У кароткай нататцы “Гомельскіх ведамасцяў”, да якой дзяржпрапагандысты прыклалі адразу некалькі “ўзрушваючых” свядомасць фотаздымкаў, сказана, што ў сярэдняй школе №74 прайшлі ваенна-патрыятычныя мерапрыемствы, што ўдзел у іх прынялі выхаванцы “прышкольных лагераў № 66, 67 і 72”, і што за пераадоленне 8 перашкод дзецям давалі салодкія падарункі.
Здзіўляе тое, што правядзенне гэтых гульняў, акрамя педагогаў, кантралюе рэальны вайсковец у форме, што дзяцей вучаць аддаваць гонар, што ў рукі ім даюць сапраўдныя патроны і што на дзяцей прымяраюць ваенную форму. І гэта яшчэ да канца не зразумела, пра што ім падчас гэтых “гульняў” распавядаюць. І калі да дзяцей прэтэнзій быць не можа (яны непаўналетнія і не ўсведамляюць поўнай сутнасці і прычыны таго, што адбываецца), то да педагогаў і тых самых вайскоўцаў узнікае мноства пытанняў. На тое, што такія мерапрыемствы павінны праводзіцца выключна са згоды дарослых яны, мабыць, забыліся.