Герой Украіны, Міхаіл Жызнеўскі, адным з першых загінуў у Кіеве падчас Рэвалюцыі Годнасці. 22 студзеня 2014 года на вуліцы Грушэўскага жыхар Гомеля быў забіты стрэлам у сэрца. Дагэтуль следчыя органы Украіны не ўстанавілі асобу забойцы. Міхаіл Жызнеўскі не дажыў да свайго 26-годдзя чатыры дні.
Званне героя Украіны было прысуджана Міхаілу Жызнеўскаму ў 2017 годзе. Тагачасны прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка ўласнаручна перадаў узнагароду бацькам Міхаіла Жызнеўскага. На жаль, цяпер бацькоў Міхаіла таксама няма ў жывых.
Рэвалюцыя Годнасці — падзеі, якія адбыліся ва Украіне ў канцы 2013 — пачатку 2014 года і прывялі да адстаўкі прэзідэнта Віктара Януковіча.
Міхаіл Жызнеўскі пахаваны на радзіме — каля Гомеля ў вёсцы Сцяг Працы.