21 лютага – дзень роднай мовы. На нашым рэсурсе дзень роднай мовы кожны дзень, паколькі ўсе нашыя матэрыялы – на беларускай мове. Але з нагоды свята падрыхтавалі для вас некалькі цікавых фактаў пра беларускую мову.
Існуюць дзве канцэпцыі ўтварэння беларускай мовы.
Паводле першай, беларуская мова, як і іншыя ўсходнеславянскія мовы, утварылася прыкладна ў VII – VIII стст. непасрэдна з племянных дыялектаў. Паводле іншай, якая была папулярная ў савецкія часы, у Кіеўскай Русі існавала адзіная этнічная супольнасць з адзінай мовай – агульнаўсходнеславянскай. У XIII ст. дзяржава распадаецца і вылучаюцца ўсходнеславянскія народы, кожны са сваёй мовай.
Паказальныя рысы беларускай мовы можна знайсці ўжо ў пісьмовых помніках 13 ст.
Гаворка пра дагаворную грамату смаленскага князя Мсціслава Давыдавіча з Рыгай і Гоцкім берагам (1229 г.).

Адна з копій, якая захоўваецца ў Расейскім дзяржаўным архіве старажытных актаў.
Беларуская мова – дзяржаўная мова ВКЛ
Беларуская мова стала дзяржаўнай мовай у ВКЛ пры князю Альгердзе (1296–1377 гг.). Яе прававое становішча як дзяржаўнай было юрыдычна замацавана ў другой і трэцяй рэдакцыях Літоўскага Статута (1566 і 1588 гг.).
Даследчыкі спрачаюцца, на якой мове напісаныя выданні Скарыны.
Адныя сцвярджаюць, што гэта беларускі варыянт царкоўнаславянскай мовы. Іншыя – аўтарскі варыянт старабеларускай мовы. Існуе меркаванне, што гэта гібрыдная сумесь старабеларускай, царкоўнаславянскай, чэшскай і польскай моваў. У любым разе, як адзначаў А.М. Булыка, арфаграфічная сістэма выданняў “прыкметна адступае ад старажытных традыцыйных норм у бок фанетызацыі пад уздзеяннем жывога беларускага маўлення.

Малая падарожная кніжка, Вільня, каля 1522. Фота: Магілёўская абласная бібліятэка.
Забарона на беларускую мову
Ужо пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай афіцыйнай мовай становіцца руская. У 1840 годзе Мікалай І асабіста забараніў ужываць тэрмін “губерніі Беларускія і Літоўскія”. Пасля разгрому паўстання Каліноўскага (1863-1864) забараняўся друк на беларускай мове. Пра гэта падрабязна піша Аляксандр Шлюбскі ў артыкуле “Адносіны расійскага ўраду да беларускае мовы ў XIX ст.”
У 1933 годзе адбылася рэформа беларускага правапісу, у выніку якой беларуская моўная норма была набліжаная да рускай.
Тры алфавіты і два правапісы
Беларуская мова мае тры алфавіты: кірыліцу, лацінку і арабіцу. А таксама два правапісы (пасля рэформы 1933 года): наркамаўку і традыцыйна класічны правапіс (называюць тарашкевіца)

Адзіная дзяржаўная мова ў 1990
26 студзеня 1990 беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай. Закон “Аб мовах” прыняў Вярхоўны Савет БССР 11-га склікання. Другі артыкул гэтага дакумента абвяшчаў, што беларуская мова з’яўляецца адзінай дзяржаўнай у Беларусі, а руская мова застаецца мовай “міжнацыянальных зносін народаў СССР”.
Мова ў небяспецы
У Атласе моў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, складзеным па ініцыятыве ЮНЕСКА, жыццяздольнасць беларускай мовы ў Беларусі абазначаная тэрмінам vulnerable — “слабая, у небяспецы”.
Пачытаць, навошта нам беларуская мова можна тут
А пра змаганне за беларускую школу ў Гомелі можна пачытаць тут