Тое, што рускія дамы па ўсім свеце з’яўляюцца насамрэч апорнымі пунктамі расейскай выведкі, не ёсць сакрэтам для даследчыкаў феномена “мяккай сілы РФ”. Пад прыкрыццём падтрымкі культурніцкіх ініцыятываў і знешне нейтральных мерапрыемстваў, скіраваных на “фармаванне пазітыўнага іміджа РФ у свеце”, насамрэч адбываецца актыўная праца штатных супрацоўнікаў разнастайных расейскіх спецслужб. Прадстаўніцтвы “Рассупрацоўніцтва” ў розных краінах свету, але асабліва на тэрыторыі постсавецкіх краін, збіраюць аператыўную інфармацыю, аналізуюць культурніцкую рэзістэнтнасць дзяржаў на знешнія раздражняльнікі, падкупаюць мясцовыя афіцыйныя эліты і фактычна, калі ўсё ўдаецца, рыхтуюць глебу для анексіі тэрыторый.

Рускі дом у Гомелі
Для ілюстрацыі. У Азербайджане разгараецца дыпламатычны канфлікт з Расеяй. Мясцовыя ўлады абвінавацілі тамтэйшую структуру “Рускі дом” у арганізацыі шпіёнскай сеткі і ў падрыўной дзейнасці супраць азербайджанскай дзяржавы. Азербайджан пайшоў на беспрэцэдэнтную меру для постсавецкіх краін – забарону дзейнасці “Рускага дома” ў Баку, якая адбылася на фоне скандала са збіццём азербайджанскага цывільнага самалёта расейскім СПА. Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў заклікаў Расею аб’ектыўна расследаваць інцыдэнт і папрасіць прабачэння ў сем’яў пацярпелых. Аднак кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін некалькі разоў цынічна адмовіўся гэта зрабіць.
“Нясцерпная жорсткасць “мяккай сілы”
Даследчыкі дзейнасці “рускіх дамоў” на постсавецкай прасторы звяртаюць увагу на тое, што сапраўдныя мэты такіх структур далёкія ад высакародных матываў сяброўства і падтрымкі юных талентаў. Пару гадоў таму Украінскі інстытут выпусціў даследаванне пра дзейнасць Рускіх дамоў пад назвай “Рассупрацоўніцтва: нясцерпная жорсткасць “мяккай сілы”.
У даследаванні тлумачыцца, чаму ўсе прадстаўніцтвы “Рассупрацоўніцтва” не з’яўляюцца сапраўднай культурнай дыпламатыяй і не маюць на мэце сапраўднае наладжванне культурных сувязяў. Паводле загадчыцы інфармацыйна-аналітычнага аддзелу Украінскага інстытута Надзеі Коваль, “тыя інстытуцыі, якія ў Расеі адказваюць за культурную і публічную дыпламатыю, то бок за пашырэнне прываблівасці расійскай культуры ў свеце, працуюць не тымі метадамі і не з тымі мэтамі, з якімі працуюць, напрыклад, аналагічныя заходнія інстытуцыі. Для расейскіх прадтаўніцтваў характэрная поўная інстытуцыйная ўпісанасць ва ўладную структуру і абсалютна поўнае фінансаванне з федэральнага бюджэту. То бок няма ніякай аўтаноміі.”
Самая вялікая канцэнтрацыя рускіх дамоў
У Беларусі, якая пасля няўдалай рэвалюцыі 2020 года, перажывае тэрор з боку рэпрэсіўных органаў дзяржавы, практычна не засталося жыццядзейных структур грамадзянскай супольнасці, якія маглі б падтрымаць у крытычны момант беларускую дзяржаўнасць і мабілізаваць грамадзян на абарону суверэнітэту. Затое на выпаленым полі выдатна сябе адчуваюць разнастайныя прарасейскія квазіграмадскія арганізацыі, якія падтрымліваюцца ўсяляк структурамі “Рассупрацоўніцтва” ў Беларусі. Больш за тое, калі мясцовыя аб’яднанні нават у вегетарыянскія часы мелі праблемы з рэгістрацыяй, арэндай памяшканняў, узаемадзеяннем з мясцовымі органамі ўлады і гэтак далей, то структурам “Рассупрацоўніцтва” ў Беларусі паўсюль уключаецца “зялёнае святло”.
У дадзены момант канцэнтрацыя рускіх дамоў у Беларусі – самая вялікая ў свеце. Так, структуры “Рассупрацоўніцтва” дзейнічаюць у Менску, Гародні, Берасці, Віцебску і Гомелі. Штогод пад эгідай рускіх дамоў у Беларусі праводзяцца сотні мерапрыемстваў з удзелам прадстаўнікоў мясцовых уладаў, арганізоўваюцца “навучанні” работнікаў культурных установаў і “прафесійныя абмены з азнаямляльнымі паездкамі ў РФ”. На месцы кіраўнікі гэтых структур завязваюць сяброўскія і прафесійныя адносіны з прадстаўнікамі вертыкалі розных узроўняў, узаемадзейнічаюць з сілавым блокам і царкоўнымі іерархамі. Таксама прадстаўніцтвы “Рассупрацоўніцтва” ўдзельнічаюць у рэалізацыі вялікіх інфраструктурных праектаў, ладзяць конкурсы для школьнікаў і студэнцкай моладзі. Словам, уцягваюць Беларусь у сферу сваіх культурніцкіх, інфармацыйных, ідэалагічных уплываў. Падобная актыўнасць рускіх дамоў назіралася ва Украіне напярэдадні 2014 года, у выніку чаго Крым быў падрыхтаваны да анексіі.
Выкарыстанне гомельскіх дзяцей
Прывядзем некалькі прыкладаў актыўнасцей Рускага дому ў Гомелі, якія толькі ў нейкай ступені адлюстроўваюць дэструктыўны характар і небяспеку дадзенай арганізацыі.
Рускі дом у Гомелі з’явіўся ў 2016 годзе. З гэтага моманту ў горадзе над Сожам істотна павялічылася колькасць прарасейскіх мерапрыемстваў.
Адным з найбольш важных напрамкаў працы Рускага дому з’яўляецца ўцягванне ў сферу ўплыву школьнай і студэнцкай моладзі. Напрыклад, часта ад імя дадзенай структуры ў Гомелі праводзяцца разнастайныя творчыя конкурсы, пераможцаў якіх чакаюць падарункі ў выглядзе пуцёвак у вядомыя расейскія летнікі, у тым ліку “Артэк” у анексаваным Крыме. Прычым арганізатараў такіх конкурсаў не бянтэжыць факт таго, што беларускія дзеці едуць адпачываць у патэнцыйную зону баявых дзеянняў. У самім “Артэку”, які, дарэчы, унесены ў санкцыйны спіс Вялікабрытаніі, беларускіх дзяцей інтэнсіўна напампоўваюць расейскай прапагандай. Па заяве англічан, «Артэк» удзельнічае ці «ўдзельнічаў у дэстабілізацыі Украіны ці пагражаў або падрываў тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт і незалежнасць Украіны».
Вось яшчэ адна цытата з таго ж дакумента, якая тлумачыць прычыну ўвядзення санкцый:
«Многія дэпартаваныя дзеці перасяляюцца ў сетку лагераў перавыхавання ў незаконна анексаваным Крыме і на мацерыковай частцы Расеі, дзе яны атрымліваюць арыентаванае на Расею акадэмічнае, культурнае, патрыятычнае і вайсковае выхаванне» (маюцца на ўвазе дзеці, вывезеныя з тэрыторый, якія абстрэльваюцца расейскімі войскамі – рэд).
«Штодзень» некалі браў каментар у адной з былых супрацоўніц «Артэка», каб яна падзялілася сваім бачаннем таго, як у гэтым летніку апрацоўваюць маладых беларусаў:
– Усё, што я бачу і даведаюся аб «Артэку» зараз, уводзіць мяне ў шок. На лінейках, якія там праходзяць, прапагандуюць любоў да Расеі і павагу да расейскіх вайскоўцаў… На мерапрыемствах дзяцей апранаюць у ваенную, у тым ліку савецкую форму, праводзяць ваеннае выхаванне, вучаць страляць.
Таксама я ведаю, што цяпер актыўна папулярызуюць ідэю, каб у «Артэк» прывозілі дзяцей з самых розных краін. Прычым чым шырэй геаграфія, тым для іх – арганізатараў – лепш. Такім варварскім чынам яны выкарыстоўваюць дзяцей, як жывы шчыт і прапагандуюць ідэю «справядлівай акупацыі» тэрыторыі Крыма.
Расейскі спрут у Гомелі
Але мясцовы Рускі дом адзначыўся не толькі вывазам дзяцей у акупаваны Крым. Адной з найбольш паказальных акцый мясцовага прадстаўніцтва “Рассупрацоўніцтва” стала выкарыстанне гомельскіх дзяцей для ўшанавання памяці адыёзнага прапагандыста Уладлена Татарскага, які заклікаў забіваць і рабаваць украінцаў. Школьнікаў з 59-й сярэднай школы прывялі з кветкамі на жалобную акцыю ў гонар чалавека, ліквідаванага ўкраінскімі спецслужбамі за ваенныя злачынствы.
Акрамя дзяцей школьнага ўзросту, Рускі дом у Гомелі актыўна ўплывае на абітурыентаў, якіх агітуюць паступаць у ВНУ РФ. У 2023 годзе колькасць квот у Расеі для замежных студэнтаў павялічылася да 30 тысяч. Сярод іх асобная ўвага расейскіх рэкруцёраў ад адукацыі надаецца беларусам, якія праз сетку рэгіянальных сайтаў і паблікаў “рускіх дамоў” актыўна заклікаюць паступаць у ВНУ РФ.
Расейскі спрут таксама запусціў свае шчупальцы практычна ва ўсе ўніверсітэты горада. У вышэйшых навучальных установах Гомеля праходзяць выставы і мерапрыемствы з удзелам кіраўнікоў Рускага дома. Калі дзесьці гэтыя падзеі маюць спантанны характар, то ў некаторых універсітэтах рускамірцы прапісаліся як у сябе дома. Напрыклад, у вядучай навучальнай вышэйшай установе горада – Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны – прадстаўнікі расейскай арганізацыі стала ладзяць конкурсы, тэматычныя дыктоўкі, адкрываюць выставы. На кафедрах працуюць выкладчыкі, якія адкрыта супрацоўнічаюць з расейскімі арганізацыямі, створанымі сілавікамі суседняй краіны. Напрыклад, кандыдат філалагічных навук, удзельнік некалькіх сустрэч з Ул. Пуціным, лаўрэат медаля Пушкіна за “вялікі ўнёсак у развіццё культурна-гуманітарнага супрацоўніцтва між Расеяй і Беларуссю” Іван Афанасьеў. Таксама ў прасоўванні расейскіх інтарэсаў заўважаныя дзясяткі іншых выкладчыкаў ГДУ. Ды што там выкладчыкі – рэктар ГДУ імя Францыска Скарыны Сяргей Хахомаў узнагароджаны ганаровым знакам “Рассупрацоўніцтва” “За дружбу і супрацу”.

Іван Афанасьеў задае пытанне Пуціну
Не абмяжоўваюцца рускамірцы ўплывам на моладзь. Яны таксама арганізоўваюць прафесійныя навучанні настаўнікаў і бібліятэкараў з абавязковымі паездкамі па Расеі. Пад “курсамі павышэння кваліфікацыі” маюцца на ўвазе не толькі тыя самыя прафесійныя курсы, але яшчэ і тое, што ў Расеі беларускіх настаўнікаў і бібліятэкараў вучаць правільна падаваць ідэалогію і водзяць на “культурныя мерапрыемствы”, падчас якіх папулярызуюць ваенную агрэсію Расеі супраць Украіны.

Гомельскія настаўнікі на навучанні ў РФ. Фота: “Рускі дом у Гомелі”
Кіраўнікі Рускага дому ў Гомелі таксама імкнуцца ахапіць сваёй дзейнасцю і нешматлікія грамадскія ініцыятывы. Калі ўважліва паглядзець старонкі арганізацыі ў сацсетках, бачна, што яны супрацоўнічаюць з мясцовым пошукавым атрадам “Сімуран”, валанцёрскай арганізацыяй “Доброта”, якая займаецца дапамогай бадзяжным жывёлам. Яны нават запрашаюць удзельнічаць у акцыях не надта разборлівых грамадскіх актывістаў кшталту былога каардынатара структуры “Наш Дом” Андрэя Аксёнава.

Фота: Рускі дом у Гомелі. Злева направа: кіраўнічка РД Вольга Бараненка і Андрэй Аксёнаў
Гомельскія “эліты” і Рускі дом
Калі аналізаваць кантакты супрацоўнікаў Рускага дому з прадстаўнікамі мясцовых элітаў, то можна канстатаваць, што сувязі гэтыя маюць сістэмны і сталы характар. На старонках арганізацыі можна знайсці дзясяткі паведамленняў пра сустрэчы кіраўнікоў Рускага дому са старшынём Гомельскага гарвыканкама Уладзімірам Прывалавым, так званымі дэпутатамі Гомельскага гарсавета, упраўленцаў іншых узроўняў.
У чэрвені 2024 “Рускі дом” у Гомелі спрычыніўся да арганізацыі серыі мерапрыемстваў з нагоды 115-годдзя з моманту нараджэння былога міністра замежных справаў СССР Андрэя Грамыкі. Для гларыфікацыі гэтага чалавека з “беларускім акцэнтам”, які нічога вартага не зрабіў для Беларусі, а толькі ўзначальваў цягам амаль 30 год знешнепалітычнае ведамства, праводзіліся адмысловыя “Грамыкаўскія чытанні”, ускладаліся кветкі да ягонага помніка ў Піянерскім скверыку, а таксама праводзіліся мітынгі. Адметна, што да арганізацыі ўсіх гэтых пафасных сходаў мае непасрэднае дачыненне кіраўніцтва так званага Рускага дому ў Гомелі. На ўсіх імпрэзах з нагоды 115-годдзя савецкага апаратчыка ў першых шэрагах прысутнічала тагачасная кіраўнічка гэтай расейскай структуры Вольга Бараненка.

Сагнаная на мерапрыемства масоўка
Наколькі важнае месца займае “Рассупрацоўніцтва” ў сістэме ўлады Гомельшчыны на дадзены момант, можна зразумець хаця б па тым, у якіх мерапрыемствах удзельнічаюць кіраўнікі “Рускага дому”. І як яны сябе пазіцыянуюць. Для ілюстрацыі можна згадаць падзею адкрыцця прамых авіярэйсаў у Маскву ў кастрычніку 2023 года. Тады гомельскі аэрапорт пераўтварыўся ў нейкі культурна-асветніцкі цэнтр РФ у Беларусі з паўсюднымі трыкалорамі, балалайкамі і касцюмаваным прадстаўленнем у духу Кацярынінскіх часоў. А гарадское кіраўніцтва, уключна з старшынём гарвыканкама Уладзімірам Прывалавым і намеснікам старшыні аблвыканкама Андрэем Бараноўскім, выстраілася, нібы піянеры на лінейцы, перад высокім начальствам. Абсурднасць сітуацыі падкрэслівалася ўдзелам у цырымоніі адкрыцця авіяспалучэння з Масквой архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага Стэфана, які нават блаславіў рэйсы.

Кіраўніцтва Гомеля і ўладыка Стэфан
Усе прыведзеныя прыклады актыўнасці “Рускага дома” ў Гомелі – гэта толькі вяршыня айсберга. Асноўная дзейнасць арганізацыі застаецца ў ценю да моманта “ікс”, калі “мяккая сіла” замяняецца на актыўнасць “зялёных чалавечкаў”, як тое было ў Крыме і на Данбасе. Наіўна меркаваць, што цяперашняя ўлада ў Беларусі рэзка пачне нейкія дзеянні па нейтралізацыі расейскай агентуры нават хаця б у такім фармаце, як гэта робяць азербайджанскія калегі. Больш за тое, менавіта на Гомельшчыне сітуацыя з пашырэннем расейскага гуманітарнага ўплыву зайшла настолькі далёка, што часам, здаецца, нават у прыпамежных Браншчыне і Смаленшчыне захавалася больш праяваў беларускага жыцця.
Дадзены тэкст створаны дзякуючы ахвяраванням чытачоў. Калі вам падаецца, што Штодзень патрэбны, падтрымайце нас праз патрэон.