Навіны горада

У Гомелі медыкаў, якія знічшылі больш за 92 тысяч доз вакцынаў ад COVID-19 і грыпу, пакаралі «хатняй хіміяй»

Па звестках следства, пад час вакцынацыі медыкі займаліся прыпіскамі, а лішнія вакцыны знішчалі. Справа цягнулася больш за два гады з красавіка 2021 года па травень 2023-га, але стала пра яе вядома толькі калі расследаванне было завершанае ў лістападзе 2023 года.

Схема, як паведамляецца ў справе, была наступная: загадчыца аддзялення прафілактыкі адной з гарадскіх паліклінік і старэйшая медсястра давалі падначаленым «незаконныя ўказанні пра завышэнне звестак пра аб’ёмы зробленых вакцынацый». Медсястра «лішнія» порцыі знішчала. Кошт згубленага ацанілі ў прыкладна 2,7 мільёна рублёў.

Першым двум медыкам прад’явілі абвінавачванне ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў, медсястры – ў дапамозе ім. Да суда яны ўсе знаходзіліся на волі пад асабістай парукай, пад час працэсу цалкам прызналі віну.

Сёння Чыгуначны суд Гомеля пакараў загадчыцу аддзялення і старэйшую медсястру пяццю гадамі «хатняй хіміі», а месястру – чатырма. Таксама яны павінны будуць салідарна аплаціць шкоду, выніковым атрымальнікам грошаў будзе гомельскі гарадскі савет дэпутатаў.

Штодзень