5 снежня – Міжнародны дзень валанцёра

by ZB

Калісьці валанцёрскіх ініцыятыў у Гомелі было нашмат болей. Аднак ціск і рэпрэсіі вымусілі многіх гомельцаў эміграваць альбо проста перастаць дзейнічаць. Поле, якое вызвалілася, паступова займае дзяржава праз праўладныя псеўдаграмадскія арганізацыі. Гэтыя аб’яднанні часта імітуюць дзейнасць і іх эфектыўнасць пакідае жадаць лепшага.

Але яшчэ зусім нядаўна валанцёрскі рух у Гомелі быў даволі заўважным. Пасля акцый пратэсту 2020 года ў Гомелі з’явіўся “Волонтёрский движ”. Менавіта валанцёры збіралі перадачы для палітычных затрыманых і арыштаваных, пісалі ім лісты і дзяжурылі ў судах. На жаль, у выніку рэпрэсій многім валанцёрам давялося пакінуць Беларусь, хтосьці быў арыштаваны. Напрыклад, валанцёр Ілля Міронаў правёў за кратамі больш за год. За кратамі дагэтуль знаходзяцца некаторыя грамадскія актывісты, якія займаліся валанцёрствам. Сярод іх – пенсіянерка Алена Тоцкая. Яе абвінавацілі ў судзеянні экстрэміскай дзейнасці. Насамрэч гаворка ішла пра падтрымку сем’яў палітвязняў, чым займалася Алена Тоцкая. У дадзены момант яна адбывае пакаранне ў жодзінскай турме. Чат “Валанцёры. Гомель” уладамі быў прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем.

На дадзены момант праца валанцёраў вельмі ўскладнілася і стала небяспечнай. Аднак яны па меры магчымасці дапамагаюць затрыманым, дзяжураць у судах і шукаюць затрыманых і іх сваякоў, а таксама працягваюць пісаць палітзняволеным лісты. “Сваіх не кідаем” – такі лозунг гомельскіх валанцёраў.

Штодзень

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png