У Вільні праходзіць прэс-канферэнцыя дэпартаваных палітвязняў. Сярод выступоўцаў — гомельская журналістка Ларыса Шчыракова. Яна распавяла пра досвед зняволення, падтрымку з волі і пра тое, што дапамагала ёй выжываць у нялюдскіх умовах.
Ларыса Шчыракова:
– Лісты да мяне не даходзілі. Мне толькі выдавалі квітанцыі пра грашовыя пераводы — з прозвішчамі знаёмых, адрасамі. Такая мілата! Людзі перадавалі перадачкі: прадукты, шкарпэткі… Гэта я ніколі не забуду.
Я неверагодна спачуваю нашым хлопцам, якія сядзелі ў страшных калоніях. Я не зведала такіх пакут. У СІЗА я трошкі «хуліганіла» (змагалася за свае правы – заўв. Рэд.) — мне пагражалі карцарам, але стаўленне было “карэктнае”. Тры разы мяне выклікалі на адміністрацыйную камісію, і каралі пазбаўленнем спатканняў.
Што дапамагала выжыць? Пошук сэнсу. Каб гэтыя гады не былі змарнаваныя. Як пісаў Віктар Франкл, нават у пакутах можна адшукаць значэнне. Гэта было невыносна, але я максімальна старалася вучыцца. Вывучала псіхалогію. Калі трапіла ў калонію, атрымала сапраўдны эмпірычны матэрыял. Потым нам забаранілі чытаць кнігі па псіхалогіі — каб, маўляў, «не маніпулявалі людзьмі». Я ж марыла стаць псіхолагам, спрабавала атрымаць другую адукацыю, але мяне арыштавалі. І я знайшла новы сэнс: назіраць за асуджанымі, шукаць прычыны іх паводзінаў. Што агульнага ў злачынцах? Чаму людзі становяцца на гэты шлях? І калі толькі пацікавіцца і паслухаць — яны адкрываюцца, распавядаюць усё.
У калоніі я вывучала замежныя мовы: французскую, італьянскую і іспанскую.
Па-французску я чытала “Вайну і мір”. Марыя Калеснікава параіла мне таксама лісты Пушкіна да жонкі.
Сярод палітычных, прызнаюся, бывала фанабэрыстасць у дачыненні да крымінальніц: мы — «эліта, адукаваныя», а яны нібыта «не вартыя». Мне гэта было балюча назіраць. Я чытала ім Анатоля Сыса. І ў выніку арганізавала паэтычную вечарыну — раней такога не бывала. Гэта мяне захапіла.
Што абурае, дык гэта тое, што мне не далі магчымасці застацца ў краіне. Яны здзекваліся з майго сына. Затрымлівалі мяне на яго вачах. Пастаянныя ператрусы: у сем раніцы грукат у дзверы, у кожным акне — па амапаўцу. Гэта недаравальна. Нават калі мяне пасадзілі, яго ўсё роўна выклікалі на допыты без адваката, зрабілі сведкам абвінавачання, залазілі ў камп’ютар, траўмавалі. Аднойчы ён нават не змог згадаць імя дзеда падчас аднаго з допытаў, паколькі моцна стрэсаваў. Адна справа — я. Я, маўляў, «заслужыла», бо шмат гадоў працавала журналісткай. Але чаму вы прычапіліся да сіраты?
Паводле Ларысы Шчыраковай, паслухаўшы іншыя сведчанні і даведаўшчыся пра агульную сітуацыю ў краіне, яна прыняла рашэнне застацца за мяжой — яе пераканалі, што вяртанне цяпер небяспечнае.