На гэты момант у гомельскай папраўчай жаночай калоніі сваё вымушанае зняволенне адбываюць прыкладна 50 палітзняволеных жанчын. Усяго калонія разлічана на 1700 месцаў. Афіцыйна ВК — 4-калонія агульнага рэжыму. Паводле законаў, якія, на жаль, застаюцца прапісанымі толькі на паперы, узмоцненага рэжыму ўтрымання зняволеных у беларускіх калоніях не прадугледжана. Але, мяркуючы па сведчаннях саміх зняволеных, рэжым там не агульны, а ўзмоцнены, і мяжуе з катаваннямі.
«Прызначылі новы тэрмін за злоснае непадпарадкаванне ў калоніі»
На 18 красавіка 2023 года ў Гомельскай калоніі, у якой свой тэрмін адбывае палітзняволеная Алена Гнаук, прызначана судовае пасяджэнне па новай крымінальнай справе супраць палітзняволенай. Справу адкрылі ў лютым гэтага года па арт. 411 КК за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі.
16 сакавіка ў сценах ВК-4 Алене Гнаук споўнілася 66 гадоў. Нагадаем, спачатку Алену затрымалі па «справе карагодаў» у Брэсце і прызначылі два гады «хатняй хіміі». 11 студзеня 2022 года жанчыну арыштавалі за парушэнне рэжыму адбыцця «хатняй хіміі», пасля чаго так і не выпусцілі — перавялі ў СІЗА ў рамках крымінальнай справы, узбуджанай па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт.367 КК (паклёп на Лукашэнку) і арт. 369-1 (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) — за пасты на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках, у якіх Алена распавядала пра бядотнае становішча курдскіх сем’яў на мяжы Беларусі і Польшчы. 17 чэрвеня 2022 года жанчыне вынеслі прысуд — 3,5 года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 3200 рублёў.
За гэты час жанчыну ўтрымлівалі ў СІЗА-6, у СІЗА-1, у РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках. 15 жніўня 2022 года Алену этапавалі ў Гомельскую калонію.
«Адтуль яна даслала даволі аптымістычны ліст. Распавяла, што калонія прыгожая, не падобная на турму. Пісала, што ВК складаецца з 20 атрадаў. У кожным па 24-60 чалавек. Але ёсць атрад і на 90 чалавек. Усяго ў калоніі прыкладна 1200-1300 асуджаных. У атрадзе Алены першапачаткова было 50 чалавек. Ён размяшчаўся ў двух вялікіх камерах. Там яны называюць іх секцыямі. Але вельмі хутка меркаванне Алены аб калоніі змянілася, — распавядае сябра сям’і Алены. Па меркаваннях бяспекі мы не будзем называць яго імя. — Яна вельмі прынцыповая, не прагінаецца, заўсёды стаіць за праўду і нязменна верыць, што справядлівасць пераможа. На яе сталі ціснуць, але з ёй гэта не праходзіць. Яна адмовілася нават ад адваката — праз тое, што ён падпісаў пратакол допыту, хоць сама Алена была супраць».
«Іх галоўная мэта — зламаць чалавека»
У кастрычніку 2022 года Алену ўнеслі ў спіс асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці і распачалі крымінальную справу за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі».
«Штодзень» пагаварыў з суразмоўцам пра тое, у якіх умовах насамрэч утрымліваюць жанчыну. Звесткі, агучаныя ў гэтым матэрыяле, сталі вядомыя нашаму суразмоўцу з лістоў Алены Гнаук і са словаў былога адваката. Некаторыя звесткі мы даведаліся ад былых палітвязняў, якія ўжо вызваліліся, але бачылі Алену Гнаук у калоніі.
«Многія зняволеныя ў калоніі шыюць вопратку. Там ёсць і жанчыны са СНІДам. Але асобна іголкі, якімі карыстаюцца ўсе, ніхто не апрацоўвае — і гэта вельмі небяспечна. Ніякіх асаблівых умоваў гігіены для жанчын у калоніі няма, — распавядае наш суразмоўца. — У месяц усяго два выходных. Па адным — раз на два тыдні. Але і ў гэтыя два дні абраць для сябе занятак ніхто не дазваляе — зімой, напрыклад, прымушалі чысціць снег і насіць яго торбамі. А той, які нельга было падняць шуфелем — прымушалі растопліваць кіпенем. Прасушыць вопратку вельмі было вельмі складана. У калоніі халодна, таму многія ходзяць у сырой вопратцы і часцяком хварэюць. Знянацку могуць зладзіць праверку прама на вуліцы, і тады жанчыны ў мокрай вопратцы стаяць на дзікім холадзе мінімум па паўгадзіны».
«Здзекі і асаблівыя ўмовы для палітзняволеных»
Усе палітычныя зняволеныя ў калоніі — на асаблівых умовах. Яны могуць спаць толькі на другім ярусе, а рэчы захоўваць выключна на самых высокіх паліцах, да якіх трэба караскацца па лесвіцы. Амаль адразу пасля этапавання на палітзняволеных чапляюць біркі, якія азначаюць «схільны да экстрэмізму і дэструктыўнай дзейнасці» ці «схільны да захопу закладнікаў і нападу на адміністрацыю». Па некалькі разоў на дзень прымушаюць глядзець прапагандысцкія каналы.
«Асаблівы спосаб катаванняў у ВК — супрацьпажарныя вучэнні, — распавядае суразмоўца. — Гэта калі па сігнале пажарнай трывогі ўвесь атрад пад крык і абразы супрацоўнікаў калоніі абавязаны за некалькі хвілін хутка вынесці з капцёркі ўсе скрыні і сумкі, а з астатніх памяшканняў — усе рэчы і матрацы, у тым ліку жалезныя і вельмі цяжкія нары.
На ўсіх, хто аказвае хоць нейкі супраціў, пачынаюць ціснуць. Алена — акурат такі выпадак. Прыстасоўвацца яна адмаўляецца. Заўсёды стаіць на сваім. І заўсёды за гэта пакутуе.
За такія непадпарадкавання могуць адправіць у ШІЗА, а адтуль у ПКТ.
У ШІЗА халодна, нельга сядзець, на ледзяныя нары без бялізны можна залезці толькі пасля 21.00. Калготкі і панчохі там забароненыя — нават зімой жанчыны там з голымі нагамі. І каб выжыць, яны абмотваюць ногі туалетнай паперай. У ПКТ (памяшканні камернага тыпу) умовы трохі лепшыя, але таксама блізкія да здзеклівых».
Зімой Алену Гнаук пратрымалі ў ПКТ некалькі месяцаў — са снежня па канец лютага.
«У гэтай камеры крыху больш месца, але легчы на нары можна таксама толькі пасля 21.00. Там выдаюць пасцельную бялізну, але таксама вельмі холадна. З мэблі — стол і каменны стул. З рэчаў — маленькі ручнік і зубная шчотка. Зняволеныя, якіх утрымліваюць у ПКТ, могуць разлічваць толькі на кароткі шпацыр па малюсенькім дворыку 30 хвілін на дзень. Іх цалкам ізалююць, не выводзяць на працу. Дазволена пісаць лісты, але і іх тупа блакуюць».
Палітзняволеную Алену Гнаук пазбавілі званкоў, спатканняў, перадач, скарацілі атаварку з трох базавых велічынь да адной (32 рублі). Са слоў нашага суразмоўцы, стан здароўя ў Алены Гнаук апошнім часам вельмі пагоршыўся. З гэтай нагоды не так даўно сваякі адправілі запыт у калонію. Ім даслалі пісьмовы адказ. Паведамілі, што Алена знаходзіцца на ўліку з асноўным дыягназам «Артэрыяльная гіпертэнзія 1 стадыі. Рызыка 2-й». Але прайшла медыцынскае абследаванне. У дадзены момант дадатковых звестак пра стан здароўя палітзняволенай ад яе самой ці новага адваката не паступала.
Родныя моляцца і чакаюць, што пасля суда, на якім Алена мела намер заявіць пра жудасныя ўмовы ўтрымання, яе становішча крыху палепшыцца. Але надзеі не так шмат. Мяркуючы па тым, што нават на Вялікдзень зняволеным у гомельскай ВК-4 забаранілі наведаць нават царкву.
Але вы можаце падтрымаць Алену Гнаук, даслаўшы ёй ліст. Адрас такі: ВК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3.