У абласной дзяржпрапагандзе занятыя больш 500 чалавек, моладзь заставацца працаваць не хоча

by ZB

Лічбы па сітуацыі ў дзяржСМІ ў Гомельскай вобласці былі агучаныя на нарадзе з кіраўніком аблвыканкама Іванам Крупко. Ён даручыў да 1 ліпеня закрыць вакансіі ў раёнках за кошт удзельнікаў клубаў юных журналістаў.

Фота: ZN.UA

Што вядома

ДзяржСМІ агучылі наступныя лічбы: у друкаваных газетах працуюць 390 чалавек, з іх 185 кіраўнікі і «творчыя супрацоўнікі». На сайтах – 168 чалавек, «творчыя супрацоўнікі» – 93.

Гомельскія дзяржСМІ ідуць насуперак сусветным трэндам, адпаведна з якімі скарачаюцца друкаваныя медыя, а электронныя растуць: за пяць год (з 2019 года) у друкаваных выданнях людзей стала ўсяго на 0,6% меней, а на сайтах і тэлеграм-каналах – на 16,4%.

На сёння адсправаздачыліся, што не хапае 33 чалавек у 18 рэдакцыях.

Карыснай «лазняй» для дзяржСМІ, як заявілі на нарадзе, стаў 2020 год, там прызналі, што «адбылося перафарматаванне галіны», адзначылі рост «колькасці аўтарскіх праектаў», «грамадска-палітычных» матэрыялаў. Як вядома, гэта на «новамове» ўладаў і ёсць прапаганда.

Лічбы звальненняў пасля 2020 года асобна не называлі.

Што збіраюцца рабіць

ДзяржСМІ вельмі хочуць, каб на працу да іх прыйшла моладзь. Як мінімум таму, што працаваць яна ў іх не хоча: па іх звесткам, па выніках 2023 года засталіся (хіба пасля размеркавання) усяго 33% маладых спецыялістаў, і гэта значна горш, чым у 2022 годзе.

На нарадзе ў Крупко прыгадалі пра клубы юнага журналіста, у якіх удзельнічаюць больш 160 чалавек. Як прыклад прыводзяцца ўстановы пры самых буйных мясцовых прапагандысцкіх медыях: «Гомельскай праўды» і «Беларусь-4. Гомель».

Менавіта там Крупко хоча знайсці «самародкаў», бо «таленавітых людзей у вобласці хапае». Ён даручыў закрыць вакансіі ў рэгіянальных дзяржСМІ да 1 ліпеня.

Акрамя таго, улады анансавалі адкрыццё мясцовага профільнага факультэта ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце «з упорам на камп’ютарныя тэхналогіі». Такога ў рэгіёне яшчэ не было, у гісторыі ёсць толькі адпаведныя спецыялізацыі на філалагічным факультэце.

Крупко таксама адначыў, што раёнкі – сімвалы рэгіёнаў, ім «падставіць плячо» павінна раённая ўлада: падпіскамі, рэкламай і ўдзелам у супольных праектах.

Калі расшыфраваць мову чыноўнікаў, такім чынам будуць спрабаваць запоўніць прабелы ў фінансаванні. А профільным факультэтам – ажывіць не толькі раёнкі, супрацоўнікі якіх працуюць там дзесяцігоддзямі, але і сітуацыю з наборам у ГДУ. Хаця па сённяшніх часах назва «Прапагандысцкі» будзе адпавядаць яго задачам лепей чым «Журналісцкі».

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png