Высокапастаўленая чыноўніца з’явілася ў калоніі №4 у футры і палічыла ўмовы там «на ўзроўні хатніх»

by ZB

Фота: тэлеграм-канал газеты МУС «На страже»

Намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Вольга Чупрыс прайшлася па месцах працы, жыцця і навучання зняволеных ПК №4, дзе знаходзіцца больш за ўсё палітзняволеных.

«У чымсьці нават на ўзроўні хатніх. Паўнавартаснае харчаванне, залі для заняткаў спортам, творчасцю, рукадзеллем – зразумела, што няма свабоды, але ўнутры створана ўсё, каб асуджаныя маглі быць здаровымі, развівацца, каб маглі адчуць сябе асобай», – абвясціла чыноўніца.

Па выніках паездкі яна лічыць, што мы «не тое што не горшыя, а значна лепшыя, чым некаторыя еўрапейскія дзяржавы, якія прывыклі выхваляцца сваім дэмакратызмам і клопатам аб грамадзянах». Бо «ў нас нават не гуманная, а лепш выкарыстоўваць такі наш тэрмін – чалавечая дзяржава», дадала Чупрыс.

У пачатку года гомельская жаночая калоніі выйшла на першае месца па колькасці палітзняволеных (124 чалавекі).

У жаночай калоніі знаходзяцца сярод іншых палітолаг Валерыя Касцюгова, актывістка Вольга Маёрава, журналісткі Ларыса Шчыракова, Ірына Леўшына і Кацярына Бахвалава, праваабаронцы Марфа Рабкова і Наста Лойка, палітык Марыя Калеснікава.

З калоніі №4 неаднаразова паступалі паведамленні ад палітзняволеных пра кепскія ўмовы ўтрымання і здзекі. Мяркуючы па сведчаннях зняволеных, рэжым там не агульны, а ўзмоцнены, і мяжуе з катаваннямі.

«У калоніі быў дакладны падзел на палітычных і непалітычных. Калі ў цябе жоўтая бірка, ты жывеш па-іншаму. Прычым усе палітычныя, я ўпэўненая, раскажуць па-рознаму, таму што да ўсіх быў свой падыход», – распавядала былая фігурантка справы студэнтаў Ася Булыбенка пасля вызвалення.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png