У Чысты чацвер на Палессі праводзілі абрад «споведзі дзяжы»

by homieldays

13 красавіка па народным календары – Чысты чацвер. Ён жа – Вялікі чацвер, Страсны і Прачысты. Згодна з царкоўным статутам, у гэты дзень вернікі праводзяць апошнюю падрыхтоўку перад святкаваннем Хрыстова Уваскрэсення. Для нашых продкаў гэта быў адзін з самых важных дзён у годзе з мноствам прыкмет і абрадаў, бо яны верылі: як гэты дзень правядзеш, што зробіш, так увесь астатні год і складзецца.

Ачышчалі дом, цела, душу і праводзілі сямейную «Таемную вячэру»

Паводле біблейскага падання, за тры дні да распяцця Ісус сабраў апосталаў на Таемную вячэру. У сваіх вучэннях Хрыстос сцвярджаў, што трэба весці пакорны лад жыцця і любіць бліжняга. У той вечар Збаўца абмыў ногі прысутным, падзяліў з імі хлеб з віном і прадказаў здраду Юды.

Таму і нашы продкі сустракалі Чысты чацвер у чысціні цела, душы і дома. У гэты дзень прынята цалкам вымыцца яшчэ да світання, каб быць чыстымі і здаровымі ўвесь год, прыбраць і вымыць усё ў хаце і абавязкова схадзіць у царкву, каб прычасціцца і духоўна падрыхтаваць сябе да чаканага свята.

Фота: http://nashkraj.info/

 

У чацвер Страснога тыдня таксама пяклі булкі і фарбавалі яйкі, а на Палессі ў гэты дзень аж да ХХ стагоддзя праводзілі сакральны абрад «споведзі дзяжы». Фалькларыст Андрэй Тапаркоў у сваіх працах адзначае, што гэты рытуал быў вядомы не толькі на Усходнім Палессі, але і на Гарадзеншчыне і Магілёўшчыне.

Як праходзіў гэты абрад? З самай раніцы дзяжу старанна мылі, накрывалі ручніком, зверху клалі хлеб, соль, зноў накрывалі, абвязвалі чырвоным поясам і выстаўлялі на слупе варот альбо ў куце двара. Пакінуўшы дзежку ў патрэбным месцы, гаспадыня абавязкова абмятала венікам вакол хаты, каб «ніякая дрэнь у дом не залазіла». Сэнс рытуалу вынасу хлебнай дзежкі заключаўся ў напаўненні яе сілай вясновага сонца і ажыўшай прыроды. Таксама лічылі, што дзежку трэба вынесці на двор «каб Бог яе ўбачыў». Як толькі сонца сваімі першымі прамянямі «бласлаўляла» дзежку, яе забіралі ў дом і замешвалі пшанічнае цеста, каб ўвечары, падчас сямейнай «тайнай вячэры” з’есці хлеб, выпечаны з «блаславенай» дзежкі.

Фота: http://set.ethno.by/

 

Мылі вокны з манетай і прыносілі ў дом асаблівую свечку

У Чысты чацвер нашыя продкі выконвалі і мноства іншых рытуалаў.

Так, напрыклад, вокны стараліся мыць вадой, у якой ляжала манета. Верылі, што гэта спрыяе нябеднаму існаванню аж да наступнага Вялікага чацвярга. Ваду пасля мыцця вокнаў абавязкова вылівалі пад дрэва, а манеты хавалі ў зацішнае месца.

Вялікае значэнне ў гэты дзень нашы продкі надавалі сустрэчам, якія здараюцца ў Чысты чацвер.

Да прыкладу, калі з раніцы першай бачылі старую жанчыну, лічылася, што гэта нядобры знак – быць бядзе. Калі мужчыну з сабакам – да здзяйснення запаветнага жадання, дзіця ці немаўля – да жыццёвых пременаў, дзяўчыну ці маладую жанчыну – на шчасце ў сямейным жыцці.

Калі булкі, якія гаспадыні выпякалі ў Чысты чацвер, атрымліваліся пышнымі і румянымі – да поспеху і багатай ежы на стале да наступнагв Вялікадня.

З царквы ў Вялікі чацвер абавязкова прыносілі запаленую свечку. Яе запальвалі падчас службы, не тушылі і так неслі дадому. Паводле павер’я, гэтая свечка дапамагала ачуняць хворым.

У Вялікі чацвер абавязкова гатавалі «чацвярговую» соль: заварочвалі ў тканіну і перапякалі ў печы, дадавалі квасную гушчу, пасля чаго соль станавілася цёмна-бурага колеру. Нашыя продкі верылі, што чацвярговая соль ачышчана ад брыдоты, то бок ад дотыку рукі здрадніка Юды, і валодае цудадзейнымі якасцямі ажно да наступнага Чыстага чацвярга.

А яшчэ ў Чысты чацвер стараліся мала гаварыць, даравалі адно аднаму, маліліся за здароўе блізкіх і шчыра верылі, што гэты дзень лёсавызначальны для ўсяго наступнага года.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png