Былы дэмакратычны актывіст, які некалі кіраваў рэгіянальным аддзяленнем арганізацыі Вольгі Карач у Гомелі, ладзіць акцыі з адыёзным “Рускім домам”. У Гомелі прайшло мерапрыемства па пасадцы дрэва ў “Народным скверы” ля гасцініцы “Турыст”. Прадстаўнікі расейскай арганізацыі разам з актывістам Андрэем Аксёнавым пасадзілі кволае дрэўца, на галінках якога развесілі стужкі ў колерах расейскага дзяржаўнага сцяга.
Паводле ініцыятараў акцыі, “гэта не проста акт, а сімвал надзеі і клопата пра будучыню”. У супольнай акцыі прынялі ўдзел кіраўніца Рускага дому ў Гомелі Вольга Бараненка і актывіст грамадзянскай кампаніі “Захаваем увесь сквер ля гасцініцы “Турыст” Андрэй Аксёнаў. “Хай дрэва, пасаджанае з любоўю і клопатам, будзе расці і мацнець, як сяброўства паміж нашымі братэрскімі народамі, якія імкнуцца да агульнага дабра”, – паведамляецца пра пасыл мерапрыемства на афіцыйнай старонцы “Рускага дому ў Гомелі”.
Андрэй Аксёнаў – вядомы ў Гомелі грамадскі актывіст, які пачынаў сваю дзейнасць яшчэ ў 1990-х гадах. У 2010-х ён удзельнічаў у шэрагу грамадскіх кампаній па абароне зялёных насаджэнняў, прапагандаваў паляпшэнне гарадской сацыяльнай інфраструктуры, далучаўся да выбарчых кампаній дэмакратычных кандыдатаў. У каментарыях СМІ неаднаразова прадстаўляўся каардынатарам кампаніі “Наш Дом”, якой кіравала Вольга Карач.
“Рускі дом у Гомелі” – арганізацыя, падпарадкаваная Міністэрству замежных справаў РФ. Дадзеная структура займаецца прасоўваннем “рускага міру” ў постсавецкіх краінах, фармуе рознымі спосабамі лаяльнае стаўленне сярод мясцовых эліт да неаімперскай палітыкі Крамля і рыхтуе глебу да анексіі. У кастрычніку 2023 года ў Гомелі “Рускім домам” прызначылі кіраваць пуціністку і прыхільніцу прарасейскага сепаратызму ва Украіне, члена Грамадскага савету пра Мінлічбы Расеі, Вольгу Бараненку. Пры новай кіраўнічцы значна разгарнулася дзейнасць дадзенай арганізацыі на Гомельшчыне.