Навіны горада

Ілля Міронаў распавёў “Штодню” пра бяспеку ў сацсетках на ўласных прыкладах і даў парады, як пазбегнуць арыштаў

Праўладныя каналы палохаюць беларусаў: “Супрацоўнікі міліцыі ў online-рэжыме адсочваюць інфармацыю экстрэмісцкага і дэструктыўнага характару, якая публікуецца ў месенджарах і сацыяльных сетках, і аператыўна ўсталёўваюць зламыснікаў. Пазбегнуць адказнасці не атрымаецца!” Уладаахоўнікі нават прыводзяць статыстыку, згодна якой толькі за 1 месяц ГУБАЗіК “адпрацаваў” больш за 700 чалавек.

Найбольш шырока апошнім часам для пераследу іншадумцаў выкарыстоўваецца артыкул 19.11 КоАП РБ (Распаўсюджанне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць…).


Ілля Міронаў:

Я не прыгадваю, каб людзей судзілі  паводле артыкула 19.11 КоАП раней за восень 2021 года. Відаць, з гэтага часу гэты артыкул і стаў масава выкарыстоўвацца. Што да мяне асабіста, то, вызваліўшыся з гомельскага СІЗА-3, ужо на першай прафілактычнай размове я сутыкнуўся з гэтым артыкулам. Тады мяне затрымалі і склалі пратакол аб адміністрацыйным затрыманні менавіта за “лайкі” пад пастамі “экстрэмісцкага зместу”. У адным з пастоў была проста спасылка на канал, які ўлады прызналі экстрэмісцкім. Пасля гэтага я тройчы прыцягваўся па гэтым артыкуле: за падпіску ў сацсетцы Укантакце, за “лайкі” супольнасцей.

Я хацеў бы звярнуць увагу на гэтую праблему, якая існуе і штодня дзясяткі людзей па ўсё краіне затрымліваюцца, суды іх караюць штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі. Я сам пацярпеў некалькі разоў праз гэта і шмат маіх сяброў былі прыцягнутыя да адказнасці, прычым часта людзі трапілі пад пераслед за тое, што размяшчалі матэрыялы задоўга да жніўня 2020 года.

Каб мінімізаваць рызыку, трэба пільна праглядзець і праверыць інфармацыю ў сваіх сацыяльных сетках і ютубе, калі трэба, можна выдаліць нейкія матэрыялы, за якія могуць прыцягнуць. Звярніце ўвагу на свае падпіскі на супольнасці, лайкі і рэпосты, лагатыпы на фотавыявах, відэа і г.д. Спіс матэрыялаў, прызнаных МУС экстрэмісцкімі, пастаянна публікуецца на іх сайце і праўладных каналах. Спадзяюся, што мае парады дапамогуць каму-небудзь!