У Гомелі чыноўнікі знайшлі 267 закінутых дамоў

by ZB

Парадак продажу дамоў, якія ўлады прызнаюць закінутымі, у Гомелі і Беларусі стаў сістэмным. Для таго каб будынак аказаўся ў спецыяльным рэестры, дастаткова, каб камісія з чыноўнікаў праехала міма і візуальна вырашыла, што ў ім доўгі час ніхто не жыве.

У вобласці ўсяго амаль 3898 дамоў (больш за ўсё ў Беларусі) прызнаныя закінутымі, за сёння дадалі 31 новы, паведамляецца ў рэестры. Сярэдні кошт прададзенага дому пры гэтым адзін з самых нізкіх у Беларусі – 685 рублёў.

З 267 дамоў у Гомелі (амаль палова – 128 – у Савецкім раёне), якія сёння ў гэтым спісе, статус «да продажу» не атрымаў ніводны.

Алгарытм канфіскацыі дома для продажу распавяла дзяржаўнаму выданню «Белка» прадстаўнік адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля Таццяна Уладзімірава.

  1. Камісія прызнае дом закінутым па візуальных прыкметах.
  2. Пачынаецца пошук уласніка «праз суседзяў, міліцыю, натарыусаў і гэтак далей».
  3. Пры станоўчым зыходзе накіроўваецца прадпісанне аб тым, што дом хочуць прызнаць пустым, і просяць паведаміць аб намерах або іх адсутнасці выкарыстоўваць дом па прызначэнні.
  4. Цягам месяца чакаюць адказ.
  5. Калі не атрымліваюць звесткі пра пусты дом, публікуюць у СМІ і на афіцыйным сайце адміністрацыі.
  6. Калі па-ранейшаму няма рэакцыі, падаецца пазоў у суд пра прызнанне дома безгаспадарным.

У Савецкім раёне пры гэтым да суда, зносу і продажу дома сітуацыя даходзіла ў адзінкавых выпадках, сцвярджае Уладзімірава. Пры гэтым у гарвыканкаме паведамілі пра чатыры выпадкі продажу дамоў з рэестра закінутых дамоў, іх прадалі праз аўкцыён (два ў Чыгуначным, і па адным у Цэнтральным і Навабеліцкім раёнах). Іх прадалі толькі з чацвёртай спробы, калі стартавы кошт (ён не называецца) быў зніжаны на 50 працэнтаў.

Іншая сітуацыя з участкамі, якія канфіскуюць, бо там не пачалі будаўніцтва. Такіх у Гомелі за год бываюць 30 выпадкаў. Начальнік упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Гомельскага гарвыканкама Андрэй Марозаў той жа «Белцы» распавёў, што «попыт ёсць», «бывалі выпадкі, калі адначасова на адзін лот прэтэндавалі 10 і больш удзельнікаў».

Як сцвярджаюць гарадскія ўлады, Гомель з’яўляецца адзіным горадам у краіне, дзе поўнасцю ліквідавана чарга на зямельныя ўчасткі пад індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва. Гэта ўжо адбілася на кошце. У горадзе ўчасткі прадаюцца ад 30 да 60 тысяч рублёў, тады як у іншых абласных цэнтрах яна не апускаецца ніжэй за 100 тысяч. Складана сказаць, ці можна гэта залічыць у дасягненні, ці гэты факт указвае на нізкі попыт на зямлю.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png