Амарант для здаровага харчавання

by homieldays

У жніўні ў Беларусі распачынаецца цвіценне амаранту. Большасць з нас, напэўна, шматкроць бачыла такія кветкі, але лічыла іх альбо пустазеллем, альбо кормам для жывёлы. Між тым, амарант – карысная сельскагаспадарчая расліна, добра вядомая аматарам здаровага харчавання.

Яно і не дзіўна: бялок амаранту засвойваецца чалавечым арганізмам куды лепш, чым з малака каровы. Насенне гэтай расліны ўтрымлівае жалеза, кальцый, магній, фосфар, калій, вітаміны В, А, Е і С, сквален (запавольвае старэнне арганізму) і фермент такатрыенол (інгібітар сінтэзу халестэрыну). Таму амарант раяць ужываць для прафілактыкі і лячэння захворванняў апорна-рухальнай, нервовай і сардэчна-сасудзістых сістэм, для памяншэння ўзроўню шкоднага халестэрыну ў крыві, нармалізацыі ціску і ўзроўню гемаглабіну і г.д. Сапраўдны цудадзейны лек!

Прадукты з амаранту ў Беларусі, на жаль, не ляжаць у вольным доступе на палічках звычайных крам. Але знайсці іх ў анлайн-гіпермаркетах ці крамах здаровага харчавання не праблема.

Вось у якім выглядзе амарант звычайна ўжываюць у ежу.

ꚛ Мука. Безглютэнавыя кекс ці печыва, што ўтрымліваюць розныя карысныя рэчывы – чаму  б не прыгатаваць такую смакату? Але будзе ўважлівыя: трэба карыстацца рэцэптамі, створанымі менавіта для амарантавай мукі, бо яна мае зусім іншую структуру, чым пшанічная ці жытняя.

ꚛ Урбеч (паста з перацёртага насення). Тост з цэльназерневага хлеба з амарантавым урбечам на сняданак і энергіі надасць, і карыснымі рэчывамі арганізм напоўніць. Адзіны мінус – урбеч мае даволі горкі смак, таму яго раяць змешваць з мёдам.

ꚛ Алей. Гатаваць на такім алеі нельга, а вось дадаць у салату – калі ласка. Можна піць яго патроху як лек, але лепей першапачаткова пракансультавацца з гастраэнтэролагам адносна колькасці і працягласці лячэння.

ꚛ Насенне амаранту, у адрозненні ад большасці іншых суперфудаў, ужываюць пераважна пасля тэрмічнай апрацоўкі (тэарэтычна можна з’есці і сырое, але магчымыя праблемы са страўнікам). З яго вараць кашы, дадаюць у салаты, ёгурт і г.д.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png