Навіны горада

Заахвочваць гомельцаў ісці на выбары будзе… рысь

Тутэйшыя спецыялісты распрацавалі набор стыкераў з рыссю

Стымуляваць рост наведвальнікаў выбарчых участкаў нетрадыцыйнымі метадамі пачалі яшчэ ў савецкім саюзе. Так, у эпоху татальнага дэфіцыту ў кожнай акрузе абавязкова рабілі буфет, дзе можна было набыць мясныя і кандытарскія вырабы па прыдатным кошце. Зараз мы маем перапоўненыя палічкі ў крамах, буфеты пераўтварыліся ў анахранізм і сваю функцыю даўно не выконваюць, але ад іх чамусьці не адмаўляюцца.

Яшчэ адна савецкая практыка – арганізацыя канцэртаў ці хаця б гучная музыка з дынамікаў. У ХХ ст. любімыя мелодыі, сапраўды, стваралі ўражанне свята. Бо вялікага выбару тэле- і радыё праграм не было. Колькасць грампласцінак ці касет у хатняй фанатэцы была абмежаванай. Таму людзі маглі пайсці на выбары, каб нешта паслухаць ці паглядзець. Зараз кожны мае неабмежаваны доступ да медыяматэрыялаў, і цырк (у сэнсе сцэнічнай дзеі) на выбарах страціў актуальнасць.

Напэўна, у Гомельскім гарвыканкаме адчуваюць, што заахвочваць электарат трэба ўжо зусім іншымі метадамі. Таму тутэйшыя спецыялісты распрацавалі набор стыкераў з рыссю. Мо, канешне, адэпты “Белай Русі” і БРСМ будуць ахвотна посціць гэтыя малюнкі (скажам шчыра, ніякаватыя і несучасныя) у аднакласніках і перасылаць адно аднаму ў вайберы. Але каб насельніцтва ў вялікай колькасці пайшло на выбары, не хапае галоўнага – выбару. Пакуль выбарчыя працэдуры не стануць дэмакратычнымі і празрыстымі, не дапаможа ні рысь, ні што іншае.

Штодзень