“Зорнае неба над галавой” апяянае ў шматлікіх беларускіх песнях, вершах, паданнях і так далей. Ці сапраўды неба над Беларуссю зорнае, як шукаць сузор’і, і чаму дзеля гэтага варта паехаць на Гомельшчыну? На ўсе нашы “зорныя пытанні” адказвае астраном і фатограф Віктар Малышчыц.
Ці можна так сказаць, што беларускае неба багатае на зоркі і сузор’і, ці бачым мы іх з нашай кропкі сусвету?
– Багатае. Але зараз палюбавацца зорным небам – пэўная праблема для сучаснага чалавека, бо ўрбанізацыя і асвятленне ўсяго і паўсюль моцна перашкаджае ўбачыць зоркі. У цэнтры вялікага горада добра, як Вялікую Мядзведзіцу адшукаеш. Калі звярнуць увагу на карту светлавога забруджвання Еўропы, то яно вельмі-вельмі высокае, асабліва на самым захадзе, асабліва Бельгія, Нідэрланды – там засветка такая, што я ўвогуле сумняваюся, ці там ёсць зоркі. Дзеля таго, каб любавацца небам, людзі нават пачалі ствараць ініцыятывы кшталту “запаведнікаў цёмнага неба”, “асацыяцый цёмнага неба”. Ёсць і адмысловы сайт, дзе ўказваюць, куды можна паехаць, у тым ліку ў Еўропе, каб убачыць зоркі. Але ў нас акурат засветка нашмат-нашмат меншая, чым па заходнюю мяжу. Па гэтай прычыне ў нас зоркі нават вельмі нядрэнныя. А калі ад’ехаць далёка ад гарадоў, то можна пабачыць такое неба, што дух захопіць.
Вось акурат хацела заўважыць, што, дастаткова недзе на вёску нават выехаць…
– Так, чым далей ад гарадоў, тым лепей. Праўда, калі ад’ехаць ад Мінска і 100 кіламетраў, то засветка ад гэтага горада на гарызонце яшчэ застаецца. Гэта значыць, што ад вялікіх гарадоў трэба сур’ёзна ўцякаць. Канешне, калі паставіць сабе звышзадачу, то трэба ў глухія лясы, у балоты, палі, выбірацца кудысьці зусім далёка ад цывілізацыі. Але, безумоўна, нават проста выехаўшы за горад, ужо можна атрымаць асалоду ад зорнага неба.
Са свайго ўласнага досведу, куды б параілі паехаць, каб вельмі зорнае неба пааглядаць?
– Паколькі я жыву каля Мінска, то побач з мегаполісам нічога такога не прапанаваць. Больш за ўсё мяне ўразіла Беларусь на поўдзень ад Прыпяці. Там, па-першае, прырода фантастычная проста, месцы глухія. І далей, з тэрыторыі Украіны, месцы таксама глухія, балоты бясконцыя, лясы, і таму зусім няма ніякай засветкі. Увогуле звычайна неба самае цікавае на поўдні. Там поўдзень Беларусь будзе найлепшы. Улетку ночы там не такія светлыя, дый перыяд светлых начэй больш кароткі. Карацей, самае месца, якое мяне ўразіла, гэта поўдзень Беларусі. Памятаю фантастычнае неба ў Лельчыцкім раёне каля Убарці, ну і ўздоўж Прыпяці, канешне, само сабою.
Кожны, напэўна, ведае Вялікую Мядзведзіцу, Малую Мядзведзіцу, гэта ўніверсальнае. Але што ёсць з цікавых рэчаў, якія мы бачым, але іх не ведаем? Нейкія сузор’і, зоркі, якія можна знайсці, глянуўшы на неба.
– Увогуле шукаць сузор’і не так складана навучыцца. Гэта толькі спачатку падаецца, што “ой там зорачкі рассыпаныя”, але паціху пачынаюць яны ў нейкія ўзоры аб’ядноўвацца. І вывучыць карту зорнага неба – гэта таксама па складнасці, як вывучыць, напрыклад, геаграфічную карту якога-небудзь мацерыка. Добра дапамагаюць праграмы-планетарыі, калі проста ставіш на смартфон адмысловую праграму, наводзіш ёю на неба, і яна табе паказвае сузор’і і так далей.
– Можна пашукаць розныя публікацыі майго аднакурсніка Цімафея Авіліна, які ў нас бадай што адзіны ў Беларусь этнаастраном, даследчык астранамічнай этнаграфіі нашай. Ён у сваіх тэкстах распавядае, як беларусы называлі тыя ці іншыя сузор’і, якія расказвалі пра іх паданні, легенды, што ўяўлялі на пэўных месцах неба. Канешне, на ўсім небе 88 сузор’яў, беларускіх там добра, калі штук 20 набярэцца, нават і менш, але ўсё роўна, калі пра гэта ўсё пачытаць, то неба зайграе зусім іншымі фарбамі. Тую ж Мядзведзіцу часта ўспрымалі як воз, калёсы, а часам успрымалі як каня ці лася, “воз Іллі” часам называлі. Ці вось Млечны Шлях: малочнай дарогай яго ніхто не называў, гэта была птушыная дарога, дарога ў вырай, часам звалі “Чумацкі Шлях”. Многія верылі, што птушкі арыентуюцца па гэтай дарозе, калі адпраўляюцца ў вырай, на поўдзень, бо якраз па восені Млечны шлях па вечарах ідзе амаль што з поўначы на поўдзень.
Дарэчы, у мабільным планетарыі Stellarium, які зараз усе вельмі любяць, ёсць магчымасць сузор’і ўключыць на карце, прыблізіць іх контуры, назвы. Там ёсць сузор’і розных народаў, у тым ліку і беларускія сузор’і. Варта зайсці на сайт stellarium.org, дзе ёсць праграма для камп’ютара і ссылкі на мабільныя праграмы можна знайсці.
А ў вас ёсць любімыя сузор’і?
– Хочацца нешта зарыгінальнічаць, але, напэўна, самае любімае сузор’е – гэта Арыён. Калі ўлетку ў нас яркі Млечны Шлях і ён сваёй прыгажосцю нас уражвае, то ўзімку Млечны Шлях вельмі слабенькі, але затое такая россып брыльянтаў, яркіх-яркіх зорак на зімовым небе, якіх у іншую пару не сустрэнеш. І, канешне, пасярод гэтага Арыён стаіць, пояс якога, дарэчы, часам беларусы называлі “Тры Каралі”. Гэтае сузор’е вельмі лёгка навучыцца знаходзіць, вельмі лёгка запомніць. Бадай што адно з самых прыгожых, як мне падаецца.
Ёсць такое ўяўленне, што астраномы – гэта павінны быць рамантычныя нейкія асобы…
– Я не ведаю. Раней заўсёды лічыў сябе вельмі рамантычным, але ж трошкі падрастаю, і можа гэтай рамантыкі становіцца менш, трохі пераўтварыўся ў скептыка-бурчуна. Але ў любым выпадку нават скептык і бурчун можа іншаму чалавеку шмат чаго рамантычнага пра неба расказаць.
Калі вось нехта зацікавіўся і хацеў бы сапраўды разбірацца ў сузор’ях, ёсць нейкі мінімальны набор інструментаў юнага пачаткоўца-астранома? Ці нічога не трэба?
– Мне падабаецца, што самае першае, што трэба – гэта назіраць. Хоць ёсць, канешне, варыянт захапляцца небам чыста тэарэтычна. Ёсць людзі, якія ніколі на неба і не глядзяць, але робяць фенаменальныя рэчы ў астраноміі і астрафізіцы. Але калі цяга менавіта да рамантыкі, зорак, то адмысловыя інструменты не патрэбныя, галоўнае мець магчымасць кудысьці выбірацца, любавацца небам. Спачатку трэба навучыцца шукаць сузор’і, можна раздрукаваць сабе зорныя карты, навучыцца па іх арыентавацца. І далей вы самі адчуеце, куды вам ісці далей. Калі цікавасць надалей ёсць, тады ёсць сэнс набыць сабе палявы бінокль, з вялікімі аб’ектывамі, але маленькім павелічэннем, каб шырокія зорныя палі назіраць. І з дапамогай бінокля можа шмат цікавага шукаць, што недасяжнае воку. Потым, калі цікавасць надалей не знікла, то сямейны бюджэт сур’ёзна трэсне, паднапружыцца, але дома ў вас з’явіцца тэлескоп. Праўда, апошнім часам яны ў Беларусі сталі фантастычна дарагімі. Але замест “бюджэтнага тэлескопа” лепш купіць бінокль добры. Пасля гэтага ў вас з’явіцца машына, каб гэта ўсё вазіць за горад. І самы апафеоз – дача і ўласная абсерваторыя.
А КАЛІ НАЙЛЕПШ НАЗІРАЦЬ ЗА ЗОРКАМІ Ў БЕЛАРУСІ?
Як кажа Віктар Малышчыц, веснавое неба па вечарах у нас практычна самае нецікавае:
– Трэба падняць вертыкальна галаву і знайсці Вялікую Мядзведзіцу, бо зараз яна стаіць па вечарах у зеніце. Знайшлі Мядзведзіцу, ад яе можна адшукаць яе сына, Валапаса (насамрэч, сына німфы Калліста, якую пераўтварылі ў Мядзведзіцу), ад Валапаса лёгка адшукаць сузор’е Дзевы і пайшло-паехала. Але, як па мне, зараз самае прыгожае неба пад раніцу, у тры гадзіны раніцы недзе. Тады ўзыходзіць Млечны Шлях, бачна сузор’і Стральца, Скарпіёна, якія цяжкавата даступныя ў нашых краях, бо яны вельмі-вельмі паўднёвыя. Да сярэдзіны траўня можна гэтымі зоркамі любавацца, а потым наступае “мёртвы сезон”, неба да канца не цямнее, таму асалоды ад глыбокага чорнага космасу – не атрымаць. Чэрвень, пачатак ліпеня – гэта добрае надвор’е, але, на жаль, светлае неба. Але на Гомельшчыне нашмат лепш, канешне. Самая цудоўная пара – гэта канец ліпеня, жнівень, верасень яшчэ, калі самае зорнае неба.
Дык ці падаюць зоркі, і ці варта загадваць жаданні?
– Канешне, мы ж ведаем, што не зоркі падаюць, а малюсенькія часціначкі згараюць, каменьчыкі, пылінкі часам, якія трапляюць у нашу атмасферу на вялікай хуткасці. Жнівень – актыўная пара, бо мы там перасякаемся з досыць актыўным метэорным патокам Персеіды, недзе ў раёне 11-13 жніўня назіраецца максімум, і часам за гадзіну можа і 60 пабачыць гэтых знічак. Але зноў жа трэба ад’ехаць ад горада, легчы на зямлю, каб бачыць усё неба. Гэта не зоркі, але ці загадваць жаданне – чаму б і не загадваць? Можа нават і споўніцца. Хоць гэта не зоркі спаўняюць жаданні. Увогуле астраномы пакутуюць ад існавання астралогіі, нас часта блытаюць, астролагаў нашмат больш і зарабляюць яны таксама нашмат больш. Але ўсе загадванні жаданняў, прадказанні па зорках – гэта не да нас.
Мова Гомель адмыслова для Штодня
Фота з сацыяльных старонак Віктара Малышчыца, узятыя з дазволу аўтара.