Калі вывучыць гісторыю пытання, то транспартнае пытанне ў Гомелі наспела даўно. У тым ліку мясцовыя чыноўнікі на сваіх нарадах не першы год абмяркоўваюць, што ў горадзе дагэтуль няма ўзаемадзеяння паміж дзяржаўнымі перавозчыкамі (гаворка пра «Гомельаблаўтатранс» і «Гарэлектратранспарт»). І гэта тычыцца не толькі маршрутаў, якія часта дублююць адзін аднаго (у адну кропку адначасова прыходзяць тралейбус і аўтобус, а потым паўгадзіны – ніводнага). Няма ў Гомелі і адзінага талона на аўтобус і тралейбус.
Днямі ў гарвыканкаме прайшла чарговая нарада, на якой у чарговы раз было вырашана праводзіць «планавую аптымізацыю маршрутнай сеткі горада». Калі дакладней – плануюць вырашаць пытанні нізкай напаўняльнасці асобных рэйсаў, дублявання маршрутаў, зносу рухомага саставу і дэфіцыту вадзіцеляў.
Акрамя таго, на працягу 2024 года да мінімуму плануюць звесці колькасць кандуктараў у аўтобусах, пры гэтым плануецца ўзмацніць кантрольна – рэвізорскую службу.
Дарэчы, пераход на бескандуктарную сістэму пачалі яшчэ з лютага 2021 года. Сёння на палове гарадскіх аўтобусных маршрутаў кандуктараў ужо няма. Талоны можна набыць у кіроўцаў і ў кіёсках «Гарэлектратранспарт», «Табакерка» і «Белсаюздрук». Таксама праезд можна аплаціць праз электронныя сістэмы аплаты.
Па вопыце іншых абласных цэнтраў для максімальнай зручнасці пасажыраў таксама ў Гомелі плануюць увесці адзіны талон на аўтобусы і тралейбусы.