Гомельцы занепакоеныя раптоўнымі работамі на маштабным пано “Гомель у часе” аўтарства вядомага мастака-манументаліста Уладзіміра Еўтухова.
З фотаздымкаў, якія публікуюць гомельцы ў сацсетках, бачна, што фактычна знішчаная адна з частак вялікага пано з выявай рысі і заснавальнікаў горада. Ад пазнавальнай мастацкай работы ў рэдкай цяпер тэхніцы сграфіта засталіся толькі груды тынкоўкі. Гарадское кіраўніцтва не праінфармавала належным чынам пра планы на дадзены мастацкі аб’ект.
Пано “Гомель у часе” было створанае ў 1990-х гадах мастаком Уладзімірам Еўтуховым у самым цэнтры горада, насупраць бібліятэкі імя Герцэна. Аўтар рэалізаваў сваю творчую задуму дзякуючы перамозе ў адмысловым конкурсе Дзяржаўнага фонду.
Уладзімір Еўтухоў нарадзіўся ў 1948 годзе ў пас. Вішэнскі Гомельскага раёна. Вучыўся ў Мінскай мастацкай вучэльні і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Адным з ягоных настаўнікаў быў вядомы мастак Гаўрыіл Вашчанка. У Гомелі ён выканаў шэраг манументальных работ (роспісы, вітражы, інтэр’еры). Ягоныя працы можна ўбачыць у будынку чыгуначнага вакзала, палаца моладзі “Гомсельмаш”, Палаца культуры шклозавода імя Ламаносава, абласной бальніцы, радыелагічнага цэнтра і іншых адміністрацыйных будынках.
Спадзяемся, што пано Уладзіміра Еўтухова не паўторыць лёс шматлікіх манументальных дэкаратыўных прац у Гомелі, якія былі знішчаныя падчас “рэстаўрацый”.