Рок-зоркі, праваабаронцы, турысты, пенсіянеры, шматдзетныя маці, альбо хто з жыхароў Гомельшчыны патрапіў у “спіс экстрэмістаў”

by ZB

У апошнюю дэкаду кастрычніка “ўдарнікі” з Міністэрства ўнутраных справаў адным пакетам дадалі больш за 600 чалавек у так званы “спіс экстрэмістаў”. Агулам ліст асобаў, якіх улады лічаць асабліва небяспечнымі, стаў налічваць паўтары тысячы грамадзянаў. Сярод іх — сотні жыхароў Гомельшчыны. Хто з нараджэнцаў нашае вобласці увайшоў у так званы “экстрэмісцкі спіс” МУС? “Штодзень” праглядзеў табліцу “экстрэмістаў” і вызначыў, хто з вядомых землякоў фігуруе ў спісе.

Калі прааналізаваць змест табліцы МУС, то вынікае, што ў ім прысутнічаюць у асноўным асуджаныя па палітычных артыкулах беларусы. Некаторых з грамадзянаў занеслі ў “экстрэмісцкі спіс” па адбыцці пакарання, што само па сабе з’яўляецца юрыдычным нонсэнсам.

Сябраў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай з Гомеля Дзмітрыя Івашкова, Аляксандра Шабаліна, Таццяну Канеўскую і Юрыя Уласава ўнеслі ў спіс камандай, што як бы паказвае, наколькі ўлада пакрыўдзілася на “ціханоўцаў” за 2020 год.

Суд над сябрамі ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай у Гомелі

Сярод “экстрэмістаў” у табліцы ёсць імя палітвязня, анархіста Дзмітрыя Рэзановіча, які атрымаў 19 гадоў зняволення нібыта за незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі і баепрыпасаў. Суд так і не змог пераканаць грамадскасць і праваабаронцаў у тым, што група анархістаў, у якую ўваходзіў Дзмітрый Рэзановіч, насамрэч планавала нешта такое, у чым іх абвінавацілі.

Дзмітрый Рэзановіч

Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі і пенсіянер МУС Уладзімір Няпомняшчых, вядомы многім гомельцам за сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю і ўдзел у масавых акцыях пратэсту, быў змешчаны ў турму па сфабрыкаванай крымінальнай справе. Яму інкрымінавалася тое, што ён нібыта абразіў пракуроршу на адным з палітычных працэсаў, хоць у той момант многа людзей чулі, што ніякай абразы не было.

Уладзімір Няпомняшчых

Дарэчы, судзілі Уладзіміра Няпомняшчых за ягонае абурэнне несправядлівым выракам над гомельцам Георгіем Васіленкам, якога кінулі за краты за тое, што 16 жніўня 2020 года, на самым масавым апазіцыйным мітынгу ў гісторыі Гомеля, ён узняў на флагштоку на плошчы Леніна нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг. Георгій, як і Уладзімір Няпомняшчых, таксама дададзены ў спіс “экстрэмістаў”.

Георгій Васіленка

Двое гомельскіх праваабаронцаў з ліквідаванага ўладамі ПЦ “Вясна” сталі таксама экстрэмістамі. Гэта — Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца. Пра гэтую навіну мы пісалі раней.

З невядомай прычыны ў спісе з’явілася прозвішча гомельца Ігара Галушкі. Ігар Галушка — вядомы ў Гомелі грамадскі дзеяч, турыст са стажам у 40 гадоў і арганізатар пешых паходаў. Быў затрыманы 1 сакавіка 2022 года за каментары ў сацсетках, у якіх прадстаўнікі ўладаахоўных органаў убачылі “распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо сацыяльнай варажнечы”. Ігар Галушка прызнаны палітзняволеным. Асуджаны на 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. У дадзены момант адбывае пакаранне ў ПК №3 “Віцьба”.  “Штодзень” некалі публікаваў інтэрв’ю з Ігарам, якое можна пачытаць тут.

Ігар Галушка

68-гадовы сяльчанін Мікалай Віцікаў, які адбыў пакаранне “за замах на распаўсюд недакладнай, абразлівай… інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў і сілавікоў”, таксама стаў фігурантам спіса. Мікалай Віцікаў — пенсіянер і праваслаўны вернік з вёскі Церуха Гомельскага раёна. Быў затрыманы напярэдадні так званага рэферэндума за тое, што аднёс у раённую газету “Маяк” ліст з крытычнымі заўвагамі і прапановамі у Канстытуцыю.

Мікалай Віцікаў

“Штодзень” таксама знайшоў у спісе прозвішчы жыхароў горада над Сожам Станіслава Мачалава і Дзмітрыя Грышчанкі. ІТ-спецыяліста Станіслава Мачалава і былога супрацоўніка “Беларуснафты” Дзмітрыя Грышчанку абвінавацілі ў “падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ў актыўным удзеле ў іх” (ч.1 арт 342 КК). Праграмісту Мачалаву дадаткова інкрымінавалі “гвалт альбо пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў” (арт. 364 КК РБ). Абодва хлопцы асуджаныя і кінутыя за краты. Абодва прызнаныя палітвязнямі.

Стас Мачалаў і Дзмітрый Грышчанка

 

Штодзень

 

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png