Капітальны рамонт участка аўтадарогі М10 мяжа Расейскай Фэдэрацыі (Селішча) – Гомель – Кобрын планавалі пачаць яшчэ ў 2019 годзе. Тады тагачасны першы намеснік міністра транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка адзначаў, што праект складаны, рэканструкцыя будзе доўжыцца два гады, а эксплуатацыя дарогі мусіць трываць 20 год. Праект мусіў быць дзяржаўна-прыватны. Планавалася далучыць да яго інвестараў з краін ЕС, Карэі, Кітая ці Турцыі. Аднак у 2019 годзе пачаць рамонт не атрымалася, потым у 2022 годзе здарыўся напад на Украіну з тэрыторыі Беларусі і пра інвестараў з ЕС ці Карэі гаворкі весціся не магло.
Пра важнасць участка аўтадарогі М10 граніца Расейскай Фэдэрацыі – Гомель – Кобрын казаў улетку Лукашэнка, падкрэсліваючы, што гэтая дарога важная, бо “мы перахапілі патокі з Украіны”. Капрамонт участка гэтай трасы ў Рэчыцкім раёне распачаўся ў межах рэалізацыі дзяржаўнай праграмы “Дарогі Беларусі” на 2021- 2025. Аднак, не паспеўшы распачацца, з’явіліся нараканні на якасць рамонту. У выніку ў сакавіку гэтага году пракуратура адкрыла крымінальную справу. І адкрыла яна справу пасля крытычных выказванняў у інтэрнэце наконт кепскай дарогі. Тады якасць дарогі паўплывала да ўзнікнення 26 аварый з механічным пашкоджаннем колаў.
На лаве падсудных у судзе Цэнтральнага раёна – дырэктар Гомельскага дарожна-будаўнічага ўпраўлення №17 Дзмітрый Лазарэнка і былы галоўны інжынер “Гомельавтодор” Сяргей Канакоў. Дарожнікаў абвінавачваюць па артыкулах “Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі”, “Атрыманне хабару”, “Службовы падлог”. І ў тым, што яны падпісалі акты выкананых прац, калі тыя яшчэ былі не зробленыя.
Былы галоўны інжынер “Гомельаўтадор” Сяргей Канакоў працаваў на гэтым прадпрыемстве з 1992 года. У 2013 года стаў галоўным інжынерам “Гомельаўтадор”. Гомельскі дарожна-будаўнічы трэст №2 пад кіраўніцтва Дзмітрыя Лазарэнкі яшчэ год таму, у верасні 2023, удзельнічаў у рэканструкцыі дарогі М3 Мінск-Віцебск.