Гомелец Сяргей Козыраў ініцыяваў збор сродкаў на пераклад і выданне класікі гатычнага раману “Дракула”. Гэта першы поўны пераклад твора, які стаў асновай для стварэння цэлага пласту твораў культуры ў ХХ ст.
Як зазначае перакладчык, яго матывуе на працу тое, што дагэтуль, нягледзячы на эпахальнасць твору, перакладаў на беларускую мову не існавала. “Варыянты перакладаў на рускую мову скарочаныя (скарочана амаль на 30% ад тэкста арыгінала). Да таго ж, яны падвергліся цэнзуры. Наш пераклад поўны, захоўваюцца намёкі на блізкія зносіны паміж дзяўчынамі, эратызм. Мы пастараліся перадаць тое, што Ван Хельсінг – не носьбіт ангельскай мовы. Іншымі словамі, чытачы ўпершыню могуць прачытаць поўную версію “Дракулы” на роднай мове”, – падкрэслівае Сяргей Козыраў. Падтрымаць выданне кнігі можна па спасылцы.
Раман ірландскага пісьменніка Брэма Стокера “Дракула” быў упершыню апублікаваны ў Лондане ў 1897 годзе. Выданне мела шалёны поспех у аўдыторыі, а сюжэт выкарыстоўваўся ў далейшым для стварэння шматлікіх твораў мастацтва.
Сяргей Козыраў — менеджар з Гомеля, які на добраахвотнай аснове займаецца папулярызацыяй беларускай мовы з дапамогай коміксаў. За апошнія 10 год ён пераклаў на беларускую мову і выклаў для агульнага карыстання больш за 400 вядомых коміксаў.