышаў іх ужо апраўдала і амаль пахваліла.
Штодзень
Фота: https://t.me/spadczyna