“Усе Смехавы – з Гомеля”

“Прозвішча Смехаў гучыць яўна не па-яўрэйску”. “Яно пранікла ў рускую мову з арамейскага або старажытнаяўрэйскага “смехá” (радасць, вяселле). Вось і атрымліваецца, што па прозвішчы я – старажытны яўрэй, а па жыцці – рускі артыст”, — казаў знакаміты акцёр Веніямін Смехаў у адным з інтэрв’ю.

Пры гэтым ён ніколі не цураўся сваіх гомельскіх каранёў і высветліў, што яшчэ ў 19 стагоддзі ў Гомелі жылі яго продкі Яўсей-Лейба Смехаў з жонкай Мірыям, у якіх было ажно 15 дзяцей. Сярод іх патомкаў і быў родны дзед акцёра па бацьку Маісей Якаўлевіч…

Веніямін Смехаў, фота: surganova.su

 

Мова Гомель сабрала цікавыя факты пра гомельскіх Смехавых, якія далі свету таленавітых майстроў, мастакоў, акцёраў і навукоўцаў.

ЯЎСЕЙ-ЛЕЙБА СМЕХАЎ ДЫ ЯГО НАШЧАДКІ

Пра Яўсея-Лейбу Смехава звестак асабліва ў адкрытых крыніцах няма. Мы скарысталіся інфармацыяй генеалагічнага форуму ВГД, на якім адзін са сваякоў творчай дынастыі Смехавых выклаў наступныя звесткі.

Яўсей-Лейба Смехаў нарадзіўся паміж 1825-1845 гадамі верагодна ў Гомелі, а памер недзе да 1900 года. Яго жонка – Мірыям Смехава паходзіла з ваколіц горада Нікалаева (1830/40 – 1922), у першым шлюбе стала ўдавой, другім шлюбам пабралася з Яўсеем-Лейбам, з якім і расцілі разам шматлікіх дзяцей. Сям’я жыла бедна і да дарослага ўзросту дажылі толькі дзевяць сыноў, сямёра з якіх выехалі ў ЗША і Германію яшчэ да рэвалюцыі. Памерла Мірыям Смехава ў Харкаве, куды паехала да свайго сына.

Мірыям Смехава, фота: geni.com

 

На дваіх сынах Яўсея-Лейбы і Мірыям, якія не выехалі, спыніўся падрабязней:

Майсей-Мендзель (1875 – 14.01.1935) – адзін з малодшых сыноў Яўсея Лейбы і Мірыям. У маладосці ён хацеў стаць равінам, але пасля рэвалюцыі кінуў вучобу і пайшоў працаваць на тытунёвую фабрыку. Ажаніўся з Рэвекай Гофман (меркавана ўраджэнкай Гомеля), з якой меў шасцёрых дзяцей. Бацькі Рэвекі – Данііл і Гіша Гофман – былі багатымі гомельскімі яўрэямі, якія валодалі ці то мануфактурай, ці то мануфактурнай крамай. А сястра Рэвекі – Хая Гофман – выйшла замуж за некага яўрэя Белкіна, які меў гадзіннікавыя майстэрні ў Гомелі, Адэсе і Санкт-Пецярбургу.

Веніямін Смехаў (н. пасля 1876 – памёр пасля 1930). Вядома толькі, што ён быў гадзіннікавым майстрам у Адэсе, меў жонку і двух сыноў, якія яго пакінулі, бо “не хацелі больш маліцца, а сыны ўступілі ў піянерскую арганізацыю”.

Дык вось Яўсей-Лейба Смехаў з’яўляецца братам Якава Смехава – прадзеда акцёра Веніяміна Смехава.

РОД БАРЫСА МАЙСЕЕВІЧА СМЕХАВА

У Якава Смехава нарадзіўся сын Маісей. Гэты Маісей Якаўлевіч Смехаў жыў у Гомелі, працаваў бухгалтарам і выхоўваў траіх сыноў: Барыса, Льва ды Яфіма, а таксама дачку Рахіль. Дарэчы, з дзяцей толькі малодшы сын Барыс (бацька Веніяміна Смехава) нарадзіўся ў самім Гомелі, а старэйшыя дзеці прыйшлі на свет у вёсцы Пятровічы Светлагорскага раёна.

Маісей Смехаў, фота: geni.com

 

У пачатку Другой сусветнай вайны сям’я Маісея Смехава выехала з Гомеля ў эвакуацыю. Старэйшыя сыны Яфім і Леў пайшлі ў мастацкую сферу. Так Леў Смехаў стаў вядомым мастаком-ілюстратарам. Пры гэтых у яго эскізах, як ранніх, так і позніх, можна знайсці вуліцы, будынкі і атмасферу Гомеля. Яфім Смехаў стаў галоўных мастаком цэнтральнага медыцынскага выдавецтва, а Барыс Смехаў – прафесарам, доктарам эканамічных навук.

Маісей Смехаў з сынамі Яфімам, Львом і Барысам, а таксама з сябрам Яфіма, Гомель 1919 г., фота: www.juedische-lebensgeschichten.de

 

Барыс Майсеевіч Смехаў нарадзіўся 28 снежня 1911 года (па старым стылі) у Гомелі. Ён быў малодшым дзіцём у сям’і. Пасля школы Барыс хацеў пайсці вучыцца на архітэктара, аднак яго не прынялі, бо ён не меў “рабочых каранёў”. Малады Барыс у выніку пайшоў працаваць на адну з гомельскіх будоўляў, а потым паехаў у Бірабіджан на Далёкім Усходзе.

Свабодныя землі Бірабіджана з 1928 года пачалі засяляць яўрэі, і ў 1934 годзе гэта тэрыторыя атрымала нават статус “Яўрэйскай аўтаномнай вобласці”.

Два гады Барыс Смехаў працаваў у Бірабіджане… трактарыстам, але паехаў у Маскву і стаў студэнтам рабочага факультэта планавага інстытута. Пасля навучання абараніў дысертацыю і ўзначаліў аддзел у Дзяржплане, які займаўся планаваннем развіцця савецкай эканомікі.

У 1938 годзе Барыс Смехаў ажаніўся на Марыі Шварцбург (яна была ўрачом-тэрапеўтам, загадчыцай аддзялення ў маскоўскай паліклініцы. Яе бацька паходзіў з-пад Кіева). І вось у 1940 годзе прыйшоў на свет сын Веніямін, а ў 1947 годзе – дачка Галіна.

Барыс і Марыя Смехавы з дзецьмі Веней і Галяй, 1951 г., фота: www.juedische-lebensgeschichten.de

 

Падчас Другой Сусветнай вайны Барыс Смехаў спачатку працягваў працу ў Маскве, хоць сям’я была ў эвакуацыі, а ў красавіку 1942 года яго прызвалі на фронт. Пасля вайны – зноў праца ў Дзяржплане і на розных пасадах, у тым ліку ў Казахстане. У міжчасе ён абараніў доктарскую дысертацыю і стаў прафесарам на кафедры планавання народнай гаспадаркі ў інстытуце імя Пляханава. Але… у сувязі з антысеміцкай кампаніяй быў вымушаны пакінуць інстытут, працягваў навуковую дзейнасць у іншых установах. Апублікаваў шэраг прац, распрацоўваў матэматычныя мадэлі аптымізацыі народнай гаспадаркі.

У 1990 годзе дачка Галіна разам з сям’ёй пераехала ў Германію і пасялілася ў горадзе Ахен, праз год да яе ў госці прыехалі і бацькі, але засталіся там надоўга. Барыс Смехаў яшчэ напісаў сваю аўтабіяграфію “Кол Нідрэ”, больш за 100 расказаў, да таго ж ён маляваў і выдатна граў у шахматы. Памёр Барыс Майсеевіч 8 кастрычніка 2010 года ў Ахене. У гонар яго стагоддзя ў плеханаўскім універсітэце ў Маскве ўрачыста адкрылі аўдыторыю і заснавалі стыпендыю яго імя.

ВЕНІЯМІН СМЕХАЎ

Акцёр, рэжысёр, сцэнарыст, літаратар Веніямін Смехаў вядомы сваімі шматлікімі яркімі ролямі ў тэатры і кіно, нарадзіўся 10 жніўня 1940 года ў Маскве.

Веніямін Смехаў з бацькамі пасля прэм’еры п’есы “Майстар і Маргарыта, 1977 г., фота: www.juedische-lebensgeschichten.de

 

Яшчэ школьнікам ён наведваў драматычны гурток, а пасля сканчэння школы ў 1957 годзе паступіў у Тэатральнае вучылішча імя Шчукіна. Пачаткі не былі лёгкімі (яго нават адлічылі з вучобы, бо быў занадта сарамлівы і невыразны), але хутка ён аднавіўся ў вучылішчы і пачаў сваю бліскучую кар’еру. Смехаў кажа, што вельмі вялікі ўплыў на выбар яго жыццёвага шляху аказаў “самы добры, вясёлы эрудыт дзядзя Лёва”.

Хоць нас цікавіць найперш тое, як знакаміты акцёр прыгадвае пра сваю сям’ю і гомельскую гісторыю роду. А менавіта размовы блізкіх пра Гомель – адны з самых яркіх дзіцячых успамінаў акцёра.

Пра бацькоў Веніямін Смехаў казаў так:

— Тата мой, вядомы эканаміст Барыс Майсеевіч Смехаў, па характары строгі і гняўлівы, а мама, Марыя Львоўна, наадварот, была саступлівая і мяккая. Працавала яна ўрачом-тэрапеўтам.. Да пачатку вайны мама скончыла толькі два курсы ў медыцынскім інстытуце – зусім дзяўчынкай была, а ў эвакуацыі пад Казанню ўжо працавала поўнавартасным урачом, абслугоўваючы параненых. (цытата з часопіса “7 дней”, № 23 (29.05.2008)

У інтэрв’ю “Камсамольскай праўдзе” ад 19 лютага 2019 года Веніямін Смехаў распавядаў:

— Я чалавек рускай культуры, рускі артыст і рэжысёр, але для мяне важна ўсё, што датычыцца крыві… Па яўрэйскіх паняццях тыя яўрэі, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, – гэта літвакі. У Беларусі ў яўрэяў – асаблівая культура, якая, мне здаецца, глыбейшая, чым у выхадцаў з украінскай часткі або з бесарабскай часткі Расійскай імперыі.

У архівах Веніямін Смехаў знайшоў і лісты свайго дзеда, Маісея Якаўлевіча, прачытаўшы якія зазначыў:

— Я стаў разумець, адкуль такая высокая ступень моўнай культуры ў старэйшых Смехавых і адкуль наша, мая ды Алікі, цяга да паэзіі, музыкі, старых песень. Усё – з Гомеля.

Веніямін Смехаў у ролі Атоса, адной з самых распазнавальных яго роляў у кіно, фота: k1news.ru

 

Распавядаў акцёр і пра тое, што ў доме заўсёды гучала імя вялікага псіхолага і літаратуразнаўцы Льва Выгоцкага і яго кніга “Псіхалогія мастацтва”:

— Дзядзе Яфіму даводзілася размаўляць з удавой Выгоцкага Розай Ноеўнай з гомельскіх Смехавых. Ён своечасова памёр у 1934-м сваёй смерцю, іначай Сталін дацягнуўся б сваёй рукою і да гэтага геніяльнага навукоўца. Але за межы дома ўсё гэта не выходзіла, бо ў тыя часы ў Саюзе квітнеў антысемітызм – слова “яўрэй” амаль не вымаўлялася.

У 1979 годзе, будучы ў Мінску на гастролях з Тэатрам на Таганцы, Веніямін Смехаў пазнаёміўся з выбітнымі беларусамі:

— У Мінску маё жыццё было звязана з незвычайнымі людзьмі – пісьменнікамі Васілём Быкавым, Алесем Адамовічам, скульптарам Анатолем Анікейчыкам, мастаком Барысам Заборавым…

 У асабісты жыцці Веніямін Смехаў быў двойчы жанаты. Ад першай жонкі Алы мае дзве дачкі – Алену і Аліку (актрыса і спявачка). Другая жонка – Галіна Аксёнава.

Веніямін Барысавіч Смехаў сыграў больш за сотню роляў у тэатры, кіно і на тэлебачанні, паставіў больш за 30 тэатральных і оперных спектакляў. Напісаў шэраг сцэнарыяў, мастацкіх і публіцыстычных твораў, агучыў шматлікія аўдыякнігі і фільмы. Ён надалей выходзіць на сцэну.

 

Штодзень

Крыніцы:

https://www.juedische-lebensgeschichten.de/person.asp?pid=38&lang=russ

https://evrejskaja-panorama.de/article.2020-08.samoe-luchshee-zanyatie-v-mire.html

https://forum.vgd.ru/?t=82343

Related posts

Сем фактаў пра веткаўскага краязнаўцу Аляксандра Нікіціна, якога асудзілі да калоніі за пратэсты

“Гомель – гэта маленькі Парыж”. Песні пра Гомель, якія вы маглі не ведаць

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь