Вядомыя беларусы выказваюцца пра жахлівы прысуд музыкам Tor Band 

by ZB

Музыкаў гурта Tor Band асудзілі на вялікія тэрміны і штрафы ў памеры 3700 рублёў кожны. Дзмітрый Галавач атрымаў 9 год узмоцненага рэжыму, Яўген Бурло — 8 год узмоцненага рэжыму, Андрэй Ярэмчык — 7,5 год узмоцненага рэжыму.

Музыкі гурта Tor Band Андрэй Ярэмчык, Яўген Бурло і Дзмітрый Галавач

Лявон Вольскі, музыка, мастак і пісьменнік на сваёй афіцыйнай старонцы ў ФБ апублікаваў такі зварот:

Музыкі Tor Band атрымалі жахлівыя тэрміны за песьні. Менавіта за песьні — за музыку і тэкст. Такога ў гісторыі Беларусі яшчэ не было. Неабходна знайсьці ўсіх, хто спрычынены да гэтага прысуду. Ня проста суддзю з пракурорам, а, напрыклад, чалавека-шрубку, які рабіў літаратурную экспэртызу тэкстаў песень. Ці асобаў, якія ініцыявалі крымінальную справу. Усіх, хто меў дачыненьне да гэтага. Цётачка з дому культуры, што напісала данос — як ёй, нармальна сьпіцца пасьля таго, як яна даведалася пра 9 гадоў?

Лявон Вольскі. Фота: colors.by

 

Андрэй Шарэнда, палітык, муж палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк

 

Сёння лукашысты асудзілі да вялікіх тэрмінаў турмы хлопцаў з Tor Band. Яўгену Бурло прызначылі восем гадоў калоніі, Дзмітрыю Галавачу – дзевяць гадоў калоніі, а Андрэю Ярэмчыку – сем з паловай гадоў калоніі. Яшчэ раней лукашысты вельмі моцна пастараліся, каб усе кліпы Tor Band зніклі з прастораў інтэрнэта. Але гэтыя песні і кліпы назаўсёды з намі. Пройдзе час і мы ўсе разам спяём іх на цэнтральных плошчах нашых гарадоў, каб адзначыць нашую пермогу. А пакуль лепшай падтрымкай для хлопцаў будзе тое, што іх творчасць не знікне з нашай памяці!

Паліна Шарэнда-Панасюк і яе муж Андрэй

 

Аляксандр Чарнуха, пісьменнік і музычны журналіст

Сёння музыканты з беларускага гурта Tor Band атрымалі страшныя прысуды ў роднай краіне. Калектыў прызналі экстрэмісцкім фармаваннем і хлопцаў судзілі па абсалютна абсурдных прычынах. Калі вы паслухаеце песні гурта, то зразумееце гэта. Падчас абвяшчэння прысуду бубнач Tor Band нават не змог стаяць на мыліцах — такі дрэнны ў яго стан.

Аляксандр Чарнуха

Усе вы добра ведаеце гісторыю Камбоджы і рэжыму чырвоных кхмераў. Дык вось да таго, як да ўлады прыйшоў крывавы Пол Пот, у краіне квітнеў вельмі цікавы і аўтэнтычны камбаджыйскі рок. Там былі свае суперзоркі, свая сцэна і вельмі вялікая аўдыторыя. Калі пачаліся рэпрэсіі, амаль усе гэтыя зоркі (як і іншыя дзеячы культуры) былі забітыя. Куль у краіне не хапала, таму забівалі іх матыкамі. Гучыць жорстка?

Але вось маё пытанне. Што больш жорстка і крыважэрна? Забіць чалавека матыкай ці даць яму памерці ў сырой камеры ад прабадной язвы? Хутка знішчыць яго ці назіраць з усмешкай за ягонымі пакутамі? У мяне няма адказу на гэтае пытанне. Затое ёсць усведамленне таго, што беларуская ўлада нічым не адрозніваецца ад самых бязлітасных рэжымаў у гісторыі чалавецтва. Гэта дзікуны, якія ўмеюць толькі гвалтаваць і разумеюць толькі мову гвалту. Дрымучыя, помслівыя істоты, якія баяцца нават песень. Няхай гэтыя песні працягваюць гучаць, свінцом заліваюць вушы катаў, робяць іх жыццё невыносным. Каб яны адчувалі тое, што і людзі, якіх яны знішчаюць.

Карына Пацёмкіна, грамадская дзяячка і валанцёрка

Карына Пацёмкіна

Зашчаміла сэрца, калі ўбачыла прысуд музыкам TOR BAND. Некаторыя песні гурта былі і ёсць сапраўднымі гімнамі пратэстаў. Час ад часу я іх пераслухоўваю, каб памятаць што я “не быдла, не са статку і не баязліўка” і абавязкова “стану мацней”, колькі б мяне не білі. Сіл на нянавісць да суддзяў не засталося. Ёсць толькі сілы паплакаць і ў Spotify пераслухаць іх плэйліст. Пакуль мы будзем слухаць, іх песні будуць жыць. Пакуль мы будзем памятаць, яны не памруць у забыцці за кратамі лукашэнкаўскай турмы.

“Жыве Беларусь у маім вялізным сэрцы
Жыве Беларусь, ёй ніколі не памерці
Жыве Беларусь, ёй жадаем лепшай долі
Жыве Беларусь і будзе жыць як не жыла ніколі”.
Жыве TOR BAND.

Рагачоўскіх музыкаў TOR BAND, аўтараў шэрагу пратэсных хітоў Яўгена Бурло, Дзмітрыя Галавача і Андрэя Ярэмчыка затрымалі разам з блізкімі 28 кастрычніка 2022 года. Падчас знаходжання ў турме ў музыкаў значна пагоршылася здароўе. Як адзначаў “Штодзень”, сілавікі авалодалі таксама акаўнтамі музыкаў, у выніку чаго былі выдаленыя на афіцыйным ютуб-канале кліпы з мільёнамі праглядаў. Акрамя гэтага, гітару лідара гурта канфіскавалі за “стварэнне экстрэмісцкага кантэнту”. Музыкаў судзілі па некалькіх артыкулах. Сярод якіх — “Распальванне сацыяльнай варажнечы” і “Абраза прэзідэнта”.

Штодзень 

Фота: з ФБ-акаўнтаў герояў публікацыі

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png