Жыхары Гомеля ўжо рыхтуюцца да вялікай паводкі

Сіноптыкі кажуць, што варта падчас паводкі чакаць падтапленняў.

Мікрараён Манастырок у Гомелі залівае вада. Красавік 2023 года

«Будматарыялы, дровы сеткамі агароджваем, каб не ўплылі. Бані, маленькія зрубы прывязваем, колышкі забіваем. Так і жывём», – распавёў рэгіянальнаму тэлебачанню жыхар мікрараёна Якубоўка ў Гомелі Уладзімір Балабан.

Ягоны сусед Іван Александронак падрыхтаваў высокія гумовыя боты. Ён кажа, што падчас паводкі стаіць вада ў гаражы, даводзіцца ў хаце падымаць электроніку, кампрэсары, машыны заганяюць на бугры. Ён чакае вялікую ваду як у 2023 годзе: шмат снегу, у тым ліку ў Расіі.

Вышыня снегу на сёння ў Гомельскай вобласці да 44 см. У Гомельаблгідрамеце лічаць, што значэнні вады будуць блізкія да сярэдніх і вышэй, але ўсё будзе залежыць, як далей будзе з ападкамі.

Старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў у дзелавым гарнітуры паплаваў на лодцы па затопленых вуліцах Гомеля і адсправаздачыўся пра тое, што “усё пад кантролем”. Красавік, 2023 год.

«Максімальны ўзровень дасягне небяспечна высокіх адзнакаў, пры якіх падтапліваюцца прыбераговыя тэрыторыі», – заявіла вядучы інжынер-гідролаг Гомельаблгідрамета Алена Бурундукова.

Па звестках МНС, якія грунтуюцца на досведзе вялікай паводкі 2023 года, у Гомельскай вобласці могуць быць падтопленыя больш за 85 дамоў і каля 4,5 тысячаў прыватных двароў.

Самая вялікая паводка за апошнія часы была ў 2023 годзе. Улады і МНС заяўляюць, што зрабілі з яе высновы, абнаўлялі абарону ад «вялікай вады». Але на справе, як і шмат год да таго, ўсе зноў рыхтуюцца да падтапленняў дамоў і двароў.

Штодзень

Слайдар пастоў