На Крымскім мосце прагрымеў чарговы выбух. Загінула сямейная пара з Белгародскай вобласці, паранена іх дзіця, рух транспарту паралізаваны… Як бачна, ваенныя дзеянні ідуць поўным ходам і канца ім пакуль няма. Гарантаваць бяспеку, зразумела, ніхто нікому не можа.
Пры гэтым дзяцей з Гомеля за ўдзел у расейскіх прапагандысцкіх конкурсах і мерапрыемствах працягваюць заахвочваць “незабыўным адпачынкам у Артэку”.
Літаральна сёння пасля трагічнай навіны пра выбух на старонцы тэлеграм-канала “Рускага дома ў Гомелі” з’явілася наступнае паведамленне: “Усе нашыя рабяты шчасліва дабраліся да Артэка і адпачываюць на 100%. Неўзабаве будуць прыгожыя фатаграфіі. “Добразычліўцам” можна сказаць толькі адно –“вашымі малітвамі” (пазней першапачатковы допіс быў адрэдагаваны, але “Штодзень” захаваў паведамленне пра “добразычліўцаў” – Рэд.).
Пытанне аб адказнасці дарослых, якія адпраўляюць дзяцей у зону патэнцыйных баявых дзеянняў, застаецца адкрытым.